Знайсці
31.01.2024 / 21:317РусŁacБел

Хутка кава можа стаць раскошай

Глабальнае пацяпленне можа ўдарыць па вытворчасці кавы. Вось што можа змяніцца на рынку і ў нашых звычках.

Фота: vecteezy

Зноў глабальнае пацяпленне

Кафеін — адзін з самых папулярных у свеце наркотыкаў, а кава — адзін з самых любімых механізмаў яго дастаўкі ў арганізм. Яе вырошчваюць больш чым у 70 краінах, а кожны дзень выпіваецца больш за 2 мільярды кубкаў духмянага напою. Кава дапамагае атрымліваць сродкі да існавання прыкладна 125 мільёнам чалавек, якія так ці інакш звязаныя з яе вытворчасцю і продажам.

Але глабальнае пацяпленне не абмінула і гэты прадукт, яно сур’ёзна пагражае пастаўкам кавы ва ўсім свеце. Тэмпература расце, а рэжым ападкаў змяняецца таксама ў Паўднёвай Амерыцы, Цэнтральнай Афрыцы і Паўднёва-Усходняй Азіі, дзе вырошчваецца большая частка кавы. Да канца стагоддзя ад 35% да 75% зямель пад вырошчванне кавы ў Бразіліі, якая з’яўляецца найбуйнейшым у свеце вытворцам, могуць стаць непрыдатнымі для апрацоўкі. Такая сумная выснова робіцца ў працы, апублікаванай у Science of the Total Environment.

У іншым артыкуле, апублікаваным у далёкім ужо 2015 годзе, зроблена выснова, што да 2050 года ад 43% да 58% сусветных земляў для вырошчвання кавы стануць непрыдатнымі ў залежнасці ад таго, наколькі моцна вырасце ўзровень парніковых газаў. Частку гэтых стратаў тэарэтычна можна будзе кампенсаваць, калі нагрэюцца іншыя ўчасткі зямель, якія цяпер занадта халодныя для вырошчвання кавы. Новыя плантацыі могуць з’явіцца, напрыклад, на поўдні Кітая або на паўночным узбярэжжы Мексіканскага заліва. Але наўрад ці яны цалкам кампенсуюць недахоп.

Праблема ў тым, што кава з'яўляецца капрызнай раслінай; а кава арабіка, зерне якой складае 70% сусветнай вытворчасці, асабліва капрызная. Найлепшы ўраджай арабіка дае, калі тэмпературныя ваганні на працягу года складаюць ад 18°C ​​да 23°C. Многія з месцаў, дзе на сённяшні дзень пакуль вырошчваецца кава, ужо блізкія да верхняй мяжы гэтага дыяпазону, расказвае The Economist. Пры павышаных тэмпературах кава стае больш успрымальнай да такіх хвароб, як кававая іржа (грыбковая інфекцыя) і спусташальных нападаў жукоў-ягаднікаў, якія адкладаюць яйкі ў растучыя бабы.

Фермерам, якія вырошчваюць рабусту (Coffea canephora) — стойкую і горкую сваячку арабікі — можна пакуль турбавацца крыху менш. Рабуста аддае перавагу больш высокім тэмпературам, але смак яе можа не падабацца шматлікім аматарам кавы. Бабы рабусты каштуюць менш за бабы арабікі, яны ў асноўным выкарыстоўваюцца ў распушчальнай каве. Такім чынам, для шанавальнікаў арабікі галоўным пытаннем застаецца яе захаванне.

Што рабіць

Адзін з варыянтаў рашэння кававага дэфіцыту — проста рухацца ўгору. Пры іншых роўных тэмпература паніжаецца прыкладна на 0,7°C на кожныя 100 метраў над узроўнем мора. Напрыклад, у Танзаніі ёсць значныя плошчы зямлі на вышыні ад 150 да 200 метраў, дзе ў цяперашні час вырошчваецца арабіка, што павінна добра працаваць для вырошчвання кавы пры агульным павышэнні тэмпературы. У Эфіопіі некаторыя фермеры ўжо перанеслі свае плантацыі на 600 метраў вышэй.

Але большая вышыня звычайна азначае больш крутыя схілы і меншы пласт глебы, што павялічвае хуткасць вымывання пажыўных рэчываў дажджамі. Замена натуральных рэчываў на штучныя ўгнаенні каштуе дорага. Але ж галоўнае тое, што вышэйшыя схілы бываюць часта пакрытыя густымі, багатымі жыццём лясамі. Скарачэнне іх з мэтай вызвалення месца пад каву відавочна прывядзе да яшчэ большых кліматычных праблем. І вішанька на торце: для атрымання добрага ўраджаю новым плантацыям патрабуецца мінімум пяць, а часта і больш гадоў. Для многіх дробных вытворцаў такія затрымкі — не варыянт.

Іншы варыянт рашэння праблемы — змяніць спосаб кіравання наяўнымі насаджэннямі. Расліны кавы адносна невысокія і прывыклі жыць у цені пад полагам лесу. Сапраўды, так іх першапачаткова і культывавалі. Але па меры росту попыту ў XX стагоддзі фермеры выдалялі вышэйшыя дрэвы, каб пасадзіць на сваёй зямлі больш раслін кавы. Цяпер некаторыя пераглядаюць гэтыя старыя метады, але працэс перагляду ідзе марудна.

Даследчыкі паўсюдна прыходзяць да высновы, што крытычным для захавання кавы з’яўляецца захаванне лясоў. Апроч таго, што цень запавольвае працэс паспявання, паляпшаючы памер і смак кававых зерняў, дрэвы з'яўляюцца яшчэ домам для карысных драпежнікаў і апыляльнікаў.

Даследаванне, праведзенае ў Кеніі, прыйшло да высновы, што зацененыя плантацыі з апыляльнікамі даюць на 10,8% больш кававых ягад на галінку, чым незацененыя плантацыі. А кажаны, птушкі і некаторыя інсекты, што жывуць на дрэвах, з задавальненнем ласуюцца такімі шкоднікамі, як жук-ягаднік.

Што тычыцца таго факту, што дрэвы здабываюць ваду і пажыўныя рэчывы з той жа глебы, што і расліны кавы, то пытанне аб тым, ці выклікае гэта праблемы, — дыскусійнае. Цень і вільготнасць, якія ствараюць кроны дрэваў, памяншаюць колькасць вады, якую расліны кавы губляюць пры выпарэнні.

Пакуль баланс выдаткаў і выгод вагаецца, а фермеры і агралесаводствы доўга і марудна разглядаюць усе «за» і «супраць», некаторыя даследчыкі спрабуюць змяніць самі кававыя бабы. Апроч арабікі і рабусты вядома яшчэ каля 130 відаў кавы, але большасць з іх ігнаруецца або ўвогуле была забытая вытворцамі з-за непрыемнага смаку, нізкай ураджайнасці або дробнага памеру бабоў.

Але прынамсі адзін чалавек не забыўся пра іх — Аарон Дэвіс, батанік Royal Botanic Gardens у брытанскім горадзе К'ю. Доктар Дэвіс вывучаў усё, што мог, пра страчаныя віды і высветліў, што многія з іх квітнелі ў больш цёплым або сухім асяроддзі, чым нават сённяшнія ўмовы. Напрыклад, адна справаздача, напісаная ў 1834 годзе, апісвала від кавы, вядомы як Coffea stenophylla, які быў знойдзены ў дзікім выглядзе ў Сьера-Леонэ; а кава, звараная з ягад расліны, апісвалася па смаку як лепшая нават за арабіку.

Згубленыя і знойдзеныя

Заінтрыгаваны доктар Дэвіс разам з калегамі адправіўся на пошукі і выявіў, што гэты від усё яшчэ расце ў Сьера-Леонэ. Да таго ж навукоўцам удалося адшукаць яшчэ адзін страчаны від, вядомы як Coffea affinis. Абодва віды паходзяць з гарачых і сухіх нізінных пагоркаў Сьера-Леонэ, што сведчыць аб тым, што яны, верагодна, могуць справіцца з цяплейшым кліматам. Знаходка навукоўцаў была сапраўдным шанцаваннем, бо абедзве расліны знаходзяцца пад пагрозай знікнення.

У 2021 г. Дэвіс апублікаваў артыкул, у якім паказвае, што ў параўнанні з бразільскай арабікай C. stenophylla была больш фруктовай, мела лепшую кіслотнасць і больш складаны смакавы профіль (хоць і крыху горшая па гэтых характарыстыках у параўнанні з эфіопскай арабікай). Тэставанне адбывалася падчас сляпога дэгустацыйнага тэсту; і суддзі, каштуючы C. stenophylla, палічылі, што яны п'юць арабіку ў 81% выпадкаў. C. affinis прадэманстраваў падобныя вынікі.

Нягледзячы на працу ў гэтым кірунку і даследаванні некаторых іншых забытых відаў, пакуль не было знойдзена ніводнага віду, які мог бы ў поўнай меры замяніць арабіку. Замест гэтага ёсць надзея на тое, што спалучэнне геннай інжынерыі і старамоднага скрыжавання можа дазволіць перанесці рысы зноўку адкрытых відаў у арабіку або дапамагчы перасадзіць рысы арабікі ў новы від. Доктар Дэвіс вядзе два даследчыя праекты, накіраваныя менавіта на гэта, хоць і не жадае пакуль даваць падрабязнасці. Дакумент, які змяшчае самы поўны геном арабікі, апублікаваны ў Nature Communications 23 студзеня, павінен зрушыць справу з месца.

Але пройдзе час, перш чым такая праца прынясе бабы. Паміж прапановай новага гатунку кавы і яго зацвярджэннем для камерцыйнага выкарыстання можа прайсці дзесяць гадоў і больш. Але той жа Бразіліі неабходна прыняць больш неадкладныя меры. Разумная, навукова абгрунтаваная аграпалітыка можа выйграць час для навукоўцаў, каб прыдумаць новую кававую расліну, якая зможа квітнець у цяплейшым свеце. 

Чытайце таксама:

Не кожная кава — карысная

Цяпер афіцыйна: гэта было самае спякотнае лета за ўсю гісторыю назіранняў

Бамбл-кава — сапраўдны летні хіт. Асцярожна, гэты напой можа стаць вашым улюбёным

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
6
Панылы сорам
7
Ха-ха
3
Ого
17
Сумна
12
Абуральна
15
0
даведка/адказаць/
01.02.2024
Lavazza золотая подорожала в белорусских магазинах за год с конца 2022 г. по конец 2023 г. в полтора раза.
1
Жора/адказаць/
01.02.2024
Я гэтыя пужалкі пра дэфіцыт кавы апошнія год 10 бачу. Па ранейшых прагнозах сёння, у 2024 годзе, я б ужо не меў магчымасці выпіць кубак кавы. А яна ўсё яшчэ па 5 еўра за паўкіло ў "максіме" на зніжцы...
02.02.2024
Вот не понимаю… вроде не бедные тут люди,.. а че такие материальные…у вас на кофе не хватает??
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031