Даслаць навіну
Знайсці
19.11.2020 / 19:09

Лукашэнка прызначыў пяць новых паслоў: расказваем, хто гэта такія

У чацвер, 19 лістапада, Аляксандр Лукашэнка прызначыў пяць паслоў. Адметна, што ніводнае прызначэнне не тычылася краін Еўрасаюза. Новыя прадстаўнікі Беларусі з’явіліся ў Кітаі, Азербайджане, Арменіі, Пакістане і Кеніі. Хто ж гэтыя людзі?

Юрый Сянько (Кітай)

Павялічыць

Юрый Сянько. Фота БелТА.

Лукашэнка лічыць Кітай ключавым партнёрам Беларусі, але пасада пасла была вакантнай ад чэрвеня. Справа ў тым, што былы пасол Мікалай Снапкоў не адпрацаваў у Пекіне і паўгода, як яго вярнулі ў віцэ-прэм’еры ў Мінск. Снапкоў прабыў самы складаны перыяд, калі каранавірус якраз узмацняўся.

Юрый Сянько да сённяшняга дня ўзначальваў Мытны камітэт. На гэтай пасадзе ён прабыў шэсць гадоў. Яму 53 гады, а родам з Даўгінава Карэліцкага раёна.

Сянько скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, факультэт правазнаўства. Пасля чаго і застаўся на працы ў Гродне. Займаў розныя пасады ў Гродзенскай рэгіянальнай мытні. У 35 гадоў узначаліў Гродзенскую рэгіянальную мытню. У 2011 Сянько перавялі кіраўніком Мінскай рэгіянальнай мытні. «Хутка, якасна, з усмешкай на твары», — такія рэкамендацыі сваім калегам даваў Юрый Сянько.

За час працы Сянько ў Гродне многія супрацоўнікі мытні апынуліся ў турме, але на самім начальніку гэта ніяк не адбілася. Сянько — уласнік аднаго з 113 элітных катэджаў у Драздах.

Мытня — гэта ўсё ж не рэпрэсіўны орган, а структура, якая зацікаўленая ў тым, каб дзяржава зарабіла паболей грошай. Усе гэтыя гады Сянько заставаўся непрыкметнай асобай, ці зменіцца нешта ў Пекіне?

Наступнік Юрыя Сянько ў Мытным камітэце на дадзены момант яшчэ не прызначаны.

Андрэй Раўкоў (Азербайджан)

Павялічыць

Андрэй Раўкоў. Фота Сяргея Зініна.

53-гадовы былы міністр абароны і дзяржсакратар Рады бяспекі едзе ў Баку. Такое прызначэнне выпадковым не выглядае. Азербайджан — адзін з асноўных купцоў беларускай зброі.

Раўкоў, як і Сянько, 53 гады. Ён нарадзіўся ў маленечкай вёсцы Равякі Бешанковіцкага раёна, за дзесяць кіламетраў ад радзімы канцлера ВКЛ Льва Сапегі. У 1988 годзе Раўкоў скончыў з залатым медалём Маскоўскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча. Варта адзначыць, што гэтае вучылішча размяшчалася непасрэдна ў Крамлі. Курсантаў таму проста так і называлі «крамлёўцы».

Кароткі тэрмін Андрэй Раўкоў быў камандзірам 103-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгады. Гэта элітная частка дэсантнікаў. А потым перайшоў у штаб Заходняга аператыўнага камандавання з цэнтрам у Барысаве, які ў выніку і ўзначаліў.

Пры Раўкове ў войску быў гучным выпадак з забойствам ці давядзеннем да самазабойства шарагоўца Аляксандра Коржыча ў Печах. А яшчэ Мінабароны быў распрацаваны «закон аб адтэрміноўках», які адбіваўся на многіх студэнтах. Замест вучобы яны павінны былі трапіць «у боты».

За час працы на пасадзе дзяржсакратара Рады бяспекі Раўкоў найбольш запомніўся затрыманымі перад выбарамі «вагнераўцамі». Баевікамі ЧВК палохалі на ўсіх дзяржаўных каналах, а ў выніку іх проста аддалі назад Расіі. Вось і ўся пагроза. У першыя дні пасля выбараў у фэйсбуку Раўкоў пісаў, калі ўсе забастуюць, то хутка мы адзін аднаго есці пачнём. А 4 верасня яго вызвалілі з пасады, на якой генерал не прабыў і года.

Аляксандр Канюк (Арменія)

Павялічыць

Аляксандр Канюк. Фота Сяргея Зініна.

У Ерэван не ўпершыню адпраўляюць сілавіка на злёце кар’еры. У 2008 у гэтым жа кірунку паляцеў былы старшыня КДБ Сцяпан Сухарэнка. Канюк жа да верасня ўзначальваў генеральную пракуратуру.

Канюк нарадзіўся ў 1960 у Гродне. Скончыў БДУ (1982). Пасля паступіў у распараджэнне камандзіра вайсковай часці ў Барысаве. Два гады быў камандзірам узвода. Ад 1993 — суддзя Беларускага вайсковага суда. Ад 1997 — суддзя і старшыня Мінскага міжгарнізоннага вайсковага суда. Ад 2006 — суддзя і старшыня Беларускага вайсковага суда. Ад 2009 года — намеснік старшыні, старшыня вайсковай калегіі Вярхоўнага Суда. Ад верасня 2011 — генеральны пракурор.

У гэтага генерала няпросты асабісты лёс. Пятнаццаць гадоў таму ў яго загінуў 19-гадовы сын, які сышоў з дому праз канфлікт з бацькам з-за камп’ютара. Магчыма, менавіта гэтая падзея наклала адбітак сумны на твар сілавіка. Другі сын Канюка быў супрацоўнікам ІТ-кампаніі PandaDoc, якую пасля выбараў разграмілі за пазіцыю ўласніка Мікіты Мікада. Адзін з супрацоўнікаў «Панды» ўсё яшчэ знаходзіцца ў зняволенні.

На думку многіх, Канюк не дэманстраваў асаблівага запалу ў падзеях, што адбываліся пасля 9 жніўня, пры гэтым застаючыся чалавекам сістэмы, праз што яго і памянялі на Андрэя Шведа.

Андрэй Мяцеліца (Пакістан)

Павялічыць

Андрэй Мяцеліца (справа). Фота mfa.gov.by.

Адно з такіх пасольстваў, пра існаванне якіх увогуле не здагадваешся. Да гэтага часу Мяцеліца працаваў начальнікам галоўнага дагаворна-прававога ўпраўлення МЗС. Родам Мяцеліца з Круглага, што на Магілёўшчыне. Летась яму быў нададзены ранг надзвычайнага і паўнамоцнага пасла другога класа.

Павел Узяткін (Кенія)

Павялічыць

Павел Узяткін. Фота cci.by.

Да нядаўняга часу гэтае пасольства размяшчалася ў Эфіопіі, але потым было прынятае рашэнне пераехаць у Найробі. Узяткін з’яўляецца намеснікам дырэктара дэпартамента знешнеэканамічнай дзейнасці МЗС. Быў начальнікам аддзела садзейнічання экспарту. У той час, як многія работнікі сышлі з МЗС пасля выбараў, Узяткін працягнуў працу ў ведамстве.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2019 2020 2021
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30