Даслаць навіну
Знайсці
21.11.2020 / 11:52

Хто такая журналістка Кацярына Андрэева? Расказваюць яе муж і дзядуля

Журналістцы Кацярыне Андрэевай 20 лістапада выставілі абвінавачанне па артыкуле ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Кацярына была затрыманая 15 лістапада, калі вяла стрым для «Белсата» з разгону «плошчы Перамен».

У кватэру, дзе была журналістка разам з аператаркай, уварваліся супрацоўнікі АМАП. Праз нейкі час Андрэева знайшлася на Акрэсціна, ёй прысудзілі адміністрацыйны арышт у 7 сутак. Аднак ужо ў пятніцу стала вядома, што супраць журналісткі распачалі крымінальную справу. Цяпер яе перавядуць у СІЗА Жодзіна.

«Наша Ніва» паразмаўляла пра Кацярыну Андрэеву з яе дзядулем, ветэранам журналістыкі, былым галоўным рэдактарам выдання «Труд в Беларуси» Сяргеем Ваганавым і яе мужам, журналістам Ігарам Ільяшом.

Павялічыць

Кацярына Андрэева. Фота з фэйсбука

Кацярыне 27 гадоў. Яе сапраўднае прозвішча Бахвалава, Андрэева — гэта творчы псеўданім. «Каця ўзяла яго ў гонар бацькі, якога завуць Андрэй, у іх вельмі цёплыя адносіны», — расказвае Сяргей Ваганаў.

Дзяцінства дзяўчынкі прайшло ў мінскім раёне паблізу Залатой Горкі, Казлова і Берасцянскай. У бабулі з дзядулем гэта адзіная ўнучка. Бацькі ў Кацярыны філолагі.

Вучылася спачатку ў школе №19, а потым перайшла ў беларускамоўную гімназію №23 на праспекце Незалежнасці. «Мне здаецца, што ў яе ўжо тады ўзніклі моцныя пачуцці да радзімы. Я быў на Каціным выпускным, яна была адзінай з выпускнікоў, хто прамаўляў па-беларуску».

Яшчэ ў школе ў Кацярыны выявіліся схільнасці да вывучэння замежных моў. Яна займалася з рэпетытарамі, дасканала валодае англійскай, пасля школы паступіла на іспанскую мову ў МДЛУ. Аднак давучыцца ў ін’язе не атрымалася. На трэцім курсе Кацярына нечакана нават для сваякоў забірае дакументы з універсітэта, каб паехаць валанцёркай у Іспанію.

Павялічыць

Сяргей Ваганаў з унучкай. Архіўнае фота ўзятае з фэйсбука

«Гэта была праграма па ахове прыроды, экалогіі па лініі Еўрасаюза. Яны жылі ў іспанскай вёсачцы, але атрымалася так, што нічога не рабілі, а толькі атрымлівалі грошы ад куратараў. Кацю такое не задавальняла, таму яна з’ехала адтуль у Малагу [горад на поўдні Іспаніі — «НН»]. Там яна стала выкладаць англійскую мову для іспанцаў», — апавядае Сяргей Ваганаў.

У Іспаніі Кацярына нават паспела ўвайсці ў адзін з прафсаюзаў і паўдзельнічаць у забастоўцы. У выніку гісторыя з выкладаннем скончылася не дужа прыгожа, кіраўніцтва моўнай школы засталося віннае выкладчыкам грошы. Агулам у Іспаніі Кацярына прабыла болей за два гады.

Вяртацца дамоў Каця вырашыла з дапамогай платформы для папутчыкаў «Бла-бла-кар», так яна аб’ехала дзесяць краін, пакуль дабіралася да Вільні. Ужо там быў набыты білет да Мінска, але літоўскія памежнікі высадзілі яе на мяжы праз пратэрмінаваную візу. У выніку нейкі час яе пратрымалі нават за кратамі, але потым адпусцілі і сказалі пераходзіць мяжу.

«Справа ў тым, што перасякаць мяжу пешшу было нельга, то Каця закінула рэчы ў джып да нейкага расіяніна і сказала, што паедзе з ім, так і давёз яе да Філармоніі, а ўжо адтуль пайшла дадому», — смяецца дзядуля.

Ідэя стаць журналістам, як успамінае Сяргей Ваганаў, прыйшла да Каці, калі яна вярталася з Еўропы на радзіму. У дарозе яна напісала на конкурс «Народны журналіст» тэкст «Паланэз на вакзале». «Даслала мне, каб я паглядзеў, нешта паправіў, у выніку гэты артыкул заняў прызавое месца, дыплом уручаў дыпламат Пятро Садоўскі. Ніхто не ведаў, што Каця — мая ўнучка, я нікому не казаў.

Потым для мяне было нечаканасцю ўбачыць яе публіцыстыку ў «Нашай Ніве». Таксама я нават не ведаў, што яна нешта дасылала выданню. У мяне ёсць верш «Журналістка» — гэта пра яе.

Яе ўсю ноч трымалі ў пастарунку.
Прапанавалі каву і зефір:
«Частуйцеся, вышэйшага гатунку!
Не тое, што акрэсцінскі чыфір…
Якое глупства ваша галадоўка!
Ці ж вам не трэба набіраць вагу?!
Цукерку пакаштуйце, вось, «Кароўка»…
Не хочаце? А вы праз не магу…»

Ёй сапраўды не шкодзіла б паесці.
У вочы поўз вясёлкавы туман.
Падумала: а як жа моўчкі бэсціць
Яе звышклапатлівы капітан!
Падрыхтавана здымачная група.
Люстэркам ззяе зоркі аб'ектыў…
«Ну, з'еш! Ну, з'еш! — малілі зрэнкі тупа. —
З'ясі, хутчэй на волю выйдзеш ты…
Не псуй для тэлебачання карцінку.
БТ, РТ развешаны кручкі.
Не ўсё ж пра гвалт амонаўскі пласцінку
Табе круціць, пра кулі і дручкі…» 

Яе ўсю ноч трымалі ў пастарунку.
Карцінку спадзяваліся займець.
Ды толькі хто вышэйшага гатунку,
Ніколі ім ужо не зразумець.

«Магчыма, гены спрацавалі. Яе прадзед, мой бацька Давід Пінхасік, быў вядомым журналістам, прабабуля Марыя Ваганава скончыла да вайны КІЖ, у 1939 годзе кінула дачку на сяброў і пайшла з войскам у Заходнюю Беларусь, стварала і была першым галоўным рэдактарам «Палескай праўды», а 24 чэрвеня, здаецца, выпускала першы ў вайну нумар «Советской Белоруссии». Я думаю, што шмат у чым Каця атрымала ў спадчыну яе баявы характар», — гаворыць дзед.

У сваёй працы Кацярына ніколі не абмінала вострых тэмаў, пастаянна вяла стрымы «Белсата». «Пастаянны і гонар, і хваляванні за ўнучку. Яна абсалютна адданая прафесіі. Сама Каця — чалавек з норавам, характарам. Мы, родныя, падымалі размовы пра выезд за мяжу, пакуль тут неспакойна. Дык яна адказвала, што нават гаворкі пра гэта быць не можа, забараняла пра гэта гаварыць».

З журналістам Ігарам Ільяшом Кацярына ў шлюбе ўжо амаль чатыры гады. «Мы пазнаёміліся ў 2015 годзе. Я не так даўно быў журналістам «Радыё Свабода», а Каця ўвогуле толькі пачынала шлях у журналістыцы, прыйшла супрацоўнічаць з рэдакцыяй. Ёй была вельмі цікавая тэма ўдзелу беларусаў у вайне на ўсходзе Украіны, мне таксама, мы аб’ядноўвалі намаганні, працавалі разам, так і закахаліся адно ў аднаго. А троху больш чым праз год пасля знаёмства сыгралі вяселле», — расказвае Ігар.

Павялічыць

Ігар і Каця. Фота з фэйсбука

Пара і далей працягвала працаваць разам, дадаліся гучныя расследванні карупцыі сярод высокіх чыноўнікаў і бізнэсменаў, не закідвалі і тэму Данбаса. Сёлета ў Кіеве выйшла іхняя супольная кніга «Беларускі Данбас». «Каця вельмі ганарылася, што ўжо ў 26 гадоў займела такую сур’ёзную кнігу, распрацавала ўнікальную тэму, якой ніхто больш не займаўся. Былі і пагрозы з боку герояў, яна напісала пра баевіка ЛДНР, якога завербаваў ГУБАЗіК, пасля гэтага былі пагрозы. Пісала заяву ў міліцыю, але там адказалі, што не могуць высветліць, дзе гэты чалавек знаходзіцца», — кажа Ільяш.

Ад 2017 года Кацярына супрацоўнічае з тэлеканалам «Белсат». «Яна зорка стрымаў. Яе неаднаразова затрымлівалі, прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці. Каця ў значна большай ступені, чым я, вулічны журналіст, які пастаянна адчуваў пагрозу. Нельга сказаць, што мы не прадугледжвалі падобнай сітуацыі, яна ўсё цудоўна разумела і рыхтавалася.

Я думаю, што выстаўленне абвінавачання па крымінальным артыкуле не стала для яе шокам. Упэўнены, што яна добра трымаецца і ўпэўненая ў тым, што пераможа. Нават той факт, што Каця адмовілася даваць хоць нейкія паказанні сведчыць, што яна знаходзіцца ў выдатнай псіхалагічнай форме. Мы шмат размаўлялі і вырашылі, што будзем заставацца ў краіне да апошняй магчымасці», — падсумоўвае Ігар.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2019 2020 2021
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30