Знайсці
15.08.2012 / 17:2412РусŁacБел

Белаазерск—Заслаўе — 1:0

Гарадам-спадарожнікам ёсць чаму павучыцца ў горада энергетыкаў.

Упершыню Белаазерск я наведаў восем год таму. Цяпер бываю тут рэгулярна, але не нагэтулькі часта, каб не заўважаць перамены, якія перажывае гэты гарадок. Паміж ім і Мінскам адлегласць у дзясятак разоў большая, чым між сталіцай і гарадамі-спадарожнікамі. Аднак уладам Заслаўя і Фаніпаля ёсць чаму павучыцца ў горада энергетыкаў.

У 2005 годзе Белаазерск нагадаў мне Навагрудак узору сярэдзіны 90-х. Цэнтр, забудаваны ў 50-я ў тры і чатыры паверхі, кампактны мікрараён шматпавярховікаў на ўскраіне і бясконцы прыватны сектар, які патанае ў зеляніне.

Усё гэта захавалася ў Белаазерску і зараз, але горад не стаяў на месцы гэтыя гады. У 2008-м ён адсвяткаваў 50-годдзе.

Да свята горад па сучаснай беларускай традыцыі спехам адрамантавалі і, здавалася, што недаробленае, тое што хаваецца ад чужога вока ў дварах і на ўскрайках, так і будзе чакаць да наступнага юбілею. Выйшла ж наадварот.

Горад толькі прыгажэе год ад году. Цэнтральныя вуліцы і праспект Міру ўпрыгожваюць клумбы. Цэлыя кветнікі можна назіраць на балконах жылых дамоў.

Тут шмат дрэваў, і не толькі за кошт парка і сквера, а проста на вуліцах. У дварах з’явіліся новыя дзіцячыя пляцоўкі, мноства лавачак. Дзясяткі лаваў стаяць ўздоўж праспекту.

Прываблівае вока разметка дарог. «Ляжачыя паліцэйскія» пафарбаваныя ў жоўты колер, іх цяжка прапусціць, як гэта часта можна назіраць у Заслаўі. Да пешаходных пераходаў вядуць намаляваныя белай фарбай адбіткі ступакоў.

Асобнае слова пра мясцовыя крамы. Асартымент і цэны месцамі нагадваюць мінскія гіпермаркеты. Прычынай тут, магчыма, адчынены на днях дыскаўнтар «Дабраном». У суседняй Бярозе такая крама пад Новы год нагандлявала на мільярд рублёў, «адцягнуўшы» ў дзяржаўных канкурэнтаў каля 300 мільёнаў.

Белаазерскія гандляры пачалі набываць кватэры на першых паверхах, каб адчыняць там свае крамы. Ужо сёння працуе кандытарская крама, на чарзе — крамкі дзіцячай вопраткі і побытавай хіміі. Разлік тут просты: арандаваць гандлёвую плошчу дорага; выкупленае, адрамантаванае і выведзенае з жыллёвага фонду памяшканне хутка акупіцца.

Натуральна, ёсць у Белаазерску і свае праблемы. Вуліца Глінскага дагэтуль без асфальту, і гэта цягнецца не першы год. Не хапае месцаў для паркоўкі ў дварах — застаўленыя аўтамабілямі газоны і дзіцячыя пляцоўкі тут звыклая справа. Відавочна не хапае забаўляльных установаў. Будзем спадзявацца, што горад справіцца і з гэтымі пытаннямі.

У чым жа сакрэт поспеху Белаазёрска? Мясцовыя кажуць, што горад трымаецца дзякуючы прамысловасці. Тут працуе Бярозаўская ДРЭС, энергамеханічны завод, абутковая фабрыка «Белкельме».

Падсумоўваючы, скажу, што менавіта такім мне і ўяўляецца прысталічны горад. З дагледжанымі вуліцамі і ўтульнымі дварамі. З мноствам дрэваў, якія гарантуюць адпачынак ад сталічнага куродыму. З сучаснымі, а не «савецкімі» крамамі. Горад, у якім хочацца жыць.

Сямён Печанко

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031