Знайсці
07.10.2020 / 08:292РусŁacБел

Аўтар мурала з дыджэямі на «Плошчы пераменаў» расказаў, навошта яго ўпарта аднаўляюць

Муралу з «дыджэямі пераменаў» у мінскім двары неўзабаве споўніцца два месяцы. Яго зафарбоўваюць, здзіраюць, але ён зноў вяртаецца на ранейшае месца. Каб малюнак звычайных хлопцаў з Мінска зноў не нанеслі на будку, яе нейкі час нават кругласутачна ахоўвалі сілавікі. Адзін з аўтараў мурала ананімна распавёў tut.by пра сакрэты незвычайнага арт-аб'екта.

Фота: Дзмітрый Брушко, tut.by

Чаму дыджэі, чаму менавіта ў гэтым двары?

Аўтары мурала на «Плошчы пераменаў» на Чарвякова — некалькі сяброў, жыхары раёна. Адзін з іх тлумачыць: сквер каля кінатэатра «Кіеў», дзе гукарэжысёры Улад і Кірыл уключылі песню Цоя, — іх «зона адказнасці», таму што побач.

— У першы раз мы хацелі «вярнуць» дыджэяў на кінатэатр. Але, калі наносілі мурал на сцяну, міма праехаў нарад ДАІ — прыйшлося ўцякаць па дварах.

Суразмоўца рады, што так выйшла: у выніку мурал пасяліўся не на кінатэатры, а ў двары на дзіцячай пляцоўцы, і вакол яго закруцілася жыццё.

— Без жыхароў дамоў, іх актыўнай грамадзянскай пазіцыі і жадання жыць свабодна не было б ніякай далейшай гісторыі «Плошчы пераменаў».

Пытаемся, чаму на гэтым мурале менавіта дыджэі, а не іншыя героі пратэсту — тая ж Марыя Калеснікава? Аўтар адказвае проста.

— Марыя, Святлана, Віктар, Максім і дзясяткі іншых, безумоўна, героі, але дыджэі — гэта героі знізу, тым больш яшчэ і насуперак сістэме, у якой ім даводзілася працаваць. Учынак хлопцаў просты, чысты і ад сэрца — гэта немагчыма арганізаваць і праплаціць, таму і счытваецца так моцна ўсімі навакольнымі. У гэтым каштоўнасць іх учынку і вобразу.

Мінчук лічыць, што асноўны сакрэт гэтага арт-аб'екта — у своечасовасці. Гэтым жа тлумачыцца яго жывучасць.

— Упершыню мурал з'явіўся раніцай 12 жніўня, пасля трох страшных начэй. Гэта быў дзень, калі дзяўчаты ў белым сабраліся ў ланцуг салідарнасці ля Камароўскага рынку.

Страх крыху адступіў, а несправядлівасць і жорсткасць не паддаваліся тлумачэнню. Такі сімвал потым абавязаны быў уваскрэснуць — каб у жыхароў была надзея. Страшна, калі ты адзін. Але калі вас шмат — гэта грэе, дае сілы дзейнічаць, — разважае мужчына.

Як наогул гэта робіцца?

Сцяна, на якой малююць мурал, — не трансфарматарная падстанцыя, як часта пішуць. Гэта частка вентыляцыйнага памяшкання падземнага паркінга, які знаходзіцца проста пад дзіцячай пляцоўкай.

Сам мурал да апошніх тыдня-двух быў папяровы.

— Гэта апрацаваная фатаграфія дыджэяў. Дэталі мінімізавалі да двух колераў для кантрасту і для магчымасці спалучаць з любым колерам сцен. Малюнак нанеслі на паперу сярэдняй шчыльнасці з матавым бокам. Даводзілася выкарыстоўваць звычайны клей ПВА для нанясення з дапамогай валікаў.

Цяпер арт-аб'ект аднаўляюць іншыя жыхары двара. Суразмоўца тлумачыць, як менавіта:

— Яны наносяць мурал аэразольнай фарбай. Так хутчэй і танней, плюс малюнак пакрываюць гідрафабізатарам, які адштурхвае вільгаць і вялікую частку фарбаў.

Колькі разоў уваскрасаў мурал

— Нядаўна прачыталі ў адным з тэлеграм-каналаў, што толькі на вайне сімвалы даражэйшыя за рэсурсы. Цяпер мы можам назіраць, якія рэсурсы трацяцца на барацьбу з сімваламі новай Беларусі, — кажа мясцовы жыхар.

Рэсурсаў толькі на барацьбу з малюнкам на будцы ў адным мінскім двары, падобна, праўда выдаткавана нямала. Яго аўтар кажа, што малюнак аднаўлялі дакладна больш за дзясятак разоў.

Але гэта яго не хвалюе:

— Вулічная творчасць мае на ўвазе недаўгавечнасць.

Просім аўтара мурала пералічыць, якія ў яго былі ўвасаблення.

— Тэхнічна мурал з'яўляўся ў новым абліччы сем разоў — менавіта з новай паперай. Яшчэ тры разы самі жыхары аператыўна змывалі фарбу, якую нанеслі работнікі ЖКГ. Паступова выпрацавалі тактыку нанясення спецыяльных раствораў для абароны паперы. Апошнія разы на сцяне з'яўляецца трафарэт — гэта значыць зафарбоўваецца чорнай фарбай па контуры сілуэт дыджэяў. Некалькі вечароў, пакуль сцяна была пакрыта чорным бітумам (што забаронена на дзіцячых пляцоўках з-за высокай узгаральнасці), сілуэт дыджэяў рабілі з кардона — яго проста выносілі на пляцоўку да вячэрніх мерапрыемстваў «Плошчы пераменаў».

15 верасня ў «двары пераменаў» затрымалі жыхара Сцяпана Латыпава, мужчына стаў на абарону мурала і прасіў міліцыянтаў прадставіцца. Потым у Латыпава прайшоў ператрус, яму прад'явілі сур'ёзныя абвінавачванні — маўляў, хацеў атруціць сілавікоў.

Пасля затрымання Сцяпана Латыпава арт-аб'ект зноў зафарбавалі і працяглы час не аднаўлялі.

— За тыдзень да затрымання двор узялі пад пільнае назіранне. Акрамя відавочных байцоў у масках туды-сюды блукалі і «ціхары», зліваючыся з жыхарамі. Гэта паляванне на жыўца. Нам спяшацца няма куды. Сцяпану таксама лягчэй у зняволенні не стала б, — тлумачыць суразмоўца.

Чаму вакол мурала так пасябравалі суседзі?

— Як кажа Марыя Калеснікава: «Гэта неймаверна!» Паверыць у такое нельга было. Але гэта ж такія простыя рэчы — добрасуседства, узаемадапамога, любоў чалавека да чалавека. У дзяцінстве ў нашых дварах было падобна — калі дзеці абедалі сёння ў адной кватэры, а заўтра ў іншай. Сучасны свет, тэхналогіі змянілі нас. Але калі бачыш, як увечары пару сотняў чалавек збіраюцца, каб выпіць гарбаты і абмеркаваць жыццёвыя праблемы, а потым паслухаць імправізаваны міні-канцэрт, на вачах праступаюць слёзы, — кажа аўтар мурала.

Ён дадае, што аднаўленне выявы і іншыя актыўнасці ў двары — спосаб для жыхароў хоць бы так выказаць свабоднае волевыяўленне.

— Гэта свабоднае волевыяўленне супольнасці грамадзян, якія плацяць падаткі, з'яўляюцца ўласнікамі таварыства і гэтак далей. І вось гэты цыкл — прыляпіць новы мурал, навязаць тысячы новых стужачак, вывесіць зноўку сцяг, арганізаваць канцэрт на балконе, праспяваць песні, зладзіць танцы, зрабіць дзіцячы кірмаш, пачаставаць усіх гарбатай, усміхнуцца адно аднаму і павітацца па імені — гэта ўчынкі людзей, якім не трэба паказваць, як паступаць правільна, а як паступаць нельга.

Сімвалічныя «Плошчы пераменаў» з такімі ж фігурамі дыджэяў з'яўляюцца ў падтрымку беларусаў у іншых гарадах і нават краінах. Што да Мінска, дык тут услед за гэтым народным тапонімам з'явілася нямала іншых: «Плошча пераможцаў», «Плошча Марыі Калеснікавай», «сквер Ніны Багінскай».

Суразмоўца рады, што гэтак выйшла.

— Раней гэтыя двары на карце архітэктараў былі толькі пустой прасторай паміж камерцыйна выгаднай забудовай. Без назваў і мэтаў. Цяпер яны набываюць імёны, значэнне і каштоўнасць. Двары эвалюцыянуюць, дзякуй богу, што на гэты раз — знізу.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031