Знайсці
21.04.2024 / 23:3968РусŁacБел

Як змяніўся вобраз Ціханоўскай за 2020—2024 і як яна глядзіцца побач з іншымі лідаркамі ШМАТ ФОТА

«Белсат» сабраў старыя і новыя фота Святланы Ціханоўскай, а таксама спытаў, што аб гэтым думае стылістка.

Ціханоўская да 2020 года

Святлана Ціханоўская ў Парыжы, Францыя. Гэты здымак у 2020 годзе выкарыстоўвалі на самых першых пікетах па зборы подпісаў

Святлана Ціханоўская (Піліпчук) нарадзілася 11 верасня 1982 года ў Мікашэвічах. З 12 гадоў ездзіла ў Ірландыю па праграме «Дзеці Чарнобылю». Скончыла філалагічны факультэт Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. У 2004 годзе выйшла замуж за тагачаснага ўладальніка мазырскага «55 club» Сяргея Ціханоўскага. Пераехала ў Гомель, працавала перакладчыцай з ангельскай мовы.

Стылістка Ганна Прышывалка кажа, што была прыемна здзіўленая, калі пабачыла фота Ціханоўскай у дзяцінстве: гэта «такая тонкая, зграбная, гарэзлівая і жыццярадасная дзяўчынка»; класічны прагрэсіўны падлетак канца 1990-х, вобраз адпавядае ўзросту і часу.

Ціханоўская ў пачатку выбарчай кампаніі

Святлана Ціханоўская, адзін з першых афіцыйных здымкаў выбарчай кампаніі. Пачатак чэрвеня 2020 года

Сяргей Ціханоўскі праславіўся як блогер і аўтар каналу «Страна для жизни». Святлана доўгі час была хатняй гаспадыняй, гадавала дзяцей, сына Карнея і дачку Агнію. У 2020 годзе ён абвясціў аб жаданні балатавацца ў прэзідэнты. Калі яму адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы (пасадзіўшы пад арышт), рэгістравацца пайшла жонка. Святлана Ціханоўская не спыніла кампанію, калі мужа зноў кінулі за краты і калі сталі пагражаць дзецям. Хоць і казала раз за разам, што вымушаная гэта рабіць і што не адчувае сябе харызматычнай.

Тое, як Ціханоўская выглядала перад выбарамі, жыўшы ў ролі «жонкі і маці», стылістка называе «класічнай і характэрнай карцінай для нашых шыротаў»: жанчына з галавой сыходзіць у выхаванне дзяцей і цалкам аддае сябе сям’і, «забівае на сябе» і не надта намагаецца мець модную прычоску ці трэндавае адзенне. Але ў тагачаснай Ціханоўскай суразмоўца бачыць не толькі стому і «лёгкі налёт пафігізму», але і цеплыню, утульнасць.

Ціханоўская пасля аб’яднання штабоў

Марыя Калеснікава, Святлана Ціханоўская і Вераніка Цапкала пасля аб’яднання выбарчых штабоў: Ціханоўскай, якую зарэгістравалі, Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы, якіх не зарэгістравалі кандыдатамі

Святлану Ціханоўскую падтрымалі штабы Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы, якіх не дапусцілі да выбараў. Кампанія Ціханоўскай збірала вялізныя мітынгі ў шматлікіх гарадах Беларусі. Праграма Ціханоўскай была простай: спыненне гвалту, вызваленне палітвязняў, новыя дэмакратычныя выбары. Паводле незалежных падлікаў, Ціханоўская перамагла ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў з не менш як 56% галасоў.

Ганна Прышывалка адзначае трансфармацыю вобразу Ціханоўскай у час выбарчай кампаніі, але не ведае, ці займаліся ёй стылісты менавіта тады, ці проста нешта падказалі больш «медыйныя» паплечніцы Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала. Любімыя вобразы Ціханоўскай таго часу ў суразмоўцы — з фотасесіі дуэту фатографаў «Kanapleidiki» (белая кашуля і чорная спадніца, як на менскім мітынгу 19 ліпеня 2020 года) і са дня выбараў. Стылістка бачыць, што ад гэтага вобразу з пастэльнымі тонамі і лёгкімі кудзерамі «сыходзіць такое святло, столькі жаноцкасці, неймаверны вайб».

«Ведаеце, гэта такі сапраўды сімвал, такая амазонка, — кажа Ганна Прышывалка пра Ціханоўскую ў час выбарчай кампаніі. — Моцная, але неймаверна прыцягальная, вельмі шмат жаноцкасці і ў той жа час нейкай матчынай цеплыні ўва ўсім гэтым. То бок, сапраўды вось тая жанчына, якая ўвасабляе нейкі сімвал, нейкае лідарства, які наш народ палюбіў, якому наш народ паверыў, і за якім гатовы быў ісці».

Аляксандр Лукашэнка не прызнаў паразы, распачаў масавыя рэпрэсіі. Святлану Ціханоўскую прымусова вывезлі ў Літву. Адтуль яна спрабавала кіраваць пратэстамі, стала прадстаўляць Беларусь на міжнароднай арэне. У выгнанні і ў новым статусе змяніліся як імідж Ціханоўскай (яна стала больш строга апранацца, пастрыглася карацей і перастала завязваць валасы ў хвост), так і тон ейных выказванняў (на куды больш рэзкі і ўпэўнены).

Ціханоўская ў першыя месяцы эміграцыі

 

Стылістка пазітыўна ацэньвае працу калегі над вобразам Ціханоўскай у эміграцыі: «Праца зробленая якасна, вельмі прадумана», акуратны афіцыйны стыль, які адпавядае дзейнасці і пасылу, які Ціханоўская нясе. Асабліва суразмоўца адзначае стрыжку: яна «вельмі моцна збірае вобраз», Ціханоўская ўжо асацыюецца з гэтым прамым карэ без грыўкі на каштанавых валасах — гэта ейная «фішка», фірмовы знак.

Ціханоўская ў 2021 годзе

У 2021 годзе вулічныя пратэсты ў Беларусі былі здушаныя. Ціханоўская не называла сябе выбранай прэзідэнткай, але стала фактычнай лідаркай дэмакратычных сілаў. За мяжой яе прымалі на тым жа ўзроўні, што прымалі кіраўнікоў дзяржаваў. Яна настойвала на міжнародным ціску на рэжым Лукашэнкі, дамагалася санкцыяў супраць рэжыму і дапамогі беларусам. Ціханоўская стала ўсё часцей ужываць беларускую мову, казаць пра нацыянальныя каштоўнасці.

Ганна Прышывалка прызнае, што да канца 2023 года вобразы Ціханоўскай здаваліся ёй не надта актуальнымі, з нятрэндавымі дэталямі. Кажа, калі можна ўжо было насіць жакеты больш вольнага пакрою з паднятай і пашыранай лініяй пляча, калі былі актуальныя «як бы мужчынскія» кашулі і больш доўгія штаны са стрэлкамі ці штаны-палаца, Ціханоўскую працягвалі апранаць у цесныя жакеты, блузкі з «абацкім» каўнерам, кароткія штаны, якія абцягваюць ногі… І набор вобразаў у першыя гады быў абмежаваны.

Суразмоўца падкрэслівае: гэта не было кепска, але і не было «суперактуальна». Як на прыёме ў прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды ў 2021-м: набліжаныя да Ціханоўскай маглі дазволіць сабе больш пышныя нарады, Святлана ж выглядала вельмі стрымана і сціпла, вельмі акуратна.

Ціханоўская ў 2022 годзе

У дзень пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну Святлана Ціханоўская была з візітам у Францыі, выступіла перад беларускай і ўкраінскай дыяспарамі, а таксама запісала зварот да кіраўніцтва беларускіх Узброеных сілаў з заклікам не выконваць злачынныя загады. 24 лютага 2022 года

З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне Ціханоўская стала яшчэ больш рашучай у выказваннях адносна Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна (хоць першы час па выбарах пазбягала антыпуцінскай рыторыкі і заклікала Пуціна спыніць падтрымку Лукашэнкі), звярталася да беларускіх вайскоўцаў з заклікамі не выконваць злачынныя загады, выступала ў падтрымку Украіны. У жніўні склікала Аб’яднаны пераходны кабінет — фактычна ўрад у выгнанні. У кастрычніку стала называць сябе выбранай прэзідэнткай.

Ганна Прышывалка мае тэорыю: магчыма, Ціханоўская апраналася сціпла, бо так і было задумана, каб не было абурэння тым, што Ціханоўская марнуе грошы на адзенне. Суразмоўца згадвае, якое абурэнне было, калі на навагоднім відэазвароце ў канцы 2022 года Ціханоўская сядзела з кубкам за 22 еўра.

Стылістка дадае, што ёй больш падабаюцца вобразы Ціханоўскай, дзе падкрэсленая ейная жаноцкасць і лёгкасць. Але такія былі пераважна перад выбарамі, цяпер такія рэдка бачныя.

Ціханоўская ў 2023 годзе

Цягам 2023 года Ціханоўская займалася кансалідацыяй дэмакратычных сілаў і спробамі наладзіць стасункі з Украінай, бараніла інтарэсы беларусаў у выгнанні і настойвала на ўзмацненні санкцыяў супраць рэжыму, запусціла кампанію за еўрапейскі выбар беларусаў і прасоўвала праект «Пашпарту Новай Беларусі»… Разам з тым, Ціханоўская не здабыла ўплыву на сітуацыю ў самой Беларусі, а дэмакратычныя сілы не знайшлі шляхоў спынення рэпрэсіяў і вызвалення палітвязняў.

Стылістка бачыць, што цяпер адбываецца трансфармацыя вобразу Ціханоўскай: сілуэты становяцца больш актуальныя, у вобраз пачынаюць акуратна дадаваць аксесуары, з’яўляюцца кантрастныя колеры, якія пасуюць Святлане.

Ціханоўская ў 2024 годзе

У 2024 годзе Ціханоўская працягвае рабіць прыблізна тое жа, што і ў 2023-м: хоць не можа наўпрост змяніць сітуацыю ў Беларусі, намагаецца адстойваць інтарэсы беларусаў і дамагацца ціску на рэжым Лукашэнкі, прадстаўляе Беларусь на міжнароднай арэне і спрабуе зрабіць так, каб Беларусь не выпала з парадку дня дэмакратычнага свету.

Ганна Прышывалка называе свае любімыя строі Ціханоўскай: белы ці чорны касцюмы з фуксіевай блузкай (як на загалоўным фота з візіту на саміт «Вялікай сямёркі» ў Італіі і як на фота з нядаўняга візіту ў Канаду), блакітны з белай блузкай (як на канферэнцыі «Новая Беларусь» у 2023 годзе), пыльна-ружовы з белай блузкай (як на відэазвароце ў верасні-2023).

Ціханоўская і замежныя палітычныя лідаркі

Ціханоўская правяла безліч сустрэчаў з замежнымі лідарамі — прэзідэнтамі, прэм’ерамі і міністрамі. Сярод іх было нямала жанчын — ёсць магчымасць параўнаць, як глядзіцца выбраная прэзідэнтка Беларусі і як глядзяцца лідаркі дэмакратычных краінаў. На думку стылісткі, Ціханоўская глядзіцца «вельмі і вельмі на ўзроўні» побач з замежнымі палітыкамі.

@nashaniva Па сацсетках гуляе дзіўнае фота «Святланы Ціханоўскай». Гэта ўкід прапаганды #беларусь#светланатихановская#святланаціханоўская#беларускаямова#белорусы#беларусьновости#нашаніва#лукашенко♬ Horror, Fear, Mystery, Suspense, Criminal, Terror, Halloween, Movie, Soundtrack, OST, TV Game, Creepy(1323087) - SAKUMAMATATA

Чытайце таксама:

Ціханоўская адказвае хейтарам, ацэньвае план Пракоп’ева і кажа, ці прабачыць Лукашэнку. Глядзіце ТОК

Яны вернуцца! Як выгнаннікі ўзначалілі палітыку посткамуністычнай Еўропы

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
290
Панылы сорам
65
Ха-ха
54
Ого
56
Сумна
130
Абуральна
312
2
Демос схавает/адказаць/
22.04.2024
Антон, Лукашенко тоже кроме " стихов Быкова" похоже ничего не читал. Однако ляхтарат купился на ура. А Света лучше. :))
1
Невероятный/адказаць/
22.04.2024
Главное чтобы детки красивые были.
0
Глеб/адказаць/
22.04.2024
[Рэд. выдалена]
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031