Знайсці
27.03.2024 / 12:2913РусŁacБел

Памятаеце хлопца, які праспяваў песню NaviBand і стаў зоркай тыктоку? Ён расказаў, як атрымаў прытулак у ЗША

Ад рэпрэсій у Беларусі Сяргей Ульянаў збег ва Украіну — за два тыдні да пачатку вайны. Потым эвакуіраваўся ў Турцыю, а адтуль паляцеў у Мексіку, каб трапіць у ЗША і запрасіць там прытулак. З 11-й спробы гэта атрымалася — у багажніку мужчына ўсё ж трапіў у Амерыку. Праз два гады ён выйграў міграцыйны кейс і распавёў «Нашай Ніве», як зэканоміў дзясяткі тысяч даляраў на юрыдычнай дапамозе.

Сяргей спявае песню «Гісторыя майго жыцця». Скрын відэа

Гісторыю Сяргея мы ўжо распавядалі раней, калі ён стаў зоркай тыктоку, праспяваўшы ў ЗША песню «Гісторыя майго жыцця» гурта NaviBand.

— Мой першы суд наконт атрымання прытулку павінен быў адбыцца адразу ў міграцыйнай турме, куды я трапіў пасля перасячэння мяжы. Адваката ў мяне не было ў той момант, таму я рыхтаваўся бараніць сабе самастойна. І вось у чым была мая памылка: я не падумаў загадзя пра тое, што трэба ўсе копіі неабходных доказаў закінуць некуды ў воблака і даць доступ камусьці са знаёмых, каб чалавек потым мог раздрукаваць і даслаць. Бо на мяжы забіраюць асабістыя рэчы і доступу да ноўтбука няма.

Сяргей Ульянаў. Фота з асабістага архіва героя

У міграцыйнай турме затрыманыя маюць магчымасць тэлефанаваць камусьці, таму Сяргей звязваўся з сяброўкай і расказваў ёй, у каго і якія дакументы трэба папрасіць.

Фота з асабістага архіва героя

Але ў выніку дату суда перанеслі амаль на паўгода, а мужчыну выпусцілі з міграцыйнай турмы. Яму таксама далі спіс арганізацый, куды можна звярнуцца па бясплатную юрыдычную дапамогу.

— Я пачаў тэлефанаваць і пісаць тым, хто знаходзіўся ў маім штаце. Вельмі незвычайна ідзе камунікацыя: калі ты тэлефануеш, то заўсёды трапляеш на аўтаадказчык. Я зрабіў кароткае апісанне свайго кейса на паперцы і проста зачытваў яго.

Некаторыя арганізацыі потым самі ператэлефанавалі Сяргею і казалі нешта кшталту: «Прабачце, у нас чарга на бясплатныя справы распісана на тры гады наперад. Але мы можам даслаць спіс іншых арганізацый, якія з намі супрацоўнічаюць і, можа, захочуць узяць ваш кейс». У нейкі момант арганізацыі ў спісах пачалі паўтарацца.

— Ад неверагоднай колькасці інфармацыі можна было з глузду з'ехаць. Я пачаў весці асобную табліцу, куды запісваў, з якімі арганізацыямі звязваўся і які адказ атрымаў.

Прыкладна праз месяц у Сяргея адбылося першае інтэрв’ю з праваабарончай арганізацыяй, падчас якога трэба было больш падрабязна распавесці пра сваю сітуацыю. Такіх інтэрв’ю было тры — з рознымі арганізацыямі.

— Мабыць, мая памылка была ў тым, што я рашуча адмаўляўся ад паслуг перакладчыка — мне здавалася, што трэба так прадэманстраваць сваю павагу да краіны. У выніку я атрымаў станоўчы адказ ад арганізацыі, якая настаяла на тым, каб наша размова адбывалася праз перакладчыка. Гэта была Human Rights First. З імі ў мяне адбылося некалькі інтэрв’ю, а потым праваабаронцы дасылалі мне шмат дадатковых пытанняў, каб зрабіць прэзентацыю майго кейсу для свайго кіраўніцтва.

Фота з асабістага архіва героя

Але і на гэтым прыгоды не скончыліся.

— Арганізацыя разаслала мой кейс іншым арганізацыямі, з якімі супрацоўнічае — і мне трэба было чакаць, пакуль знойдзецца праваабаронца, які сам абярэ мяне. Гэта заняло шмат часу. Я вельмі хваляваўся, думаў, што ніхто не захоча ўзяцца за мой кейс.

Пасля таго, як адвакат усё ж знайшоўся, Сяргея чакалі яшчэ некалі афлайн інтэрв’ю з Cooley LLP — гэта арганізацыя, якая прадстаўляла ў судзе інтарэсы беларуса.

— Мяне вельмі ўразіў узровень арганізацыі. У праваабаронцаў быў вялікі спіс пытанняў, на якія я адказваў гадзін 5-6. Далей яны пачалі працаваць над кейсам, перыядычна дасылалі мне нейкія дадатковыя пытанні. Я сам падрыхтаваў сваё апісанне сітуацыі, хаця яны не прасілі.

Праваабаронцы запоўнілі за Сяргея форму, якую трэба адправіць у кампетэнтныя органы ўсім, хто просіць прытулку ў ЗША − на гэта даецца год.

— Толькі пасля таго, як ты дасылаеш гэту форму, можна прасіць даць дазвол на працу. Таму шмат хто імкнецца зрабіць гэта як мага хутчэй. Не распісвае кейс падрабязна, а проста піша «палітычны пераслед», а потым ужо пазней удакладняе інфармацыю. Я таксама хацеў зрабіць так, аднак праваабаронцы не дазволілі — іх мэта была з самага пачатку ўсё аформіць правільна. Таму форму я змог адправіць толькі праз 10 месяцаў пасля таго, як трапіў у ЗША. За гэты час нават паспеў адбыцца першы суд — на ім суддзя пытаецца, ці сапраўды ты хочаш папрасіць прытулак у ЗША. Суд адбываўся анлайн і мяне на ім прадстаўляў адвакат.

Сяргей разам з камандай адвакатаў. Фота з асабістага архіва героя

Падрыхтоўка да галоўнага суда была вельмі сур'ёзная. Сяргею арганізавалі два інтэрв'ю з рознымі псіхатэрапеўтамі, якія павінны былі выслухаць яго і даць свае заключэнні, наколькі сітуацыі, якія адбыліся на радзіме, паўплывалі на ментальнае здароўе. Трэба адзначыць, што кейс Сяргея складаўся з некалькіх — там было і прыгнечанне на радзіме праз сэксуальную арыентацыю, і асцярога палітычнага пераследу праз актыўнасць падчас пратэстаў.

— Канешне, цяжка было зноў і зноў згадваць траўматычныя падзеі. І як мяне булілі ў школе, і як мяне збівалі на вуліцы, і як айчым выгнаў мяне з хаты ў 16 гадоў, калі даведалася, што я гей. У мяне была спроба самагубства, пасля таго, як я патэлефанаваў у службу псіхалагічнай дапамогі, а там мне сказалі, што я грэшнік і мне трэба ісці ў царкву каяцца.

Таксама арганізацыя замовіла ў незалежнага амерыканскага эксперта, які даследуе краіны былога СССР, даследаванне на тэму парушэння правоў чалавека ў Беларусі. Сорамна прызнацца, але я толькі ад яго даведаўся, што цяпер на радзіме спрабуюць забараніць «прапаганду ЛГБТК+». Пагаварыў з сябрамі — яны таксама не ведаюць, наколькі моцна спрабуюць абмежаваць іх правы.

— Я нават баюся ўявіць, колькі б гэта каштавала, калі б я сам замаўляў усё гэта. Стандартны ганарар адваката ў ЗША — 10 тысяч даляраў. І гэта не лічачы выдаткаў на пераклад дакументаў, напрыклад. Плюс за ўдзел адваката ў судзе трэба плаціце асобна.

Але, канешне, галоўнае, — гэта нават не эканомія грошай. Ні адна арганізацыя не жадае рызыкаваць сваёй рэпутацыяй і ўвязвацца ў сумнеўную гісторыю. Калі твой кейс узялі, значыць, вераць у поспех. Я перапісваўся з 4 людзьмі — пры гэтым, копіі лістоў дасылаліся яшчэ 11. Уявіце, якая каманда стаяла за мной.

Амаль год заняла падрыхтоўка да фінальнага суда. Адначасова з працай праваабаронцаў Сяргей займаўся зборам так званых лістоў ад сведак — звяртаўся да тых, хто ведаў, чым ён займаўся ў Беларусі і з якой дыскрымінацыяй сутыкаўся.

— Шчыра ўдзячны кожнаму чалавеку, які пагадзіўся напісаць такі ліст. Іх нават не рызыкавалі адпраўляць з Беларусі — вывозілі ў Еўропу і дасылалі ўжо адтуль, каб лісты раптоўна не трапілі ў рукі сілавікоў. Мне цяжка ўявіць, колькі часу на мяне патрацілі людзі.

Прыкладна за месяц да суда мужчына атрымаў выніковы варыянт свайго кейса — 550 старонак тэксту. Кажа, што сам быў у шоку.

Падчас суда. Фота з асабістага архіва героя

— За тыдзень да «дня ікс» праваабаронцы прапанавалі мне правесці «рэпетыцыю суда»: адвакат мне зачытваў магчымыя пытанні і я на іх адказваў. Шчыра скажу: на рэпетыцыі я праваліў усё, што толькі можна. Хаця я разумеў, што ўсё не па-сапраўднаму, але пачаў вельмі моцна хвалявацца. Я спрабаваў у адказе на кожнае пытанне ледзь не цалкам пераказаць усю сваю гісторыю. У нейкі момант я пачаў блытацца ў самых простых рэчах. Напрыклад, у мяне ёсць два сябры, і калі мяне папрасілі расказаць пра аднаго з іх, я назваў яго імя і прозвішча другога сябра.

Сяргей кажа, што яму падалося, што напрыканцы рэпетыцыі праваабаронцы хацелі схапіцца за галовы і думалі нешта кшталту: «І на гэта мы патрацілі паўтара года?!».

— Але за што я люблю Амерыку — ніхто мяне не крытыкаваў. Наадварот пачалі супакойваць. На другой рэпетыцыі ўсё прайшло нармальна, бо я ведаў, што будзе і чаго ад мяне чакаюць. Яшчэ адна рэпетыцыя адбылася за дзень да суда. Там мне далі спіс даволі правакацыйных пытанняў — сказалі, што лічаць, што іх хутчэй за ўсё не зададуць, але трэба да іх падрыхтавацца на ўсялякі выпадак.

Пракурор палічыў недастатковымі доказы наконт магчымасці пераследу праз палітычную пазіцыю (Сяргей актыўна ўдзельнічаў у пратэстах і прысвяціў ім песню) — таму што гаворка ішла пра боязь магчымага пераследу. Але прыняў цалкам частку кейса пра небяспеку ў Беларусі для Сяргея як для прадстаўніка ЛГБТК-супольнасці.

Сяргей з камандай адвакатаў. Фота з асабістага архіва героя

Сам суд праходзіў анлайн і доўжыўся каля гадзіны. Скончылася ўсё паспяхова: Сяргей афіцыйна атрымаў прытулак у ЗША.

— Я плачу, мае адвакаты плачуць. Happy end! Мне вельмі хацелася б сказаць словы падзякі камандзе адвакатаў, якая паверыла і так уклалася ў мяне. 

Чытайце таксама:

Беларус у ЗША спеў песню NaviBand і стаў зоркай тыктока. Хто гэты хлопец? 

Беларускамоўная песня трапіла ў эфір расійскага тэлеканала

Сёння ў Мінску назавуць «Герояў года» ў сферы музыкі

Ганна Стафановіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
37
Панылы сорам
5
Ха-ха
4
Ого
3
Сумна
3
Абуральна
5
0
Питон/адказаць/
27.03.2024
этот, в США в иммиграционном суде проситель убежища должен доказывать, что ему грозит опасность преследования по политическим причинам.. если бы у чувака было бы несколько связанных эпизодов преследования (не просто что его задержали на митинге пару тройку раз - не ходи на митинги и не будут задерживать, а именно целенаправленное преследование раз-другой задержали, а потом уже сами пришли за тобой на разговор или начинают шить уголовку) по политике, то тут расклад бы поменялся и тогда  уже государственный прокурор США должен был бы доказыать суду, что просителю не грозит опасности в Беларуси, а это уже будет трудно сделать при наличии документов и свидетельских показаний
1
Твой дед/адказаць/
28.03.2024
ХачуўЗША, фу
3
Дарадца/адказаць/
28.03.2024
ХачуўЗША, начни этими делами заниматься в Польше, чтобы опыта побольше было.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031