Знайсці
01.09.2023 / 20:2114РусŁacБел

«Настаўнік гладзіў дзяўчынак па галаве, цалаваў у макушку, шаптаў на вуха і мог нават лізнуць»

Сабралі гісторыі тых, для каго першага верасня ніколі не было святам.

Фота: Getty Images / Rafael Ben-Ari

Таццяна: «Булілі, што ў мяне грудзі маленькія»

«Школа — маленькая мадэль грамадства, і гэты прымус ва ўсім — ад формы да метадаў навучання — я з дзяцінства адчувала на сваёй скуры. Таму цяпер беларускім шкалярам магу толькі спачуваць», — распавядае Таццяна з Мінска.

Будучы звычайнай па беларускіх мерках дзяўчынкай, Таня ўсё роўна сутыкнулася з булінгам:

«Я нават не ведаю прычыны: у мяне сярэднестатыстычныя прозвішча і знешнасць, але мне прыдумвалі крыўдныя мянушкі, аб'яўлялі байкоты. Здзекаваліся з таго, што я сядзела з дзяўчынкай са шматдзетнай сям'і і дапамагала ёй у вучобе».

Становішча Тані яшчэ больш пагоршылася ў дзясятым класе, калі яе пачалі задзіраць за маленькія грудзі. Дзяўчына спрабавала ўцячы ад абраз: змяніла тры школы і апошнюю — праз ультыматум да бацькоў. «Я прама сказала, што не буду больш туды хадзіць. Настаўнікі ў той школе ўсё бачылі і ведалі, але звычайная іх рэакцыя — абыякавасць».

Таццяна ўпэўненая, што сённяшнія дарослыя павінны памятаць, як было ў школе, і з разуменнем ставіцца да цяжкасцяў сваіх дзяцей: «Я была вымушаная пасталець у 11 гадоў, каб з гэтым спраўляцца, таму што бацькі не хацелі нічога бачыць. Між тым такія гісторыі адбіваюцца ў будучыні — потым трэба будзе траціць грошы на псіхолага».

Алена: «Я была пляменніцай настаўніка — гэтага хапала, каб мне задзіраць»

У сёмым класе Алена перайшла ў новую школу і хутка зразумела, што гэта такое — быць пляменніцай настаўніка. Яе задзірала асобная тусоўка аднакласнікаў: «Не білі, нічога такога. Проста актыўна не любілі і ўсяляк давалі гэта зразумець. Такое, тынэйджарскае: кнопкі падкладалі на крэсла, бралі спісаць «дамашку» і выпраўлялі правільныя адказы на няправільныя».

Асабліва дзяўчынцы даставалася ад аднаго аднакласніка: ён адчуваў да яе моцную і нейкую асабістую непрыязнасць. «Пры гэтым сябры ў мяне былі і ізгоем мяне складана назваць», — прызнаецца Алена. Аналізуючы жорсткасць хлопчыка, яна думае, што прычынай яго паводзін стала рэўнасць да любімага настаўніка: «Можа, гэты выкладчык быў яго любімым — а тут пляменніца і ўся ўвага ёй. А можа, проста дурань, такое таксама здараецца».

Максім: «Я гей. А зараз уявіце, што мая школа знаходзілася ў Чыжоўцы»

Максім рана адчуў, што адрозніваецца ад іншых хлапчукоў: «Мне з дзяцінства цяжка знаходзіцца ў мужчынскай кампаніі — усе гэтыя гульні ў вайнушку і спорт ніколі мяне не цікавілі. У першых класах я зразумеў, у чым мая «праблема», і нутром адчуў, што гэта трэба хаваць».

Хлопчык з усіх сіл стараўся здавацца «нармальным», але ад гэтага рабілася толькі горш: «Не думаю, што, называючы мяне п*дарам, аднакласнікі сапраўды здагадваліся, што я гей. Магчыма, калі б я тады прызнаўся, яны былі б мякчэйшыя».

Максім вучыўся ў звычайнай школе ў сталічным раёне Чыжоўка. З тымі, каго падазравалі ў нетрадыцыйнай арыентацыі, мясцовыя падлеткі абыходзіліся жорстка. Хлопца не раз збівалі, а крадзеж яго асабістых рэчаў «дзеля прыколу» да канца старэйшых класаў ужо не здаваўся чымсьці незвычайным.

«Калі я перайшоў у дзявяты клас, то зразумеў, што праблема не толькі ў школе і я проста загіну, калі застануся ў гэтай краіне. Таму я зрабіў усё магчымае, каб паступіць у Чэхію і з'ехаць як мага хутчэй пасля выпускнога». Сёння Максім жыве ў Еўропе і аб вяртанні дадому па-ранейшаму не думае.

Ліза: «Настаўнік гладзіў дзяўчынак па галаве, цалаваў у макушку, шаптаў на вуха і мог нават лізнуць»

Ліза вучылася ў звычайным дружным класе і ад булінгу, як іншыя героі нашага артыкула, не пакутавала. Праблемы ў дзяўчынкі пачаліся, калі тая перайшла ў старэйшую школу: з 9 па 11 клас яна цярпела прыставанне з боку настаўніка рускай мовы і літаратуры.

«Памятаю, што ён моцна піў. У яго быў чырвоны твар, а валасы і ўвесь пінжак — у шматках ад перхаці. І невыносны смурод з сумесі гнілых зубоў, перагару і адэкалону».

У класе, дзе вучылася Ліза, было дзевяць дзяўчынак, і ўсе сутыкаліся з непрыстойнымі паводзінамі педагога: «Увесь час майго навучання — з 2001 па 2004 год — ён гладзіў дзяўчынак па галаве, цалаваў у макушку, шаптаў на вуха і мог нават лізнуць языком. Я памятаю, што зненавідзела рускую мову з-за яго».

Дзяўчынкі спрабавалі абараняцца: крычалі, адштурхоўвалі настаўніка, уцякалі з класа, калі заставаліся з ім сам-насам, але бацькам нічога не казалі: «Я не ведаю чаму. Было так брыдка. Да таго ж нам у галаву ўкладалі, што калі ты яркая і прыгожая, то сама вінаватая ў такіх паводзінах».

Ліза мяркуе, што гісторыя з дамаганнем магла паўплываць на яе дарослае жыццё, але не думае, што гэта яе зламала: «Я не магу правесці паралель і дакладна сказаць, што менавіта ён вінаваты ва ўсіх маіх бедах, але з псіхолагам я гэта яшчэ не капала. А пасля школы ў мяне засталося толькі адно — нелюбоў».

Чытайце таксама:

«Дырэктарка абурылася тым, што мы паклеілі беларускія шпалеры, а не нямецкія». Бацькі пра зборы на рамонт у школах

Прапагандысты прыдумалі, як падняць сяло — забараніць гурт «Дразды» і ніякіх клубаў, бо працаваць трэба

У адной школе правядуць эксперымент: дзеці будуць вучыцца стоячы

Кацярына Гардзеева

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
3
Панылы сорам
3
Ха-ха
3
Ого
4
Сумна
7
Абуральна
14
6
Кот абармот/адказаць/
02.09.2023
РыБа, истеричка? Ничего - бывает. Тут посочувствовать можно только вашему окружению но не вам.
1
рыба/адказаць/
02.09.2023
а я предупреждало)
2
Абадзень/адказаць/
03.09.2023
Этот который нетрадиционный так наверняка белорускомовный. У нас в школе тоже один такой был.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031