Знайсці
27.06.2023 / 12:54РусŁacБел

У берлінскім выдавецтве hochroth Minsk з’явіліся тры новыя кнігі

Пра выхад кніг паэзіі Ганны Комар «Вызвалі або бяжы», Артура Камароўскага «Я і ёсць забаронены сцяг», Вольгі Злотнікавай «Наперадзе толькі лес» паведаміў паэт і кнігавыдавец Дзмітрый Строцаў у сацыяльных сетках.

Новыя паэтычная зборнікі выдавецтва hochroth Minsk. Фота: facebook/Strotsev Dmitry.

У каментарах да допісу Дзмітрый Строцаў прапануе кароткія анатацыі паэтычных зборнікаў, як піша Reform.by.

Ганна Комар. «Вызвалі або бяжы». Фота: facebook/Strotsev Dmitry.

Новая паэтычная кніга Ганны Комар быццам глыток болю. Нягледзячы на топавасць гэтага матыву ў мастацкім свеце паэткі, тут ëн успрымаецца ў новым ракурсе. «Вызвалі або бяжы» — заклік, у якім сацыяльнае і асабістае перапляліся ў адно, стварыўшы творчае крэда — «быць мацнейшай за абставіны». Менавіта таму ў свеце, які паўстае на старонках кнігі быццам за кратамі, паэтычнае слова адчуваецца як глыток паветра. Яго нельга забраць ажно ў затхлай турме ці аўтазаку, як немагчыма пазбавіць унутраняй свабоды, нестрыманай і бязмернай, шчырасці ў дачыненні на свету.

Менавіта такое адчуванне выклікаюць вершы, напісаныя ў 2018-2022 гады, большасць з якіх прайшлі для паэткі ў Беларусі. Затрыманні на вуліцах Мінска, збіццë ў камеры «на чатырох, дзе я была шаснаццатай», сведчанне пра вайну ва Украіне, якую перажываюць не абстрактныя ахвяры, а блізкія людзі, сябры, — усë гэта стварае летапіс часу, перададзены праз успрыманне маладой жанчыны, якая ў свеце катаваным і несвабодным не страчвае, мабыць, адзінага пакінутага ëй права — быць сабой.

Вольга Злотнікава. «Наперадзе толькі лес». Фота: facebook/Strotsev Dmitry.

«…над намі стаіць жыццё, / дзіцёнак-анёл / з перакуленага / чоўна любові» — мабыць, самая дакладная цытата з новай паэтычнай кнігі Вольгі Злотнікавай, своеасаблівыя ўводзіны ў мастацкі свет паэткі. Яго адметнасць у тым, што Вольга арганічна спалучае сістэмы дзвюх моў — беларускай і рускай, кожная з якіх прыносіць у яе паэзію сузор’е вобразаў, гучанне паэтычнага радка, непаўторную інтанацыю.

У новай кнізе яе асновай робяцца збіты рытм, абрыўкі фраз з мноствам паўз, гукавых лакунаў, якія пакідаюць прастору для роздуму. У вершах адчуваецца досвед чалавека, які прайшоў праз жнівень 2020-га, таму і біблейская вобразнасць падаецца ў змрочных фарбах, а надзея праблематызуецца, каб не напісаць «адсутнічае», мастацкі свет пранізваюць лейтматывы маўчання, немагчымасці крыку, няздольнасці прабіць сцяну пустэчы, гвалтоўнага пазбаўлення гуку. І разам з тым гэта не каментары да рэчаіснасці. Дакладней, больш за каментары, бо гаворка ідзе пра чалавечы лëс, ягоную трапяткую частку ― сэрца. Таму і лес ― наперадзе.

Артур Камароўскі. «Я і ёсць забаронены сцяг». Фота: facebook/Strotsev Dmitry.

Як павінен адчуваць сябе чалавек у грамадстве, эмблемай якога становіцца радок: «ëн хацеў валодаць табой / мы трымаліся»? Асабліва, калі ўжо відавочныя вынікі гэтага «валодання» і «трымання». Бо сканаў сусвет, сацыяльны і асабісты.

Адным з адказаў на гэтыя пытанні можна лічыць кнігу вершаў Артура Камароўскага «Я і ëсць забаронены сцяг».

Яна адлюстроўвае складаныя стасункі з рэчаіснасцю, якія пад удзеяннем сацыяльных абставін робяцца гранічна сапсаванымі. Кніга ставіць актуальную проблему непрымання «інных», то-бок тых, хто чымсьці адрозніваецца, не дапасуецца да «сваіх». Тое, на чым гэтае адрозненне грунтуецца, розніцы не мае. Лейтматывы гвалту і крохкасці цела, спробы знайсці апірышча ў пасляжнівеньскім свеце ― усë гэта ўводзіць кнігу Артура Камароўскага ў рэчышча пратэснай лірыкі, захоўваючы тым не менш самабытнасць паэтычнага свету.

Заказваць можна па адрасе: [email protected]

Новы кошт аднаго асобніка — 10 €. Дастаўка па Германіі — 1,60 € (ад двух асобнікаў — бясплатна). Дастаўка ў краіны Еўропы — 3,70 € (ад чатырох асобнікаў — бясплатна). Аплата пасля атрымання замовы, банкаўскім пераводам на рахунак у Германіі.

Рахунак загадзя не адпраўляецца — дасылаецца з кнігамі. Тэрмін дастаўкі — да трох тыдняў.

Чытайце таксама:

Уладзімір Арлоў: «Я мару пра час, калі ў дэмакратычнай Беларусі прэзідэнтам будзе жанчына»

Праз сто гадоў на расійскім аўкцыёне ўсплыла рэліквія з мінскага кафедральнага сабора

Кафкіянская імперыя і яе метады. 200 гадоў з пачатку «працэсу філаматаў і філарэтаў»

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031