Марыя Вайцяшонак. Тры вершы Вользе
* * *
Ты адлучылася
як адламалася
сук на дрэве
крывавіць
птушцы
няма дзе спыніцца
галінкі
ўсе пералічаны
цябе не стае
тваёй з пунцовай
кветкай
хіба чакаць
да вясны?
Анёл
Восень.
Мы з ей прымяралі
сукні
ў краме,
мы мімаходзь
гаварылі пра тое,
ці есць ужо
ў сучасным,
раўнапраўным свеце
такое паняцце:
«мяне кінуў муж»,
пэўней будзе
цяпер казаць:
«разышліся».
Восень.
Мы з ей трапілі,
бы незнарок,
у той час,
час развітання
з дарослымі
дзецьмі,
з сваімі
мужамі.
Мужчыны хочуць
пражыць
на зямлі запар
яшчэ адно
жыцце
з маладой жонкай,
а нам хіба
толькі верыць
у загробнае?
Раўнапраўны свет?!
Але я чыстых
сялянскіх крывёў –
аброць праз плячо
і гатова шукаць яго,
як каня
ў полі, галасіць,
даць у званы,
што звялі са двара,
што ўкралі.
Я дзіўлюся:
яна не называе
свайго ані
здраднікам,
ані нягодай,
яна скідае
адну сукенку,
другую,
трэцюю,
стаіць у адной
гальцы,
кволая шыя,
цнатліва
свяціліся
галубовым
ключыцы,
як у дзяўчынёхі
напрадвесні
і з гэтага ўсяго
яшчэ была павінна
развіхнуцца
жанчына.
Яна дзівіцца з самой сябе,
стоячы перад люстэркам,
бы толькі што
вызваліўшыся
ад сонных абдымкаў,
яшчэ і смуга не сышла,
як чыйсьці цень.
Ён спаў у яе
на грудзях,
абдымаючы,
захінаючы,
як анёл,
і толькі што
адляцеў —
у вырай,
калі наступіла восень.
Восень.
У мяне яшчэ ніколі
не было
столькі
ўбораў.
* * *
Набіраю твой нумар,
чую паланэз.
Паланэз расчыняе
вокны,
матылямі выносіць вецер
фіранкі,
нехта ў белым
спрабуе пратанчыць
па зале.
Паланэз праз стагоддзе,
як з дня ўчарашняга.
Ты нарэшце
бярэш мабільнік
і кажаш мне,
што сыходзіш
з дому,
сыходзіш
за ІМ,
з балючага места,
каб павялічыць
адлегласць між вамі,
каб не даходзілі
да цябе чуткі.
Паланэз тваей любові
затапляе вуліцы,
плошчы,
затрымліваецца
ў цесных падворках
старога Менску.
Ты адыходзіш ад дому
далей і далей.
І нарэшце каханне
спадае,
як павадак,
ужо бачна
зямля.
Я набіраю твой нумар —
паланэз!
Я хачу цябе папярэдзіць:
па зямлі ходзяць
не ў пуантах,
як ты любіш,
а ў звычайным
абутку.
Ты нарэшце просіш мяне
патрымаць твае
авоські,
каб пратанчыць
некалькі па
на лесвічнай клетцы
свайго дому.
Паланэз!
Ты вярнулася...
* * *
Штодзённа ў рубрыцы «Літаратура» на сайце НН — новыя творы і мініятуры. Чытайце для сэрца, чытайце для розуму, чытайце для мовы.