Знайсці
02.03.2024 / 17:294РусŁacБел

Айцішнік з Курска спрабуе зарабіць на беларусах, прадаючы ім «мёртвыя» вакансіі

Чытачы брэсцкага выдання BGmedia даслалі ў рэдакцыю спасылку на сайт для пошуку працы ў Беларусі, які публікуе ў тым ліку састарэлыя або няісныя вакансіі і спрабуе на гэтым зарабіць. Стваральнік гэтай аферы, расійскі айцішнік Раман Пісаненка, пазначыў, што сайт належыць ТАА «Праца ў гарадах Беларусі». І ў гэтай «саліднай» арганізацыі нібыта нават ёсць філіял, які знаходзіцца ў Мінску на вуліцы Берасцянская, 20. Але насамрэч гэта ўсё шытае белымі ніткамі.

Такога ТАА ў рэальнасці не існуе. BGmedia праверыла гэта ў адзіных дзяржаўных рэестрах юрыдычных асоб Расіі і Беларусі. А па пазначаным мінскім адрасе на самай справе знаходзіцца Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама. Выходзіць, Раман Пісаненка зрабіў беларускую дзяржустанову сваім філіялам.

Што за сайт для пошуку працы

Стваральнік называе сайт jobinbelarus.ru парталам працаўладкавання і занятасці насельніцтва «Праца ў гарадах Беларусі». На галоўнай старонцы пазначана, што гэта «афіцыйны сайт працаўладкавання». Пры гэтым не пазначаная арганізацыя, якую ён афіцыйна прадстаўляе.

У апісанні гаворыцца, што тут публікуюцца «свежыя аб'явы з прапановамі працы ад непасрэдных працадаўцаў, анкеты і рэзюмэ спецыялістаў». У пошуку на сайце можна знайсці вакансію, пасаду, спецыяльнасць або прафесію, якія цікавяць. Таксама можна выбраць горад і нават аграгарадок, у якім вы шукаеце працу.

Пры гэтым многія старонкі пустыя. Напрыклад, калі выбраць Целяханы ў Івацэвіцкім раёне, то там вакансій і рэзюмэ няма, сайт прапануе паглядзець на прапановы ў Баранавічах.

BGmedia паглядзела базу вакансій у Брэсце. Гэты раздзел відавочна не абнаўляецца, таму што там пазначаная толькі адна вакансія — фармоўшчык цэглы і пліткі ў ТАА «РэалБрыкКерамікс». Такая фірма сапраўды існуе і знаходзіцца ў Брэсце. І яна сапраўды яшчэ з 2023 года шукае фармоўшчыка цэглы і пліткі — аб'явы ёсць на папулярных сайтах пошуку працы ў Беларусі: rabota.by, praca.by.

Астатнія вакансіі ў Брэсце трэба шукаць у іншых раздзелах сайта, што дзіўна. Напрыклад, калі абраць «грузчык» у Баранавічах, то сайт прапануе такія вакансіі і ў Брэсце. Мабыць, айцішнік недапрацаваў сайт.

Таксама на гэтым сайце знайшліся 25 рэзюмэ суіскальнікаў нібыта з Брэста. У некаторых з іх былі фатаграфіі. Але, прабіўшы іх праз пошук па фатаграфіях, рэальных людзей журналісты не знайшлі. Напрыклад, адна з фатаграфій аказалася стокавай. А ў сацсетках знайшліся некалькі акаўнтаў з рознымі імёнамі, якія выкарыстоўвалі гэтае фота.

Акрамя таго, сайт публікуе няісныя вакансіі. Напрыклад, на ім знайшліся некалькі вакансій ад «Брестской газеты». Нібыта выданне шукае журналістаў, спецыялістаў аддзела рэкламы, спартыўных карэспандэнтаў. Адна з вакансій «журналіста» размешчаная на сайце ў аўторак, 27 лютага. А ўжо 1 сакавіка было напісана, што 28 лютага, гэта значыць яе ссунулі на адзін дзень. Вакансію нібыта прагледзелі 344 разы.

Таксама на сайце размясцілі лагатып «Брестской газеты». І гэта ў той час, як «Брестская газета» і яе лога прызнаныя рэжымам Лукашэнкі «экстрэмістамі».

Няісная вакансія «журналіст» у «Брестской газете», якая з'явілася 27 лютага. Яна абнаўляецца кожны дзень. Скрыншот сайта

Тая ж няісная вакансія «журналіст» у «Брестской газеце», толькі пазначана, што яна з'явілася 28 сакавіка. А абнавілі яе 1 сакавіка. Скрыншот сайта

Паколькі «Брестская газета» не размяшчала гэтых вакансій ні на якіх сайтах, то відавочна, што стваральнік сайта jobinbelarus.ru аднекуль спампаваў старую базу вакансій у Беларусі і размясціў яе ў сябе.

Як сайт спрабуе зарабіць грошы на беларусах

Сайт спрабуе зарабіць на размяшчэнні ў сябе вакансій ад працадаўцаў і рэзюмэ ад суіскальнікаў. Вядома, іх нібыта можна размясціць бясплатна, але трэба чакаць 30 дзён, каб аб'яву апублікавалі.

Сайт прапануе рашэнне для паскарэння працэсу — размясціць платна. І просіць за публікацыю адной вакансіі 399 расійскіх рублёў (прыкладна 14 беларускіх рублёў). За такую суму абяцаюць шмат выгод: публікацыю вакансіі не толькі на сайце, але і ва ўсіх сацсетках, выдатную індэксацыю Google і «Яндэкс», дзякуючы якім яе нібыта паглядзяць дзясяткі тысяч чалавек, рассылку вакансіі па электронных поштах і супрацоўніцтва з сайтамі — агрэгатарамі вакансій, сярод якіх ёсць нібыта «Яндэкс. Праца».

Кошт размяшчэння «вакансіі». Скрыншот сайта

Дарэчы, пра сацсеткі. Абяцаюць размясціць платную вакансію ва ўсіх сацсетках, але ў гэтага сайта няма старонак у Facebook і X (былы Twitter). На старонку ва «ВКонтакте» падпісана ўсяго 5 чалавек, на суполку ў «Аднакласніках» — 11, на тэлеграм-канал — 5. І ва ўсіх трох выпадках адзін з падпісчыкаў — стваральнік сайта Раман Пісаненка. Ён яшчэ з'яўляецца і адміністратарам суполак у гэтых сацсетках і месенджарах.

Яшчэ адна асаблівасць у тым, што вакансіі ў гэтых сацсетках з'яўляюцца кожную гадзіну ў аднолькавы час: 7.10, 8.10, 9.10 і г.д. Гэта значыць, у дзень публікуецца 24 штукі, а па сацсетках іх раскідаюць праз стандартны SMM-планёр, значыць гэта не займае шмат часу.

Гледзячы на гэта, можна зрабіць выснову, што наўрад ці працадаўцы аплацілі размяшчэнне вакансій і сталі ў чаргу ў чаканні, калі іх прапановы апублікуюць.

Суіскальнікі могуць бясплатна размясціць сваё рэзюмэ на гэтым сайце, але чакаць, як і працадаўцам, прыйдзецца 30 дзён. Платнае і імгненнае размяшчэнне рэзюмэ абыйдзецца ў 99 расійскіх рублёў (каля 3,5 беларускіх рублеў). За гэтыя грошы абяцаюць прыкладна тыя ж выгоды, што і працадаўцам. А калі напісаць водгук у «Яндэкс. Браўзэры» пра гэты сайт, то нібыта абяцаюць зніжку ў 50 расійскіх рублёў.

Падсумоўваючы ўсё вышэйпералічанае, атрымліваецца наступная карціна. Расійскі айцішнік стварыў сайт, аднекуль запампаваў старую базу вакансій у Беларусі, напоўніў ёю свой рэсурс, каб ён здаваўся жывым і абнаўляўся. І ўсё дзеля таго, каб людзі, якія зойдуць на гэты сайт у пошуках працы або супрацоўніка, захацелі размясціць платную вакансію або рэзюмэ.

Застаецца адкрытым пытанне, ці паверыў хто-небудзь з беларусаў у гэты лахатрон і ці заплаціў грошы за няісныя паслугі.

Яшчэ некалькі доказаў, што гэты сайт падманвае людзей

Самае цікавае на гэтым сайце — раздзел «Кантакты». Сайт стварыла нібыта кампанія «ТАА «Праца ў гарадах Беларусі» / ТАА «Працаўладкаванне ў гарадах Беларусі». На самай справе яе не існуе, даных пра яе няма ні ў «Адзіным дзяржаўным рэестры юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў» Беларусі і Расіі, ні на іншых сайтах праверкі кампаній і контрагентаў.

Галаўны офіс гэтай «кампаніі» нібыта знаходзіцца ў расійскім горадзе Курску на вуліцы 1-ы Праезны завулак, дом 2. Гэта прыватны сектар. У «Яндэкс Картах» пазначана, што па гэтым адрасе знаходзіцца «біржа працы». Пры гэтым няма ні фатаграфій, ні водгукаў, ні рэйтынгу. Затое прывязаны сайт labexch.ru, які займаецца прыкладна тым жа, што і сайт, пра які расказваецца ў гэтым тэксце.

Таксама на вуліцы 1-ы Праезны завулак, дом 2 знаходзіцца «Студыя вэб-дызайну Raman-X-Design». У гэтай студыі ёсць птушачка, «Яндэкс« піша, што яе атрымліваюць арганізацыі, уладальнік якіх пацверджаны. Падобна на тое, што гэтая «студыя» належыць Раману Пісаненку.

Самае смешнае, што ў «ТАА «Праца ў гарадах Беларусі» нібыта ёсць філіял у Мінску на вуліцы Берасцянская, 20. Гэта хлусня, па гэтым адрасе насамрэч знаходзіцца Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама.

Таксама ў гэтую «кампанію» нібыта можна патэлефанаваць, але пры гэтым чатыры апошнія лічбы расійскага нумара тэлефона на сайце схаваныя. Адшукаць нумар не склала цяжкасцяў, ён размешчаны на сайце «студыі» Рамана. Хутчэй за ўсё, ён фэйкавы, бо да гэтага нумара не прывязаныя акаўнты ў месенджарах і сацсетках.

Яшчэ адзін пацешны факт пра сайт: на ім ёсць раздзел «Цікавыя артыкулы». У гэтым раздзеле рэкламныя артыкулы пра анлайн-казіно і букмекерскія канторы. Невядома, ці плацілі яны за размяшчэнне на сайце станоўчых артыкулаў пра сябе.

Раздзел «Кантакты». Скрыншот сайта

Што вядома пра стваральніка сайта Рамана Пісаненку

Раман Пісаненка — рэальны чалавек. У яго ёсць старонкі ў «Аднакласніках» і «ВКонтакте», там прыкладна адны і тыя ж фатаграфіі. Ягоныя рэзюмэ ёсць на расійскіх біржах фрылансу і нават на «Яндэкс Паслугах».

Раман Пісаненка. Фота з яго сацсетак

У рэзюмэ пазначана, што ён «SEO-спецыяліст, вэб-дызайнер, вэб-праграміст, вэб-майстар, спецыяліст па інтэрнэт-рэкламе, праграмаванні баз даных MySQL, праграмаванні для Windows на Delphi». А яшчэ на адным сайце можна даведацца, што раней у яго было ІП, якое Пісаненка ліквідаваў.

Раман не хавае, што ў яго ёсць «Студыя вэб-дызайну Raman-X-Design». У раздзеле «Кантакты» на сайце «студыі» ён нават пакінуў сваю электронную пошту і нумар тэлефона, пазначыўшы сябе кантактнай асобай. З ім нават нібыта можна звязацца ў Viber, WhatsApp, Telegram, але гэта не так: у гэтых месенджарах няма карыстальнікаў з гэтым нумарам тэлефона.

Удалося знайсці яшчэ адзін сайт Рамана Пісаненкі — https://rabotniki.com.ru. Там прыкладна той жа функцыянал, што ў сайта, пра які расказвалася раней, але ён састарэлы і там няма столькі вакансій. Падобна на тое, што Раман у гэтым «бізнэсе» ўжо даўно і ўжо стварыў як мінімум два сайты, з дапамогай якіх спрабуе зарабляць грошы на беларусах.

Адзіныя рэальныя кантакты, якія пакінуў Раман на гэтых сайтах-электронныя скрынкі на расійскім сэрвісе mail.ru. Журналісты BGmedia паспрабавалі звязацца з ім з дапамогай электроннай пошты, але на момант выхаду гэтага тэксту мужчына не адказаў на лісты з просьбай пракаментаваць дачыненне да гэтых сайтаў, якія спрабуюць падманваць беларусаў.

Чытайце таксама:

Айцішнік купіў кватэру ў бабулі, але засяліцца адразу не змог. Яна прадала яе тэлефонным аферыстам

Бухгалтарка з Гомеля падрабляла даведкі, што здае кроў. Яе падвяла сквапнасць

Дзяўчына хацела абыграць казіно. Яна ўлезла ў сумнеўную справу і страціла $1234

«Усяго за 20 еўра я дапамагу «забыцца» знойдзеную інфармацыю». З'явілася махлярская схема ці правакацыя, магчымая толькі ў Беларусі

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
1
Панылы сорам
3
Ха-ха
4
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
15
0
Bhagawan/адказаць/
02.03.2024
"miortvyja dušy" - web-edition...
0
Илья/адказаць/
02.03.2024
То, что сайт работает плохо, может свидетельствовать о том, что сайт новый и не доработан. Т.к. он находится на .ru-домене - он сделан в первую очередь не для беларусов, а для русских. Возможно это гос.заказ, намеренный закрыть горячие вакансии или просто привлечь больше русских для работы в РБ.
0
Айцішнік/адказаць/
03.03.2024
Ну што за лухта 'сайт падманвае'? Каму патрэбны тыя адрасы? Людзям што жадаюць знайсці працу яны дакладна непатрэбны. Кожны стартап працуе па прынцыпу "fake it until you make it". Падманвае гэта калі бярэ грошы каб размясціць вашу аб'яву і знікае, а тут аб'яў хапае, некаторыя нават бясплатныя. Сайт вядома так сабе, базу сабралі скрапінгам з беларускіх сайтаў, але для маскавітаў 'і так пойдет'. Не бачу праблемы.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031