Толькі на запуск саюзнага медыяхолдынга Расіі і Беларусі накіруюць $11 мільёнаў
Праца саюзнага медыяхолдынга Расіі і Беларусі пачнецца ў 2025 годзе, распавёў «Известиям» дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў.
Пастанова «Аб стварэнні медыякампаніі Саюзнай дзяржавы» падпісана па выніках пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета (ВДС) Расіі і Беларусі, якое адбылося яшчэ ў канцы студзеня. Тады стала вядома, што туды ўвойдуць дзве газеты — «Саюзнае веча» і «Саюз. Беларусь — Расія», часопіс «Саюзная дзяржава», які выдаецца «Камсамольскай праўдай», і тэлерадыёвяшчальная арганізацыя.
Фінансавацца холдынг будзе з боку Саюзнай дзяржавы, бюджэт якой фарміруюць Беларусь і Расія, распавёў Дзмітрый Мезенцаў.
— З улікам інфляцыйнага каэфіцыента сродкі, якія раней накіроўваліся на фінансаванне інфармацыйных рэсурсаў Саюзнай дзяржавы, будуць павялічаны. Па меры працы мы вызначымся: альбо медыякампанія будзе сама зарабляць больш, маючы на ўвазе рэкламны рынак, альбо па аналізе першага этапу працы вызначымся, ці неабходна будзе дадатковае фінансаванне, — сказаў ён.
Паводле яго слоў, на дадзены момант ужо выдзелена каля 1 млрд расійскіх рублёў (каля 11 млн даляраў). Так, на фінансаванне тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі закладзена 448 млн, газеты «Саюзнае веча» — 263 млн, газеты «Саюз. Беларусь — Расія» — 209 млн, на выданне і распаўсюджванне часопіса «Саюзная дзяржава» — 67 млн расійскіх рублёў.
Мезенцаў таксама адзначыў, што калектыў холдынгу яшчэ не сфарміраваны, але «там будуць працаваць вопытныя і таленавітыя людзі».
Таксама дзяржсакратар расказаў аб «рэсурсным цэнтры», які ўвойдзе ў холдынг. Ён будзе фармаваць «аб'ём кантэнту, які пасля будзе перадавацца і распаўсюджвацца праз электронныя сродкі інфармацыі».
Галоўны офіс холдынгу будзе размешчаны ў Маскве, а яго прадстаўніцтва — у Мінску. Фінансаванне холдынг будзе атрымліваць з боку Саюзнай дзяржавы, бюджэт якой фарміруюць Беларусь і Расія.
Мезенцаў адзначыў, што медыяхолдынгу будуць дапамагаць іншыя СМІ:
«Вядома ж, мы будзем запытваць меркаванне і партнёрскі патэнцыял тых СМІ, каму цікава і важна гаварыць аб Саюзным будаўніцтве, аб нашай гісторыі, аб гісторыі вялікай Перамогі».
Запуск медыяхолдынга плануецца ў 2025 годзе.
Чытайце таксама:
Сакрэты поспеху Наталлі Эйсмант: як былая актрыса стала найбліжэйшым чалавекам Лукашэнкі
Беларусь і Расія стварылі камісію для «абароны гістарычнай праўды»
Ад дзяржаўных беларуска-расійскіх медыя плюецца нават Прыдыбайла