Знайсці
03.05.2024 / 20:494РусŁacБел

Ці растуць Тураўскія каменныя крыжы і ці плылі яны па вадзе?

З самога Кіева ўверх па Дняпры і па Прыпяці трапілі на Тураўшчыну каменныя крыжы. Нібыта здарылася гэта ці то ў Х, ці то ў XII стагоддзі, і з таго часу Тураўскія крыжы застаюцца аб’ектамі пакланення і ўшанавання. Да іх ідуць з малітвамі, просьбамі пра спрыянне ў справах або вылячэнне ад розных хвароб, а ўзамен пакідаюць ахвяру. Суполка «Мова Гомель» паспрабавала высветліць, наколькі праўдзівае паданне пра Тураўскія крыжы, ці насамрэч яны растуць і чаму надалей застаюцца шанаванымі сярод мясцовага насельніцтва.

Каменны крыж на Барысаглебскіх могілках на Тураўшчыне. Фота: monument.goub.by

Як каменныя крыжы «плылі» па вадзе

Каменныя крыжы вядомыя ў розных краінах Еўропы, шмат такіх помнікаў знаходзіцца і на тэрыторыі Беларусі.

Пра каменныя крыжы складзеныя розныя паданні. Адно з іх расказвае, што калі бацькі прасілі паслаць выздараўленне іх сыну, то ў небе з’явілася велічная агністая постаць жанчыны, якая сказала, што дапаможа. Хлопчык і сапраўды ачуняў, а на наступны дзень у Прыпяці знайшлі каменны крыж. Яго выцягнулі на бераг і ўстанавілі на высокім месцы.

Паводле іншага падання, у вёсцы Рычаў нейкая жанчына аслепла і ўбачыла ў сне, што ёй трэба ісці да каменнага крыжа, ачысціць яго і выпіць крошкі з вадой. Калі яна прачнулася, адразу ж так зрабіла і хутка паздаравела.

Каменны крыж на могілках у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна. Фота: slushna.by

Вядомае паданне, паводле якога каменныя крыжы прыплылі на Тураўшчыну з Кіева па Дняпры і Прыпяці супраць плыні і потым аказаліся сярод палёў. Таксама гэтыя крыжы нібыта валодаюць лячэбнымі ўласцівасцямі. Ці ёсць у гэтым нейкая праўда? Каб знайсці адказ на гэтае пытанне, «Мова Гомель» звярнулася да гісторыка, кандыдата мастацтвазнаўства Яўгена Малікава:

«Легенды, безумоўна, нешта ў сабе маюць, але часта зусім не тое, што ў іх звычайна чуюць. Відавочна, што хрысціянства ў Тураў прыйшло па Дняпры і па Прыпяці, а крыжы звязаныя з хрысціянствам. Таму, калі кажуць, што крыжы прыплылі па Прыпяці супраць плыні, то хутчэй за ўсё легенда расказвае не пра фізічную здольнасць каменя плысці па вадзе, а пра міфа-паэтычнае разуменне, што хрысціянства, увасобленае ў гэтых крыжах, акурат і прыйшло з Кіева.

Па-другое. Разважаючы пра каменныя крыжы, людзі звычайна кажуць толькі пра Тураў. Але трэба глянуць шырэй, на гісторыю больш шырокага рэгіёна, тады бачна, што традыцыя шанавання каменных крыжоў, альбо проста вялікіх камянёў, сустракаецца на вялікай тэрыторыі Цэнтральнага Палесся ад Мазыра, Турава, Лельчыцкага раёна і да Столінскага раёна, заходзіць на памежную частку Украіны.

Хоць шанаванне каменных крыжоў сустракаецца і на поўначы Беларусі, але тут ёсць прынцыповая розніца. Рэч у тым, што на поўначы Беларусі ледавік пакінуў шмат камянёў, там гэта натуральная з’ява, а вось на поўдні камення няма ўвогуле.

То-бок на поўдні ад Гомеля да Брэста і крыху на поўнач прыроднага камення не было. А таму на Палессі любы камень сярод балоцістага рэгіёна, асабліва вялікіх памераў, адразу станавіўся культавым. На Цэнтральным Палессі традыцыя шанавання гэтых камянёў вельмі старажытная».

Яшчэ 200-500-1000 гадоў таму ніхто і не здагадваўся, што на Палессі могуць быць камяні, праўда на 50 метраў вертыкальна ўніз. Гэта ўжо цяпер, у тых жа Мікашэвічах і Глушкавічах Лельчыцкага раёна здабываюць камень, але робяць гэта кар’ерным спосабам.

«Каб такі камень здабывалі раней, то на Палессі стаялі б замкі каменныя, але іх няма, бо камення не было», — заўважае гісторык.

«Каменная дзевачка» з вёскі Данілевічы Лельчыцкага раёна. Фота: greenbelarus.info

У Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці вядомыя «каменныя дзевачкі»: гэта зноў жа каменныя крыжы, але з антрапаморфнымі рысамі, чалавекападобныя. Як кажа Яўген Малікаў, і «каменныя дзевачкі», і каменныя крыжы, — гэта элементы адной і той жа з’явы. Але калі казаць пра «каменных дзевачак», то ўжо сама назва гаворыць пра тое, што яны маюць яшчэ дахрысціянскую гісторыю:

«Гэта старажытная традыцыя, якая з прыходам хрысціянства набыла хрысціянізаваныя рысы. Камяні, якім пакланяліся ў дахрысціянскія часы і якія мелі нейкія антрапаморфныя рысы, пасля прыходу хрысціянства абраблялі, каб надаць ім форму крыжа».

 Тураў і ягоныя камяні, якія «растуць»

Тураўскія каменныя крыжы лічацца аднымі з самых старажытных на тэрыторыі Беларусі. Вышыня Тураўскіх крыжоў ад 1 да 2 м, шырыня ад 0,6 да 1 м. Вось што піша даследчыца Людміла Дучыц:

«Па даных Юркі Віцьбіча, адзін з вялікіх Тураўскіх крыжоў каля вёскі Семурадцы знаходзіўся ў рэчышчы Прыпяці. Яго некалькі разоў спрабавалі выцягнуць на бераг і нібыта адразу ж уся рака пакрывалася крывёй.

Самым знакамітым лічыўся «святы» Тураўскі крыж, які да 1979 года стаяў на могілках на беразе Прыпяці каля вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна. Потым яго перавезлі ў Гомельскі абласны краязнаўчы музей. Вышыня крыжа 2 м, шырыня 0,7 м. Акрамя гэтага крыжа, у Гомельскім музеі знаходзяцца і два каменныя крыжы з Барысаглебскіх могілак у Тураве. Адзін з крыжоў зараз захоўваецца ў Тураўскай царкве.

У літаратуры згадваецца пра каменны крыж у Жыткавіцкай царкве, што на могілках. Па павер’ях, гэты крыж штогод павялічваецца ў памерах.

У вёсцы Вільча Жыткавіцкага раёна каменны крыж стаіць на курганным могільніку. У паданні пра яго гаворыцца, што крыж пастаўлены на магіле нейкага шведскага князя ці военачальніка, забітага падчас вайны, а побач у невялікіх курганах пахаваны шведскія ваяры».

Дык ці растуць Тураўскія каменныя крыжы? Вось што на гэта кажа Яўген Малікаў:

«Гадоў з 10 таму я глядзеў перадачу, зробленую расійскімі журналістамі, у якой паказвалі сенсацыю пра тое, што каменныя крыжы ў Тураве растуць. І там мясцовая жанчына мерала кравецкім сантыметрам гэты святы крыж і называла там нейкія сантыметры. Аднак калі няроўны крыж з няроўнымі абрысамі мераюць кравецкім сантыметрам, то гэта ні пра што не кажа, тут ужо ў самой методыцы вымярэння памылка.

Я перакананы, што ў Тураве ніхто ніколі рэальна не мераў крыжы навуковымі метадамі, толькі вось такімі «вяровачкамі з вузялкамі». І многія ж людзі пасля такіх псеўданавуковых вымярэнняў сапраўды шчыра вераць, што крыжы растуць. Але легендаў больш, чым крыжа таго».

Каменны крыж каля сабора свяціцеляў Кірылы і Лаўрэнція Тураўскіх. Фота: slushna.by

Аднак часта людская вера і традыцыі мацнейшыя за навуковыя аргументы. А таму многія мясцовыя людзі надалей вераць, што каменны крыж павялічваецца ў памерах, расце з самай зямлі, мае цудадзейныя ўласцівасці. Святы Тураўскі крыж, які расце, настолькі, кажуць, цёплы, што нават зімой вакол яго растае снег. Да таго ж і малюнкі на камені нібыта змяняюцца.

Ушанаванне каменных крыжоў

Каменныя крыжы прынята ўпрыгожваць. На іх вешаюць стужкі, прыкрываюць хусткамі і гэтак далей, а раней было шырока распаўсюджанае «ахвяраванне», калі да крыжа прыносілі манеты, мяса, палатно, ручнікі ды іншае (гэтая традыцыя захавалася і да сёння). Да крыжоў накіроўваліся хрэсныя ходы. Асабліва шанавалі крыжы на свята Узвіжанне, калі ў храмах пакланяюцца Святому і Жыватворнаму Крыжу, на якім Збавіцель перанёс найвялікшыя пакуты дзеля выратавання людзей.

Яўген Малікаў кажа, што традыцыя ўпрыгожання крыжоў вельмі проста тлумачыцца:

«Калі вам чалавек нейкі падабаецца, як вы можаце яму гэта паказаць? Можаце для яго нешта зрабіць, дапамагчы яму, падарыць яму нешта. Тое самае калі вы ў нешта верыце, то для вас гэта важна. Як вы можаце сваю веру праявіць? Калі вы верыце ў каменныя крыжы, што вы зробіце? Вы можаце іх упрыгожыць, ахвяраваць ім вынікі сваёй працы, час, сваю творчасць і так далей. Гэта наша ахвяра таму, у што мы верым, наша ахвяра Богу».

У 1930-я гады мінулага стагоддзя, у рэчышчы антырэлігійнай палітыкі, шмат крыжоў было знішчана. Так, напрыклад, некаторыя Тураўскія крыжы было загадана ўтапіць. Да таго ж каменныя крыжы разбівалі, засыпалі пры будаўніцтве дарог. У выніку шматлікія каштоўныя помнікі гісторыі і культуры зніклі бясследна.

Чытайце таксама:

Што здарылася з Барысавым каменем?

Беларускі Стоўнхэндж ці сярэднявечныя могілкі? Адметны комплекс валуноў у Бялыніцкім раёне дагэтуль тоіць загадкі

Што такое любецкі лемент?

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
15
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
4
0
Астап/адказаць/
04.05.2024
Па чым опіюм для народа?
2
Жук Касцюкоускi/адказаць/
04.05.2024
О, нешта засмярдзела г-ом. А, гэта Кастусь Жукоўскі раскрыу свой рот i пачау фантанiраваць! Нiчога не мяняецца, шызiкi i на эмiграцыю вывозяць сваю шызу.
1
Кастусь Жукоўскі /адказаць/
04.05.2024
Во як падкідвае таварыша Малікава :) праўда коле у вочы у тым ліку і стукачам, або скажаш такога небыло?
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031