Ніл Гілевіч. Аповед пра трубу
Пачну празаічна. / Як, зрэшты, і кончу, / па праўдзе сказаць. / Бо гэта жыцьцёвая проза / ня можа / прыгожай мэтафарай стаць...
Пачну празаічна.
Як, зрэшты, і кончу,
па праўдзе сказаць.
Бо гэта жыцьцёвая проза
ня можа
прыгожай мэтафарай стаць.
Ня тая матэрыя.
Не для паэзіі.
Тут трэба мовіць прасьцей.
Дык вось: запрасілі мяне –
яшчэ восеньню гэта было –
на сустрэчу ў ліцэй.
Звычайная рэч: літаратар
павінен прыходзіць
са словам любві да людзей.
I я ўжо сабраўся.
Крыху прыкасьцюміўся нават.
I кніжачкі склаў у партфэль.
Сказалі: «У дзесяць прыедзем па вас на машыне».
Ну што ж! На машыне латвей.
Сяджу і чакаю.
Амаль а дзесятай –
Званок тэлефонны: Ало!
Прашу прабачэньня,
сустрэча, на жаль, не адбудзецца:
нас заліло!
Прарвала трубу –
і ўвесь першы паверх
затапіла вада.
Дык вы ўжо даруйце,
мне вельмі няёмка, паверце,
і вельмі шкада...
Праз тыдзень
мяне запрасілі
сустрэцца зь людзьмі ў РДК.
«Ну, добра!» – сказаў.
«Мы прыедзем забраць вас.
Чакайце званка!»
Чакаў. Дачакаўся.
I раптам у слухаўцы чую
ня радасьць, а скруху-журбу:
– Прабачце, сустрэчы ня будзе.
Аварыя ў нас тут:
прарвала трубу.
Усё заліло-затапіла!
Такая во стрэслася
неспадзявана бяда.
Дык вы ўжо даруйце,
мне вельмі няёмка, паверце,
і вельмі шкада...
Празь месяц – якраз, калі я ўжо сабраўся
ісьці на сустрэчу ў каледж, –
званок тэлефонны:
– Даруйце, мне вельмі няёмка і прыкра, але ж...
– Ну што? – перабіў я.
– Прарвала трубу –
I падлога затоплена ўся?
– Вой! – войкнула слухаўка.
– Праўда, прарвала!
А як вы даведаліся?
– Спадарыня мілая, як жа ня ведаць
пра гэта мне дома, калі
ужо гэта ведаюць
скрозь у Эўропе,
а мо і на цэлай зямлі!
Так, так, ужо ведаюць,
што ў Беларусі
гадоў, можа, зь дзесяць таму
трубу разарвала –
і справіцца з гэтай
аварыяй страшнай
няма ў нас каму.
Дык гоніць і гоніць,
і прэ, і нясе, і фугуе,
і ўсё залівае наўсьцяж –
такім залівае,
што часам дыхнуць немагчыма...
О, Госпадзе Божа ты наш!
P.S. Мае чытачы дарагія,
мае аднаверцы,
я вельмі вас, вельмі прашу:
ня клічце мяне
да сябе на сустрэчу, сябры,
не вярэдзьце душу.
Чытайце – пакуль дзікуны
не пакідалі ў вогнішча –
кнігі і кніжкі мае.
Пасьля і сустрэчы прадоўжым.
Прадоўжым!
Час прыйдзе.
Наступіць.
Ужо настае.
* * *
Штодзённа ў рубрыцы «Літаратура» на сайце НН — новыя творы і мініятуры. Чытайце для сэрца, чытайце для розуму, чытайце для мовы.