Знайсці
20.11.2020 / 20:45РусŁacБел

Ванда Марцінш душ Рэйш. Доля эмігранта. Верш

Мярцвеюць спіна і мазгі ад такой перагрузкі:
Пякельныя ляскат, і грукат, і спраў гламазда.
Занятасці грунт абярнуўся падступным і грузкім:
Тут з працай «гамон», а без працы таксама бяда.

Запомняцца з жахам урокі сучаснага рабства,
Дзе з кубачкам кавы і штучнай усмешкай цівун,
Дзе, як ні працуй, не набудзеш пасад, ні багацця,
Дзе жарт і пагляд б'юць балюча, як востры бізун.

Каляды, Вялікдзень, нядзеля і вечар на працы.
Дазвання забылася, як выглядае касцёл.
Адно суцяшае: навокал снуюць партугальцы —
У пекле з сябрамі патраплю ў той самы кацёл.

Іх свет нескладаны, дзе дух камарадарства моцны,
А скончыла школу хіба што якое дзяўчо.
Ды тут не дыплом у сяброўства дае правамоцтвы —
І кожны твой сябра, хто ў працы падставіць плячо.

Ідзе незваротны працэс непатрэбных мазгоў абнулення.
Зрабілася цела нячуйным, як моцны і гнуткі метал.
Магчымасцяў край і свабодаў увасабленне?
Хіба што сытней, чым капальня ці лесапавал.

Ванда Марцінш душ Рэйш

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера