Знайсці
27.11.2020 / 14:35РусŁacБел

Лукашэнка: Польшча прапаноўвала сітуацыю, каб эканоміка ў Беларусі рухнула

Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы з калектывам 6-й клінічнай бальніцы агучыў «вытрымкі з інфармацыі спецслужбаў» наконт стаўлення заходніх палітыкаў да Беларусі, піша БелТА.

Паводле Лукашэнкі, інфармацыю «аб тым, што адбываецца вакол Беларусі» ён атрымаў літаральна напярэдадні ад Камітэта дзяржаўнай бяспекі. «Гэта арыгіналы», — заявіў ён.

Першымі Аляксандр Лукашэнка прывёў словы польскага прэм'ера Маравецкага, сказаныя нібыта ў сярэдзіне жніўня:

«Будучыня Беларусі прынцыпова для Польшчы. Заходнія тэрыторыі Беларусі гістарычна належаць Польшчы… Варшава распачала мноства канкрэтных крокаў для дапамогі беларускай рэвалюцыі: фінансавая падтрымка праз польскія і польска-амерыканскія праграмы салідарнасці з ахвярамі рэжыму Лукашэнкі, запрашэнне беларускіх студэнтаў, спрашчэнне правілаў перасячэння мяжы, падтрымка незалежных СМІ і НКА».

Па словах Лукашэнкі, афіцыйныя асобы Польшчы заклікаюць НАТА заснаваць спецыяльныя сілы бяспекі ў складзе арміі краін Балтыі і Польшчы. Па задуме, гэтая армія можа быць задзейнічана для барацьбы з беларускай уладай.

«Перамога рэвалюцыі ў Беларусі — таксама нацыянальны інтарэс Польшчы», — працягнуў зачытваць заявы польскага прэм'ера Лукашэнка.

Агучваючы наступную інфармацыю, Лукашэнка заўважыў: «Гэтая размова адбылася 31 жніўня: «Час для прамых перамоў паміж рэжымам і апазіцыяй яшчэ не прыйшоў. Рэжым Лукашэнкі яшчэ занадта згуртаваны, войска і КДБ падтрымліваюць яго, а рабочыя наогул не падтрымліваюць ніякай рэвалюцыі. Цяпер мы павінны чакаць і прытрымлівацца развіцця падзей».

Са слоў Лукашэнкі, Польшча прапаноўвала стварыць у Беларусі сітуацыю, каб яе эканоміка абрынулася, рубель абясцэніўся, а паліцы ў крамах аказаліся пустымі. «Мы павінны пераканаць Турцыю, Грэцыю, Азербайджан, Арменію не экспартаваць прадукты харчавання з-за небяспекі каранавіруса», — сказаў Лукашэнка.

Паводле Лукашэнкі, у верасні польскі ўрад прыйшоў да высновы, што змяніць сітуацыю ў Беларусі ваеннымі сіламі пакуль нельга.

А Каардынацыйная рада падчас кантактаў з Захадам выступала за ваеннае рашэнне сітуацыі ў Беларусі.

Лукашэнка зазначыў, што ніколі не прасіў расійскае кіраўніцтва аб дапамозе, а Пуцін, даведаўшыся аб падзеях у Беларусі, сам прапанаваў падставіць плячо. Ён разумеў: наступным будзе Расія. У лістападзе Украіна, паводле слоў Лукашэнкі, уключылася ў барацьбу супраць Беларусі.

Таксама, па яго словах, сярод лідараў краін Еўрапейскага саюза ёсць і тыя, якія станоўча ацэньваюць лад беларускай дзяржавы. Называць іх не стаў, але зачытаў заяву: «Беларусь праводзіць правільную палітыку, захоўваючы сваю эканоміку ў руках дзяржавы. Беларусь не існавала б без моцнага дзяржаўнага ладу. Мы рэалізуем свой нацыянальны шлях развіцця на аснове дзяржаўных кампаній і банкаў. Прэзідэнт Лукашэнка правільна разумее, што ў кіраўніцтве павінна быць адзінства. Мы павінны вучыцца на досведзе Беларусі, У нас павінна быць моцная ідэалагічная аснова».

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што падзяліўся гэтай інфармацыяй, каб людзі разумелі яго настрою і дзеянні. «І каб некаторыя ацанілі свае дзеянні», - дадаў ён.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера