Знайсці
08.08.2012 / 09:3568РусŁacБел

Беларусь закрывае пасольства ў Швецыі, патрабуе таго ж ад шведаў

Канец «палітыкі ўцягвання»?

МЗС Беларусі закрывае сваё пасольства ў Швецыі і патрабуе ад Стакгольма, каб ён зрабіў тое самае да 30 жніўня.

Аднак разрыву дыпламатычных адносін пакуль не адбылося.

Так лукашэнкаўцы зрэагавалі на рашэнне МЗС Швецыі аб высылцы са Стакгольма двух беларускіх дыпламатаў у адказ на адмову працягнуць акрэдытацыю шведскаму паслу ў Мінску Стэфану Эрыксану.

Беларускі бок зыходзіць з таго, што ўсе супрацоўнікі шведскай амбасады ў Беларусі з 30 жніўня страцяць свой статус, гаворыцца ў заяве МЗС.

Швецыя адкрыла сваё пасольства ў Беларусі ў рамках еўрапейскай канцэпцыі падтрымкі незалежнасці Беларусі.
Заходнія краіны лічылі, што дыпламатычныя пляцоўкі ў Мінску падмацоўваюць прызнанне Беларусі як незалежнай дзяржавы і спадзяваліся такім шляхам пашырыць сувязі рэспублікі з Еўропай.

Першым паслом Швецыі стаў эмблематычны дыпламат Стэфан Эрыксан.
Ён свабодна гаворыць па-беларуску. У ім было мала ад тыповага дыпламатычнага работніка. Адкрыты, публічны, ён быў усюдыісны і быў увасабленнем іншай палітычнай культуры, іншага стылю працы дзяржслужачага.

Эканамічныя сувязі Беларусі са Швецыяй не былі асабліва вялікімі. Зрэшты, аб’ёмы гандлю закшкальваюць толькі з тымі еўрапейскімі краінамі, што імпартуюць з Беларусі нафтапрадукты.

Пры гэтым Швецыя не хавала сваёй падтрымкі правоў чалавека, рэпрэсаваных, грамадзянскай супольнасці. Эрыксан прысутнічаў на судах над палітвязнямі. У пасольстве Швецыі пераможца «Еўрабачання» Ларын сустрэлася з жонкай зняволенага Алеся Бяляцкага.

А перадусім Эрыксан інтэнсіфікаваў грамадскія і культурныя сувязі.
У Швецыі пабывалі сотні навукоўцаў, чыноўнікаў, артыстаў, журналістаў, настаўнікаў, у Беларусь прыязджалі дзясяткі шведаў. Зусім нядаўна пасольства Швецыі пераехала ў новы прасторны будынак на вуліцы Рэвалюцыйнай у старым горадзе сталіцы.

Гэта была «палітыка ўцягвання» ў яе чыстым выглядзе.
Еўрапейцы спадзяваліся пакрыёма «ўцягнуць» Беларусь у еўрапейскія працэсы, у еўрапейскі мэйнстрым, заразіць беларусаў, у тым ліку лукашэнкаўцаў, жаданнем жыць так, як жывуць еўрапейцы — як у сэнсе дабрабыту, так і законаў. Дыпламаты Еўрасаюза сыходзілі з таго, што лукашэнкаўскія эліты зацікаўленыя ў балансаванні між Расіяй і Еўропай. Што іх клапоціць устойлівасць нацыянальнай незалежнасці.

Высылкай пасла Эрыксана Беларусь пачала новы дыпламатычны канфлікт з Еўрасаюзам.
Мінск патрабуе ад еўрапейцаў адмовы ад падтрымкі апазіцыі. Гэта ставіць еўрапейскія сталіцы перад складаным выбарам. Еўрапейцы ўсяляк стараліся ўнікнуць абвастрэння адносін. А цяпер перад імі дылема: або страціць твар, або страціць прысутнасць. У апошнім выпадку «палітыка ўцягвання» робіцца немагчымай.

Мікола Бугай

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031