Знайсці
06.10.2020 / 11:1731РусŁacБел

Журналістка СТБ расказвала, што на пратэстах у Беларусі пераварочвалі машыны. Што вядома пра Ксенію Худалей?

Падчас суботніх пратэстаў у Салігорску мужчына спрабаваў пераканаць у сваёй рацыі дзяўчыну з мікрафонам.

— Нам пастаянна паказваюць Францыю, Амерыку, што там пераварочваюць машыны, паляць іх. Скажыце, У нас за два месяцы хаця б адну машыну перавярнулі?

— Так, перавярнулі, — хлусіць яму ў вочы карэспандэнтка.

— Хто? Пакажыце мне. АМАП перавярнуў? Так.

Карэспандэнтка з мікрафонам — журналістка Сталічнага тэлебачання Ксенія Худалей. Яна парушае заканадаўства, бо не мае на сабе ні камізэлькі «Прэса», ні бэйджа. Нават з мікрафона знялі чырвоную нашлёпку «СТБ» — так прапагандысты адчуваюць сябе ў большай бяспецы.

Аднак Худалей карыстальнікі сацыяльных сетак пазналі адразу. Яе заўважылі яшчэ на нядзельным маршы 23 жніўня — дзяўчына звяртала на сябе ўвагу, бо стаяла каля Стэлы па той бок калючага дроту, побач з вайскоўцамі. Пазней Ксенія не раз будзе вяшчаць з акцый пратэсту.

«Наша Ніва» падумала, што несправядліва абмінуць увагай журналістку, якая прагне папулярнасці. Расказваем, што пра яе вядома.

Сціплая выдатніца з Магілёва

Магіляўчанка Ксенія летась скончыла журфак БДУ. Выдатніца ў школе, яна вучылася на спецыяльнасці «аўдыявізуальныя СМІ». 

«Я чалавек нестабільны, мне пастаянна патрэбны драйв, дынаміка, развіццё, інакш проста засумую», — тлумачыла яна выбар прафесіі.

Паралельна дзяўчына шукала сваё месца на радыё ці ТБ. На першым ёй не спадабалася, на другім яна спачатку трапіла ў аддзел ранішняга вяшчання, што таксама было не па ёй: ну несур’ёзна рабіць пазітыўныя сюжэты пра коцікаў і сабачак.

На СТБ яна прыйшла два гады таму. З ранішніх сюжэтаў перавялася на навіны Мінскай вобласці і сталіцы, а пасля ў больш прэстыжную праграму «Навіны 24 гадзіны».

Фота з сацыяльных сетак Ксеніі

«Ціхая спакойная дзяўчынка. Сціплая, маўклівая. Прайшло менш за год — і абсалютна іншы ўжо чалавек», — успамінаюць калегі.

Ксенія прагнула славы. Вельмі ганарылася, што шмат працуе. «Ніякага асабістага жыцця, я прасядзела на працы 12 гадзін, без выходных буду працаваць», — любіла яна пахваліцца.

На практыкантаў нядаўняя выпускніца глядзела пагардліва.

«Напэўна, гучна будзе сказаць, што я расчаравана сучаснымі студэнтамі, але доля хвалявання ёсць. На жаль, практыканты, якія цяпер да нас прыходзяць, успрымаюць усё неяк зусім несур’ёзна, павярхоўна. Як быццам прыходзяць дзеці, і трэба іх усяму вучыць», — дзялілася яна ў інтэрв’ю.

Зорная хвароба

Некалі адэкватная студэнтка падхапіла зорную хваробу.

Па словах знаёмых, Ксенія гатова выконваць любыя даручэнні.

«Ёй усё адно што казаць — абы прэстыж. Ёй гэта падабаецца. Яна цудоўна ведае, што робіць, бо яшчэ да выбараў былі здымкі, у якіх часам даводзілася хлусіць. Розныя тэмы — адукацыя, жывёлагадоўля. Але яна казала: «Усё зраблю чыста». Быццам гэта гульня. Яна як мяснік, які апраўдвае свае дзеянні тым, што гэта яго праца», — падзялілася меркаваннем адна з калег.

Фота ctv.by

Таму апроч рэпартажаў пра «Уладара сяла» і кантралёраў у транспарце, Ксенія бралася і за палітыку.

Худалей нават раней выйшла з адпачынку, каб уключыцца ў паслявыбарчую прапаганду. Пакуль частка журналістаў канала імкнулася адстаяць права на аб’ектыўную карціну падзей, Ксенія выконвала іншыя задачы.

Рэпартажы пра пратэсныя гастролі

Худалей працавала на жаночых маршах. Кпіла ў кадры, што Ніна Багінская ўжо прафесійна раздае інтэрв’ю, што жанчыны не разумеюць, за якія ідэі выходзяць, і прыкрываюцца дзецьмі, каб не быць затрыманымі.

Вось толькі пара вытрымак са стэндапу журналісткі:

«Рухае пратэст жаночая логіка: «сама не бачыла, але мне сказалі».

«Навошта пры з’яўленні міліцыі ўрывацца ў крамы і кафэ? Навошта падаць на халодны восеньскі асфальт, калі АМАП, відавочна, спакойны?»

Фота ctv.by

Заўважылі карэспандэнтку і ў Салігорску ў гэтую суботу. Беручы каментар у мужчыны, яна пераконвала яго, што ў Беларусі пратэстоўцы пераварочваюць машыны падчас акцый.

У выніковым сюжэце пра акцыю ў Салігорску, натуральна, не паказалі словы Худалей пра перавернутыя падчас акцый машыны. Затое яна заявіла, што яе суразмоўца быў п'яны і на нязручныя пытанні не адказваў. 

«Спроба пратэсных гастроляў правалілася глыбока ў салігорскія шахты», — справаздачылася Ксенія.

«Як можна казаць пра тое, чаго ты не бачыў сваімі вачыма, што ты не можаш паказаць?» — разважала калісьці Ксенія пра працу на радыё. Цяпер ёй дазваляюць расказваць у эфіры ўсё, што яна хоча.

Сямён Цыбульскі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031