Знайсці
06.02.2024 / 07:008РусŁacБел

Хто і як знішчае гістарычны Брэст — расследаванне

Былы супрацоўнік Камітэта дзяржаўнага кантролю Генадзь Андрасюк, які раней трапляў у карупцыйныя скандалы, сёння паспяхова развівае свой будаўнічы бізнэс насуперак закону.

Былы работнік ДФР Генадзь Андрасюк побач з будынкам, узведзеным на месцы знішчанай гістарычнай камяніцы. Фота: Анлайнер

Брэст вядомы сваёй кічавай псеўдагістарычнай забудовай, гмахамі ў цэнтры і іншымі непапраўнымі ўварваннямі ў цела гістарычнага цэнтра горада — у тое, чым горад пакуль яшчэ ганарыцца і што можа прапаноўваць турыстам. 

У горада ёсць грошы, каб будаваць, але няма палітычнай волі, каб стрымліваць апетыты забудоўшчыкаў, калі справа тычыцца культурных каштоўнасцей.

А палітычнай волі, як стане зразумела, няма таму, што мясцовыя чыноўнікі і забудоўшчыкі — гэта фактычна адны і тыя ж людзі. 

Нашу ўвагу прыцягнуў адзін артыкул, які быў прысвечаны рэалізаваным праектам «Спартыўнага клуба «Аматар». Гэты забудоўшчык з дзіўнай спартыўнай назвай сёння актыўна забудоўвае цэнтр Брэста.

Сярод яго апошніх праектаў — спраектаваныя мясцовай арганізацыяй «БрэстКАДпраект» жылыя дымы па вул. 17 Верасня, 3 і 15, вул. Савецкіх пагранічнікаў, 8, а таксама гандлёва-офісны будынак па вул. Дзяржынскага, 24. Усё гэта адзін квартал у гістарычным цэнтры. Некаторыя з будынкаў досыць стылёвыя, іншыя — зусім няўдалыя і па форме, і па архітэктурным вырашэнні фасадаў. 

Схема зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей з праекта зон аховы «Гістарычнага цэнтра г. Брэста»

Але галоўнае, што ўсе гэтыя будынкі (за выключэннем унутрыквартальнага дома па вул. 17 Верасня, 15) былі пабудаваныя на месцы старых камяніц. У артыкуле адзначаецца, што гэтыя ўчасткі забудоўшчыку дасталіся з «трухлявымі, без грыфа архітэктурнай каштоўнасці жылымі дамамі», на месцы якіх забудоўшчык узвёў камфортнае сучаснае жыллё, архітэктура якога не паўтараецца.

Але гэта не зусім праўда. «Грыф архітэктурнай каштоўнасці» быў на частцы будынкаў, што пайшлі пад знос. 

Рэч у тым, што 12 лютага 2019 года Міністэрства культуры зацвердзіла праект зон аховы гістарычнага цэнтра Брэста, у якім камяніцы па названых адрасах на падставе навуковых вышуканняў былі прылічаны да вялікага спісу «шэраговай гістарычнай забудовы». Збольшага гэта аднапавярховыя камяніцы, даволі простай, утылітарнай архітэктуры, але менавіта яны падтрымліваюць адзінства гістарычнага асяроддзя горада.

Знішчэнне шэраговай забудовы забаронена ў праекце зон аховы «Гістарычнага цэнтра г. Брэста»

Гэтыя будынкі не маюць таго ж статусу, што помнікі архітэктуры, але таксама ахоўваюцца. Забаронена іх знішчэнне, змяненне асноўных габарытных параметраў і характару архітэктуры фасадаў.

То-бок паводле праекта зон аховы гэтыя будынкі не толькі забаронена зносіць, але нават змяняць фасады і надбудоўваць дадатковыя паверхі. 

Праект зон аховы быў прыняты ў пачатку 2019 года, большасць дамоў пачалі будаваць толькі ў канцы 2021-га, а дом па вуліцы Дзяржынскага, 24 увогуле ў другім квартале 2022 года.

Гістарычны будынак па вул. Дзяржынскага, 24 да зносу. Фота: Wikimedia Commons

Новы будынак на месцы дома па вул. Дзяржынскага, 24 Фота: Анлайнер

Цяжка ўявіць, што праект невялікага аднапавярховага будынка па Дзяржынскага, 24 распрацоўваўся на працягу больш як трох гадоў. Гэта можа азначаць, што ён ствараўся ўжо тады, калі рэгламенты былі прынятыя, і ні мясцовыя органы, ні само Міністэрства не мела права ўзгадніць праект, які прадугледжваў знос. Аднак будынак быў усё ж знішчаны, як і астатнія.

Кіраўнікі кампаніі асобна адзначылі, што па кожным квартале, дзе яны будавалі, заказвалася гістарычная даведка, на падставе якой быццам бы распрацоўваўся будаўнічы праект, «прасякнуты прывязкамі да асаблівага месца». 

Гістарычны будынак па вул. 17 Верасня, 3 да зносу. Фота: Wikimedia Commons

Новы будынак на месцы дома па вул. 17 Верасня, 3 Фота: Анлайнер

Заказвалі даведкі ў Мікалая Уласюка. У Брэсце цэлых два чалавекі пад імем Мікалая Мікалаевіча Уласюка: адзін з 2014 года займаў пасаду галоўнага архітэктара Брэста, а з 2021 года — усёй Брэсцкай вобласці, другі сапраўды мае пасведчанне на навуковае кіраўніцтва па помніках архітэктуры. Што цікава, яны паміж сабой яшчэ і сваякі.

Але ў гэтай гісторыі найбольш цікавай з’яўляецца асоба Генадзя Аляксеевіча Андрасюка, заснавальніка кампаніі «Спартыўны клуб «Аматар». У артыкуле «Анлайнера» тлумачыцца, што «Аматар» — гэта мясцовы футбольны клуб, а спартыўную ячэйку набыў інвестар, які вырашыў, што кампанія здольная выявіць сябе ў будаўніцтве.

Дом па вуліцы Савецкіх пагранічнікаў, 8 да зносу. На яго месцы можна было будаваць толькі з выкарыстаннем параметраў фасадаў гістарычных будынкаў. Фота: Wikimedia Commons

Рэгламент, які забараняе будаўніцтва без выкарыстання параметраў фасадаў гістарычных будынкаў і вышэй за суседнія будынкі, з праекта зона аховы «Гістарычнага цэнтра г. Брэста»

Будынак па вуліцы Савецкіх пагранічнікаў, 8. Будынак ледзь не на два паверхі вышэйшы за суседні гістарычны дом. Фота: Анлайнер.

Проста нагадаем, што спорт у Беларусі — гэта часцяком вотчына сілавікоў. І Генадзь Андрасюк чакана паходзіць менавіта з сілавых структур. 

Нарадзіўся Андрасюк 24 студзеня 1978 года ў шматдзетнай сям’і ў маленькай вёсачцы Семенаўцы Жабінкаўскага раёна. Вучыўся ў Акадэміі міліцыі МУС, пасля працаваў у крымінальнай міліцыі па эканамічных злачынствах Жабінкаўскага РАУС. У 1999 годзе даслужыўся да малодшага лейтэнанта міліцыі, пасля чаго па ўласным жаданні звольніўся з РАУС. У пачатку 2010-х працаваў ва ўпраўленні Следчага камітэта Беларусі па Брэсцкай вобласці, а ў канцы 2015 года быў начальнікам адзела ўпраўлення ДФР па Брэсцкай вобласці.

Браты Генадзь і Леанід Андрасюкі, былы і дзейны супрацоўнік брэсцкага УДФР.

У гэты час з ім здарылася адна гучная гісторыя, пасля якой кар’ера ў органах не задалася.

Як у пачатку 2016 года выявілі журналісты праекта «Народны рэпарцёр», Андрасюк за некалькі гадоў да таго атрымаў зямельны ўчастак у цэнтры горада і пабудаваў там дарагі дом. Журналісты атрымалі выпіску з мясцовага БТІ на ўчастак па вуліцы Дзекабрыстаў, 10, якім завалодаў мужчына. Цікавы факт, але ў гэтым жа БТІ інжынерам працуе сястра Андрасюка Алена.

Выпіска аб перадачы ў канцы 2012 года Генадзю Андрасюку ўчастка па вуліцы Дзекабрыстаў, 10. Скрыншот відэа «Народны рэпарцёр»

З выпіскі стала вядома, што ён бязвыплатна атрымаў гэты ўчастак памерам 14 сотак паводле рашэння Брэсцкага гарвыканкама ад 30.12.2011 у пажыццёвае спадчыннае валоданне. Кошт аналагічнага ўчастка на суседняй Чыгуначнай вуліцы пры гэтым складаў на момант расследавання 912 мільёнаў недэнамінаваных рублёў (каля 50 тысяч даляраў).

Яшчэ адна дзіўная дэталь — на гэтым участку раней знаходзіўся дом, у якім жылі тры сям’і. Паводле прэзідэнцкага ўказа № 667 мясцовыя органы маглі размяркоўваць незанятыя ўчасткі, у тым ліку з размешчанымі на іх аб'ектамі, якія не выкарыстоўвалі і якія падлягалі зносу. Участак па Дзекабрыстаў, 10 пад гэтае вызначэнне ніяк не падпадаў. 

Рашэнне ад чэрвеня 2013 года аб зносе дома па вуліцы Дзекабрыстаў, 10. Скрыншот відэа «Народны рэпарцёр»

У 2013 годзе гарвыканкам прызнаў, што дом не адпавядае тэхнічным патрабаванням і вырашыў знесці яго, адсяліўшы жыхароў. У 2014 годзе сем'і атрымалі новыя двух– і трохпакаёвыя кватэры за кошт дзяржавы.

У той час, у 2011-2012 гады ў Брэсце якраз разгарэўся карупцыйны скандал вакол фірмы «Аблічча», пасля якога паляцеў з пасады старшыня гарвыканкама Аляксандр Палышанкоў і іншае гарадское кіраўніцтва.

На падораным участку сціплы чыноўнік сярэдняга звяна Генадзь Андрасюк, які толькі нядаўна меў патрэбу ў жытле, за год будуе шыкоўны дом, які можна ацаніць не менш як у некалькі соцен тысяч даляраў.

Пасля выхаду расследавання «Народнага рэпарцёра» пра ўчастак па вуліцы Дзекабрыстаў была заведзена крымінальная справа, а Брэсцкі гарвыканкам адмяніў сваё рашэнне аб перадачы ўчастка. 

Дом, пабудаваны Андрасюком на ўчастку, які задарма атрымаў у спадчыннае валоданне ад горада. Скрыншот відэа «Народны рэпарцёр»

Але справу ўрэшце спусцілі на тармазы. Крайнім зрабілі Паўла Міховіча, начальніка землеўпарадкавальнай службы гарвыканкама, які ніяк не мог самастойна раздаваць зямельныя ўчасткі, а мог зрабіць гэта толькі па загадзе свайго кіраўніцтва.

Асноўны атрымальнік выгады, Генадзь Андрасюк, сышоў з УДФР, але застаўся на волі. Магчыма, пазбегнуць адказнасці дапамаглі старыя службовыя і роднасныя сувязі, у тым жа УДФР, напрыклад, застаўся працаваць ягоны родны брат Леанід. Андрасюк нават захаваў за сабой дом, дзе да сёння жыве з жонкай і трыма дзецьмі.

Былы старшыня Аляксандр Палышанкоў таксама выйшаў сухім з вады.

Рэгламент, які забараняе будаўніцтва вышэй за 15 м на ўнутрыквартальнай забудове, з праекта зона аховы «Гістарычнага цэнтра г. Брэста»

Дом па вуліцы Гогаля, 41А размешчаны ўнутры квартала, дзе дазволена будаўніцтва не вышэй за 15 м (3-4 паверхі). «Аматар» дазволіў сам сабе цэлых 6 паверхаў. Фота: Анлайнер.

Вяртаючыся да сённяшняй будаўнічай дзейнасці ў горадзе. Неберажлівае стаўленне да гістарычнага цэнтра Брэста цягнецца яшчэ з часоў кіраўніцтва таго самага Палышанкова. Ён дазваляў знос нават афіцыйных помнікаў гісторыі і культуры да адной фасаднай сцяны. На іх месцы паўставалі эклектычныя будынкі або дысгарманічныя манструозныя збудаванні кшталту «Праменада» на Савецкай. Змена кіраўніцтва не прывяла да змены прынцыпаў працы з Брэсце.

Але «Спартыўны клуб «Аматар» усё ж адрозніваецца ад іншых. На сёння такога беззаконня не дазваляюць сабе іншыя забудоўшчыкі.

Гістарычны будынак па вуліцы Савецкіх пагранічнікаў, 28 да рэканструкцыі. Фота: Wikimedia Commons

Будынак па вуліцы Савецкіх пагранічнікаў, 28 пасля рэканструкцыі. Гістрычныя сцены захаваны, вышыня скарэктавана пад суседнія будынкі. Фота: Wikimedia Commons

Напрыклад, у суседнім квартале паралельна будаўніцтва вяла фірма «Будаўнічы рай». Дом па вуліцы Савецкіх пагранічнікаў, 28, які яны рэканструявалі, меў той жа статус «шэраговай забудовы» з тымі ж абмежаваннямі, праектаваў яго той жа «БрэстКАДпраект». 

Але яны падпарадкаваліся патрабаванням Міністэрства культуры змяніць свой праект згодна з устаноўленымі рэгламентамі. Па выніку ўдалося і гістарычную скрыню дома захаваць, і зменшыць вышыню будынка пад суседнюю забудову. Надбудова — таксама парушэнне, але парушэнне, якое можна павярнуць назад, бо засталіся гістарычныя сцены. Пасля ж «Аматара» не застаецца ніводнага каменю. 

Мабыць, і не варта задавацца пытаннем, чаму «Спартыўнаму клубу «Аматар» дазволена больш за іншых. Гісторыя Андрасюка добра адказвае на гэтае пытанне: сваім — усё, чужым — закон!

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Што не так з новай рэканструкцыяй будынка ў гістарычным цэнтры Брэста?

У Брэсце плануецца чарговы наступ на гістарычную забудову вуліцы Савецкай?

Год як закрыты Чырвоны касцёл. Колькі чакаць яшчэ?

Ф. Раўбіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
13
Панылы сорам
2
Ха-ха
5
Ого
2
Сумна
7
Абуральна
61
06.02.2024
Рэд., вас пачытаешь, дык і Брэсцкую крэпасць нельга знасіць?
07.02.2024
*, нельга, палякі ж сваю крэпасць у Варшаве не знеслі
0
дочка Латушкі/адказаць/
08.02.2024
Sid, у Варшаве не была
а што ў іх там за крэпасць? )
колькі градусаў ? ) па кандібулябру )
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031