Знайсці
03.05.2024 / 14:037РусŁacБел

Коршунаў: Плато рэпрэсій, якое вымалёўвалася летась, разбурылася

​​​​​​​Старшы даследчык Цэнтра новых ідэй Генадзь Коршунаў аналізуе асноўныя тэндэнцыі ў палітыцы рэпрэсій, у інтэрв'ю Радыё Свабода адзначае асаблівую ўвагу сілавікоў да дыяспар і выбараў у Каардынацыйную раду і дае несуцяшальны прагноз на год.

Генадзь Коршунаў. Фота: Радыё Свабода

— Цэнтар новых ідэй прэзэнтаваў другую справаздачу ў дасьледаваньні «Баромэтар рэпрэсій у Беларусі» за першы квартал 2024 году.З агучаных дадзеных вынікае, што рэпрэсіі ў Беларусі ўзмацняюцца і набываюць новыя формы. Якія асноўныя тэндэнцыі, зьмены варта найперш адзначыць у гэтым працэсе?

— Агулам за квартал можна назіраць даволі вялікі ўсплёск масавых «хапуноў» — гэта калі сілавікі прыходзілі зь ператрусамі і затрыманьнямі адразу да многіх людзей у нейкім горадзе. Відавочна, гэта была такая форма «падрыхтоўкі» да парлямэнцкіх выбараў, якія прайшлі 25 лютага.

Другой прыкметнай адметнасьцю стаў удар па інфраструктуры салідарнасьці. Калі раней прэсавалі тых, хто аказваў дапамогу (хваля рэпрэсіяў за данаты, якая распачалася летась), то цяпер пачалі караць тых, хто дапамогу атрымліваў. Гэта былыя палітвязьні і сем’і палітвязьняў.

Яшчэ адна асаблівасьць — тое плято рэпрэсіяў, якое вымалёўвалася летась, разбурылася. Трэнд 2023 году на дамінаваньне адміністрацыйных спраў над крымінальнымі зьмяніўся. Колькасьць выпадкаў крымінальнага перасьледу за апошнія паўгода 2023 году зьніжалася. І быў спадзеў, што ўлады будуць выкарыстоўваць менш жорсткі адміністрацыйны перасьлед.

На жаль, як мы цяпер бачым, гэтага не адбылося. У першым квартале 2024 году крымінальны перасьлед стаў ужывацца нашмат часьцей.

— Няўжо ўсё гэта можна патлумачыць «падрыхтоўкай» уладаў да парлямэнцкіх выбараў, якія ня маюць вялікага значэньня для палітычнага жыцьця і падчас якіх не плянавалася і не адбывалася ніякіх пратэставых дзеяньняў? Няўжо гэта ўжо непазьбежны інстынкт гэтай улады — узмацняць рэпрэсіі перад кожнымі выбарамі?

— Вядома, калі глядзець рацыянальна, то гэта нельга назваць выбарамі. Але ўлады расцэньваюць гэта інакш. Для іх гэта ўсё роўна знакавая падзея, і яны надалі ёй вялікую ўвагу. Гэта ж ня толькі хапуны і арышты, але яшчэ і дэманстратыўная мабілізацыя грамадзтва. Гэта і стварэньне яшчэ аднаго атраду спэцыяльнага прызначэньня, гэта і заява, што могуць прыцягнуць былых вагнэраўцаў. Гэта і выдача міліцыянтам, акрамя пісталетаў, яшчэ і аўтаматаў, і гэтак далей.

Трэба разумець, што ўлады вельмі сур’ёзна паставіліся і да выбараў у Каардынацыйную раду, якія абвесьцілі дэмакратычныя сілы. Рэжым актывізаваўся ў кірунку перасьледу тых, хто мае дачыненьне да КР.

Таксама адна з асаблівасьцяў першага кварталу году — падвышэньне ціску ў розных кірунках на прадстаўнікоў беларускіх дыяспараў. Быў цэлы шэраг захадаў: і правакацыі, і кібэратакі, і ўнясеньні ў сьпіс экстрэмісцкіх фармаваньняў, і ціск на сваякоў. Калі раней улады перасьледавалі палітычныя структуры, то цяпер мы бачым мэтанакіраваную атаку ўжо на дыяспарныя супольнасьці. То бок адбываецца распаўсюд рэпрэсіяў з палітычнага на нізавы ўзровень.

— Пашыраецца практыка, калі людзей, якія ўжо адседзелі свой тэрмін і выйшлі на волю, зноў цягнуць за краты, цяпер ужо за іншыя «злачынствы». Напрыклад, чалавек адседзеў за камэнтар, а яго затрымліваюць за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Проста сілавікам прасьцей ісьці па старых адрасах, ня хочацца шукаць доказы ў новых справах? Ці гэта робіцца дзеля выцісканьня з краіны тых, хто вырашае застацца?

— Па-першае, сілавікам трэба дэманстраваць сваю дзейнасьць. І нашмат прасьцей па трэцім-пятым разе прыйсьці да таго, каго ўжо ведаюць. На ўзроўні шараговых выканаўцаў так прасьцей выконваць «пляны».

Калі гаварыць пра больш высокі, палітычны ўзровень, то ў мяне ёсьць устойлівае ўражаньне, што ўлады прынялі рашэньне вельмі жорстка падзяліць грамадзтва на тры групы. Першыя — лукашысты-ябацькі; другія — сярэдзіна, якую зараз ня варта вельмі моцна прэсаваць, бо і так працаваць няма каму; і трэція — ворагі.

Ворагі — гэта тыя, хто ўжо сядзелі; тыя, хто браў удзел у пратэстах і тыя, хто так ці іначай падтрымлівалі пратэсты. І да гэтай групы «ворагаў» прэсінг вельмі моцны, ажно да зьнішчэньня гэтай групы ў Беларусі. Натуральна, сёньня ня тыя часы, ня гітлераўская Нямеччына, ня сталінскі СССР, калі такіх людзей проста расстрэльвалі. Цяпер іх выціскаюць з краіны.

— Аднак гэтая група «ворагаў» складае 30-40 працэнтаў насельніцтва. Яны зьбіраюцца ўсіх пасадзіць?

— Усіх перасаджаць немагчыма. І месцаў не хапае, і эканоміка ляжа — ужо сёньня вельмі адчувальныя наступствы па некаторых пазыцыях: востра адчуваецца няхватка мэдыкаў, ІТ-спэцыялістаў, кіроўцаў, будаўнікоў. Таму выглядае, што на большасьць зь іх ня вельмі і ціснуць, бо, паўтаруся, ня будзе каму працаваць.

А тыя, хто ўжо трапляў пад перасьлед, на іх гэты фокус дадатковай увагі, фокус рэпрэсіўнага ціску засяроджваецца. Самых актыўных, тых, хто трапляў ужо пад перасьлед, альбо зноў саджаюць, альбо выціскаюць з краіны, каб не стваралі пагрозы.

Галоўная мэты рэжыму зараз — гэта выжываньне. Не разьвіцьцё, не стабільнае функцыянаваньне эканомікі, а захаваньне ўлады.

Чытайце таксама:

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі выйшлі на плато, і яно будзе захоўвацца — сацыёлаг Коршунаў

«Можа, мы па-рознаму разумеем слова плато?» Стрыжак пярэчыць Коршунаву

«Гэта не пра пакаранне, а пра запужванне». Навошта патрэбны дамоклаў меч экстрэмізму?

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
5
Панылы сорам
5
Ха-ха
4
Ого
2
Сумна
10
Абуральна
34
03.05.2024
Типок Вагнерок, сначала достань швабру а потом уже поговорим
2
Влад/адказаць/
03.05.2024
Владу, и в чём "наблюдение"? Нас имеют, а мы крепчаем?
1
Плато/адказаць/
03.05.2024
Далося табе гэтае плато. Часам лепш памаўчаць
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031