Знайсці
27.11.2020 / 13:49РусŁacБел

У інтэрнет трапіла ВІДЭА знутры аўтазака і пагоня, знятая ад асобы сілавіка

У тэлеграм-канале By_Pol з'явілася спасылка на ролік, змантаваны з запісаў нацельных камер сілавікоў, зробленых гэтай восенню: там можна назіраць абыходжанне з затрыманымі ў аўтазаку, разгон натоўпу пратэстоўцаў каля Цэнтральнага РУУС Мінска і затрыманні на праспекце Незалежнасці. Якім чынам гэтыя запісы трапілі ў шырокі доступ, невядома, піша Tut.by.

Першае відэа знята ў аўтазаку. Дату здымкі складана вызначыць, але ўсё адбываецца не раней за кастрычнік — усе затрыманыя людзі ў цёплай вопратцы. У салоне знаходзяцца 7-10 сілавікоў. У аўтазак прыводзяць усе новых і новых затрыманых мужчын, у выніку іх там аказваецца больш за дзясятак. Большасць стаяць на каленях на падлозе. Паміж сабой пра аднаго з затрыманых сілавікі кажуць, што ў яго бінты на руках і ён хадзіў з флагштокам-вудай.

Затым прыводзяць мужчыну, які, мяркуючы па голасе, ужо пацярпеў. Ён эмацыйна пытаецца: «Навошта мяне ламаць, я ж нічога не раблю?» Яго б'юць дубінкай двое сілавікоў — той стогне і кажа, што яму балюча. У наступным урыўку аўтазак ужо едзе, а адзін з супрацоўнікаў пачынае размаўляць са збітым затрыманым. Калі той апускае вочы, супрацоўнік з дапамогай дубінкі падымае яго галаву, кажучы пры гэтым некалькі разоў: «Нармальна было скакаць?» Калі той удакладняе, куды скакаць, амапавец задае пытанне: «Куды ты скакаў? А чаго завязаныя рукі і фарбай палітыя?» Далей на працягу паездкі сілавік працягвае «размаўляць» з затрыманым, некалькі разоў б'е яго па галаве і твары, а яго калегі вывучаюць змесціва тэлефонаў іншых мужчын, якія трапілі ў аўтазак.

 

Другое відэа, мяркуючы па ракурсе, знята нагруднай камерай аднаго з супрацоўнікаў міліцыі ў раёне сталічнага Цэнтральнага РУУС. На ім ёсць дата — 25 кастрычніка. Тады, мяркуючы па заявах прадстаўнікоў МУС, на будынак быў здзейснены напад з боку пратэстоўцаў.

Можна назіраць, як з калоны пратэстоўцаў у бок міліцыі свецяць магутныя лазерныя ўказкі, аднак адкрытага супрацьстаяння не назіраецца. Урыўкі з гэтага ці падобных відэа выкарыстоўвалі праваахоўныя органы ў сюжэтах пра падзеі таго дня: сілавікі кідаюць святлошумавыя гранаты і пачынаюць рухацца ў бок пратэстоўцаў, таксама чутныя гукі, падобныя на стрэлы. Калі яны набліжаюцца да людзей, чутныя патрабаванні легчы.

 

Трэцяе відэа знята 1 лістапада пасля 14 гадзін (гэта можна зразумець па плашцы з датай і часам у ніжнім правым куце). Запіс зроблены паміж станцыямі метро «Маскоўская» і «Усход», у кадр трапляе будынак Нацыянальнай бібліятэкі. Менавіта ў гэтым раёне ў гэты дзень паведамлялася аб затрыманнях. У нядзелю пратэстоўцы спрабавалі дайсці маршам да Курапатаў. Супрацоўнікі АМАПа знаходзяцца ў машыне міліцыі (у руках у аднаго можна ўбачыць прадмет, падобны на пярцовы балончык), за рулём чалавек у форме ДПС.

Машына спрабуе дагнаць пратэстоўцаў, людзі ўзгадняюць свае дзеянні па рацыі. Затым машына спыняецца, сілавікі выбягаюць з яе і дапамагаюць злавіць людзей. Яны жорстка затрымліваюць хлопца, саджаюць яго ў салон машыны, абсыпаючы пры гэтым лаянкай — той стогне ад болю. Тэлефон у хлопца забралі, груба пытаюцца, што ў заплечніку. Характэрна, што затрыманы ветліва просіць у супрацоўніка міліцыі: «Дазвольце, я здыму».

Nashaniva.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930