Знайсці
16.11.2023 / 21:4311РусŁacБел

«Міфатворчасць і канспіралогія». Стурэйка раскрытыкаваў кнігу Абламейкі, пераможцы прэміі Гедройця

«Міфатворчасць і канспіралогія як інструменты гісторыка» — пад такім загалоўкам у «Беларускім гістарычным аглядзе» культурны антраполаг, выкладчык Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Сцяпан Стурэйка надрукаваў рэцэнзію на даследаванне Сяргея Абламейкі «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення». У чым прычына такой рэзкай крытыкі выдання, якое летась атрымала самую прэстыжную літаратурную ўзнагароду?

Фота: «Радыё Свабода»

Даследаванне Сяргея Абламейкі «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення» выйшла ў 2021 годзе ў серыі «Бібліятэка Свабоды» ў дзвюх кнігах.

У кароткай анатацыі на выданне можна прачытаць, што гэта «першае навуковае даследаванне пра час і прычыны разбурэння Старога горада, яго загадкі, яго герояў і антыгерояў». Кніга падрыхтавана на падставе доктарскай дысертацыі, якую Абламейка абараніў у 2019 годзе ў Беластоцкім універсітэце.

Першая кніга прысвечана даваеннаму перыяду і распавядае пра першыя спробы захавання Старога горада, другая тычыцца ваеннага і пасляваеннага перыяду. У лістападзе 2022 года першая кніга стала пераможцам літаратурнай прэміі Гедройця.

У сваёй рэцэнзіі Сцяпан Стурэйка адзначае, што яго першае ўражанне ад кнігі было добрым. Аўтар сабраў і прааналізаваў згадкі пра Стары горад у шматлікіх публікацыях даваеннага перыяду, сведчанні пра разбурэнні ў гады вайны, вывучыў дакументы, якія датычаць дыскусіі 1950-х гадоў аб захаванні мінскага Замчышча.

У кнізе шмат рэдкіх здымкаў, якія дагэтуль не былі апублікаваныя. Да ўсяго іншага «кніга чытаецца старонка за старонкай нібы дэтэктыў. Такой стылістыкі беларускай нон-фікшын літаратуры моцна не хапае», — піша Стурэйка.

Аднак на гэтым бадай што станоўчыя моманты заканчваюцца. Сцяпан Стурэйка падвяргае змест кнігі грунтоўнаму аналізу з пункта гледжання навукоўца. Ён заўважае, што не стаў бы раіць кнігу чытачам, якія «сапраўды хацелі б разабрацца ў перыпетыях лёсу мінскага гістарычнага цэнтру, асабліва тым, хто не мае сур’ёзнага даследчага бэкграўнду ў гісторыі архітэктуры і горадабудаўніцтва і не можа крытычна ацаніць аўтарскія тэзы».

Прычына гэтага ў тым, што ў такіх чытачоў двухтомнік «можа сфармаваць толькі насычанае міфамі і канспіралогіяй, а таму далёкае ад праўдзівасці разуменне гэтай складанай гісторыі». Тое, «што добра для газеты «Сенсацыя», зусім кепска для вынікаў абароненага доктарскага даследавання», — заўважае Сцяпан Стурэйка.

Далей Стурэйка прыводзіць шмат крытычных заўваг, цытуе аўтара, падрабязна разглядае асобныя ключавыя моманты, часам распавядае, як бы ён інтэрпрэтаваў крыніцы. Усё гэта, на наш погляд, будзе цікава ў асноўным навукоўцам ці людзям, заангажаваным у праблеме. Мы прывядзем толькі найбольш агульныя і зразумелыя.

Культурны антраполаг і доктар гісторыі Стурэйка абвінавачвае другога доктара гісторыі ў «актыўнай міфатворчасці», у тым, што ён імкнецца «пераносіць ідэі і ўяўленні цяперашняга часу ў папярэднюю эпоху» і «аўтаматычна надзяляе сваіх герояў матывацыяй, якая не была ім уласцівая». 

Рэцэнзент абвінавачвае аўтара ў пераняцці бачання нацыянальнай прыналежнасці горада, якое было характэрна для палітычных дзеячаў пачатку 1920-х гадоў. У выніку ён імкнецца «давесці выключную беларускую ідэнтычнасць мінскай спадчыны».

Не ў захапленні рэцэнзент і ад таго, што змесціва асобных раздзелаў і нават частак не адпавядае іх назве. Ён прыводзіць прыклад, што ў частцы пад назвай «План рэстаўрацыі Замчышча» (кніга першая), якая займае 41 старонку, толькі згадка пра тое, што такі план існаваў. Усё астатняе — «спекуляцыі аўтара». І гэта не адзіны выпадак.

Наступнай істотнай заганай кнігі, на погляд Стурэйкі, з'яўляецца «імкненне да максімальнага спрашчэння і палярызацыі апісаных падзей і з’яў». Прычыну гэтаму ён бачыць у журналісцкім вопыце аўтара.

«Тое, што добра працуе ў рэпартажы, зусім не пасуе гістарычнаму даследаванню з навуковымі рэцэнзентамі. Таму што гаворка вядзецца пра складаныя рэчы, для вывучэння якіх існуюць напрацаваныя пакаленнямі даследчыкаў падыходы, а іх сп. Абламейка ігнаруе», — сцвярджае Стурэйка.

На погляд рэцэнзента, аўтару ўласцівы антыкамунізм, які перашкаджае абʼектыўна інтэрпрэтаваць крыніцы і падаваць факты:

«У сваім антыбальшавізме Абламейка зусім не ўмее працаваць з крыніцамі або ў пагоні за сенсацыямі проста не хоча ставіцца да іх крытычна. Крытыкуе толькі савецкія сведчанні, а вось крыніцы ад нацыянальных дзеячаў або немцаў успрымае абсалютна некрытычна», — піша Стурэйка.

Акрамя міфатворчасці Стурэйка абвінавачвае Абламейку ў тым, што частка яго высноў «проста высмактаная з пальца», а ў некаторых месцах «тэкст складаецца з беспадстаўных спекуляцый», што ён «настолькі ўпэўнены ў сваіх тэорыях, што замест вывучэння крыніц проста ў тэксце кнігі часта з імі палемізуе».

«І нават калі Абламейку перыядычна трапляюць дакументы, што тлумачаць прычыны тых ці іншых прынятых горадабудаўнічых рашэнняў, і ён іх нават цытуе, то ўсё адно ніякія тлумачэнні яго не задавальняюць, а за ўсімі аргументамі ён бачыць толькі непавагу да гарадской даўніны», —

заўважае Стурэйка і раіць аўтару пачытаць мемуары архітэктараў, даследаванні пра савецкую і міжнародную архітэктуру 40-50-х гадоў XX ст., «урэшце пагутарыць са сталымі архітэктарамі, сярод якіх у час напісання дысертацыі былі жывыя нават некаторыя ўдзельнікі аднаўлення».

Знаёмства са змесцівам даследавання дазволіла рэцэнзенту сцвярджаць, што «аўтар абсалютна не знаёмы з ідэямі, якімі жылі пасляваенныя архітэктары, не знаёмы з міжнародным кантэкстам, з аналагічнай замежнай практыкай адбудовы разбураных гарадоў».

У канцы сваёй рэцэнзіі Сцяпан Стурэйка заўважае, што можна было б паставіцца да кнігі як да чарговага публіцыстычнага твора на сацыяльна-значную тэму. Але такому ўспрыняццю перашкаджае «прэтэнзія на навуковасць» і высокая ацэнка журы прэміі Гедройця.

«У сапраўднасці ж перад намі вынік невалодання падставовай метадалогіяй гістарычнай працы, нежадання разбірацца і наадварот — жадання ўсё максімальна спрасціць ды звесці да лозунгаў і прымітыўных агітак, часам небяспечных ці проста дзіўных, а таксама вынік актыўнай міфатворчасці, прыпраўленай схільнасцю да містычных і канспіралагічных тэорый», —

піша Стурэйка і задаецца рытарычнымі пытаннямі адносна таго, ці заслужыла такую кнігу гісторыя Мінска і беларуская гістарычная супольнасць.

У той жа час кніга Сяргея Абламейкі заслужыла прызнанне аўтарытэтнага журы прэміі імя Ежы Гедройця. У тагалетнім конкурсе выданню аддалі перавагу перад раманам Уладзіміра Някляева і кнігай Вольгі Гапеевай.

Чытайце яшчэ:

«Зыбіцкая — прыклад дзікунства». Гутарка з пераможцам Гедройця Сяргеем Абламейкам

Выйшла карта-даведнік «Мінск-гістарычны» — з гістарычнымі назвамі вуліц, помнікамі і картай Замчышча

«Усе варыянты генплана прадугледжваюць поўны знос Старога горада». Калі ўлады задумалі знішчыць цэнтр Мінска

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
20
Панылы сорам
5
Ха-ха
3
Ого
13
Сумна
1
Абуральна
6
1
нематолька/адказаць/
17.11.2023
І што адметнага нам пабудавалі тыя саўковыя архітэктары? Помнік Перамогі, пад якім ніхто не пахаваны? "Маўзалей" на плошчы Рэспублікі? Нейкую каменную стайню на месцы былога замчышча? Варшава таксама была разбураная пасля вайны, але там хаця б намагаліся.
2
Лявон/адказаць/
18.11.2023
Абламейка, гісторык па адукацыі і пісьменнтк па таленце, зрабіў працу цэлага інстытута гісторыі, і зрабіў прафэсійна, з фактычнымі адкрыццямі і канцэптуальнымі высновамі, і атрымаў за яе званьне доктара гісторыі. І пасля напісаў два захапляльныя дэтэктыўныя тамы, па-беларуску, адзначаныя прэміямі і імгненна стаўшыя дэфіцытам. Такія вынікі ў навуцы і літаратуры заўсёды выклікалі бурчанне, нападкі і зайздрасць, асабліва сярод напаўбездарнасцяў ці ўчорашніх аўтарытэтаў. Гістарычны агляд і рэдактар Сагановіч надрукавалі рэцэнзію на саміх сябе. Sic transit gloria mundi.
18.11.2023
Кока, historyja pakazvaje, što tolki heta i maje značeńnie.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031