Знайсці
17.01.2011 / 11:3412РусŁacБел

(…), (…), (…)

Наталка Бабіна. Запіскі вясковай аптымісткі.

Наталка Бабіна. Запіскі вясковай аптымісткі.

З таго, што ўразіла

У прыватных размовах працаўнікі дзяржаўных каналаў не хаваюць, што іх выкарыстоўваюць, як, па іх выразе, гандоны, і што насамрэч яны ведаюць рэальную сітуацыю.

Ноччу пасля Плошчы ў іх забралі касеты і вярнулі пачышчанымі; раніцай, калі іх прывезлі на пустую Плошчу, яны бачылі, як там раскладаюць арматуру, каб выглядала маляўніча.

Дык чаго ж вы маўчыце?

«Нас трыццаць чалавек, адзін рыпнуўся — дык ён больш не працуе. Баімся страціць працу».

Ну і ну!

Што за інфантыльнасць!

А 29 астатніх чаму не сказалі: «Калі так, то звальняйце нас усіх!» Ды такая салідарная каманда была б знаходкай для «Белсата»! — калі б, канечне, усіх трыццаць так-такі наважыліся звольніць.

Ад асенізатараў да прафесараў

У апошнія дні паслявыбарчыя падзеі абмяркоўвала з шырокім колам людзей — ад асенізатараў да прафесараў.

І адны («Ды хто за яго галасаваў?»), і другія («Відаць, давядуць да таго, што рэзідэнцыю ўсё ж спаляць. Шкада, архівы прападуць!») надалі мне натхнення.

Але самымі аптымістычнымі былі размовы са студэнтамі: «Калі яе будуць спрабаваць выключыць, мы ўсе падаём заявы на выключэнне!»

Як вы думаеце, ці наважацца выключыць усю групу — каб вось так адразу ўсім спісам яна перавялася ў Ягелонскі ўніверсітэт?

Вось гэта неінфантыльнасць!

Вось гэта салідарнасць.

Вучыцца трэба і пераймаць у маладых.

Ці, дарагія дзяржаўныя журналісты, гэтыя шаснаццаць гадоў цалкам выпалілі ў вас сумленне і імкненне забяспечыць нармальнае — чалавечае — жыццё вашым дзецям?

Не веру ў такое.

Пасміхніцеся: «Біўся з кацячым АМОНам»

Вядома, мы стараемся адгарадзіць дзяцей ад палітыкі.

І калі мы вялікай кампаніяй ідзём на Плошчу, дзеці застаюцца дома спяваць песенькі і есці аладкі пад прыглядам клапатлівай бабулі.

Тым не менш, агарадзіць іх цалкам ад жыцця не ўдаецца (ды і не варта).

…Пасля чарговай ночы кот вяртаецца дадому з акрываўленымі лапамі і драпінай пад вокам.

Шасцігадовы Тарас прыпячатвае:

— Відаць, у катоў былі выбары, і Барсік біўся з кацячым АМОНам.

Пры Гітлеру такога не было

Вечарам пазваніў спадар Арлоў і прапанаваў раніцай прыехаць да Генпракуратуры — падпісаць заяву пра перавод кандыдата Някляева — не трэба называць іх экс-кандыдатамі, яны застаюцца кандыдатамі — у шпіталь.

Едучы раніцай у Горад, звярнула ўвагу: пад мостам кальцавой стаяць салдаты.

Ну, стаяць і стаяць — ці мала што.

Вяртаючыся дамоў на маршрутцы пасля падачы заявы, заўважыла пад іншым мастом — зноў стаяць салдаты.

Без усялякай «задняй мыслі» (як гавораць нашы расійскія браты) папыталася ў прысутных у маршрутцы — а было нас там пяць чалавек: «А што за такое, чаму цэлы дзень салдаты пад мастамі стаяць?»

— Дык гэты (не для друку) Лукашэнка (не для друку) гэтай дарогай (не для друку) у санаторый паехаў, — адразу ж праясніла сітуацыю жанчынка сярэдняга веку, гандлярскага выгляду, прытрымліваючы торбы з прадуктамі. — У нас жа служба аховы прайшла па ўсіх дварах з сабакамі, усіх папярэдзіла, каб не высоўваліся, бо будзе агонь на паражэнне. Каб (не для друку) нікога на вуліцы і відно не было (не для друку). Пры Гітлеру такога не было!

Хлопец насупраць, у адрозненне ад мяне, не прыгаломшаны бойкасцю выразаў кабеткі са Жданоў. Ён рэагуе хутка:

— Перш чым выбіраць прэзідэнта, трэба кандыдатаў на шызафрэнію правяраць.

— Дык Лукашэнку народ і не выбраў, толькі каля трыццаці працэнтаў за яго прагаласавала, — устаўляю я свае пяць капеек.

— (Не для друку), (не для друку), (не для друку), — гаворыць кабетка.

— Карацей, усе на Плошчу! — смяецца кіроўца, націскаючы на тормаз на канцавой.

Нешта мне падказвае, мы там сапраўды яшчэ ўсе сустрэнемся.

Маральнае пачуццё народа не задушана тымі, хто б’ецца з народам насмерць за свае трыццаць сярэбранікаў (дзевяць мільярдаў даляраў).

І калі сп. Праляскоўскі вінаваціць у паразе дзяржпрапаганды незалежныя СМІ, мне хочацца нагадаць яму прымаўку нашых расійскіх братоў: «Няма чаго на люстра ківаць…»

І гэтую крывую морду людзі добра бачаць нават без люстра.

Сілам д’ябла на гэтым этапе не ўдалося перамагчы дабро.

Чаго хачу

Хачу, каб як мага хутчэй нашае грамадства самаарганізавался і вынайшла форму падтрымкі для тых, хто зараз сядзіць у КДБ.

Мы за іх галасавалі. Мы ж іх не кінем у бядзе? Мусім вынайсці найэфектыўнейшую форму іх падтрымкі і абароны.

Збіраць подпісы за вызваленне, як раней збіралі за вылучэнне кандыдатамі? Дапамагаць матэрыяльна іх сваякам? Мне падаецца, трэба было б гэта рабіць.

Вельмі хвалююся за Статкевіча: пасля яго смелых і праўдзівых словаў хоць бы яго там не катавалі…

У Міхалевіча некалькі месяцаў таму нарадзілася другое дзіця…

Рымашэўскі і Севярынец, якія проста выпраменьваюць святло веры…

У Наталлі Радзінай з вушэй дасюль ідзе кроў.

Як дапамагчы ім і ўсім астатнім, хто цяпер там, у «Амерыканцы»?

Хацець, маліцца і рабіць усё, каб мы прымусілі сілы зла адступіць — вось, здаецца, я і вынайшла асабісты дэвіз на наступныя святочныя дні.

Я аптымістка, бо жыву сярод беларусаў.

30.12.2010

Наталка Бабіна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031