Знайсці
19.11.2020 / 15:36РусŁacБел

«Грамадзянская вайна можа быць немінучая». Размова Наталлі Качанавай з чыноўнікамі

У Наваполацку 18 лістапада старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава сустрэлася з актывам Наваполацка і Полацкага раёна. На сустрэчы былі дэпутаты з гарадоў-суседзяў, мясцовыя чыноўнікі. Спачатку Качанава распавяла ім аб сітуацыі ў краіне, затым адказвала на пытанні. У распараджэнні Tut.by аказаўся аўдыёзапіс сустрэчы, якая доўжылася каля дзвюх гадзін. Вось самыя цікавыя моманты.

Аб краіне да выбараў

— Хачу вам як сваім землякам з першакрыніцы расказаць аб грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне, — звярнулася да чыноўнікаў ураджэнка Полацка Наталля Качанава. — Вядома, усё цяпер сканцэнтравалася ў Мінску. Але падстаў для таго, каб разбурыць нашу краіну, не было ніякіх. Я думаю, вы ў гэтым не сумняваецеся, як ніколі не сумнявалася і я. [У нас] нармальна развіваецца краіна. Так, не вельмі багатая, так, без пэўных рэсурсаў, але са сваім курсам, сваёй стратэгіяй. І галоўнае ў гэтай працы заўсёды, як кажа прэзідэнт, — гэта людзі, людзі, людзі. А як складваецца сітуацыя на месцах, залежыць ад нас — ад кожнага начальніка. І што сёння было дрэннага ў нашай краіне, што мы рабілі не так? Мы ўсё рабілі так. Але гэта не задавальняла многіх іншых, якія бачылі, што сёння трэба паспрабаваць «каляровыя рэвалюцыі». Вы бачыце, якая пайшла хваля гэтых «каляровых рэвалюцый» [у іншых краінах]. І яна прыйшла і да нас, у Беларусь.

Пра «вакханаліі» падчас збору подпісаў за кандыдатаў

На думку Наталлі Качанавай, падчас збору подпісаў за кандыдатаў у прэзідэнты ў Беларусі «пачалася вакханалія»:

— Я тады была ў розных рэгіёнах нашай краіны, сустракалася з рознымі людзьмі. Яны [гэтыя размовы] запісвалі, выкідалі [у інтэрнэт]. Уласна, як [выкідваюць запісы] і цяпер. Я вельмі папулярная, як аказалася (смяецца). Дзе я ні кажу — усё потым з'яўляецца ў Інтэрнэце. Я спадзяюся, вы тут не пішаце [размову]? Але нават калі пішаце, не страшна. І на гэтых сустрэчах ад апанентаў улады я не пачула нічога яснага, што сёння ў нас дрэнна і што трэба рабіць уладзе, каб ім было добра. Хоць я і на «Нафтан» прыязджала, і на «Пінскдрэў», і на МАЗ, і Дзе я толькі ні была. А калі пачаўся збор подпісаў — [пачалася] сапраўдная вакханалія: зневажалі ўладу, прэзідэнта, [пасыпаліся] пагрозы, абразы.

Аб выбарах і вечары 9 жніўня

На выбарах, лічыць Качанава, «не было іншай нармальнай кандыдатуры, якая магла б канкурыраваць з дзеючым прэзідэнтам».

Увечары ў дзень выбараў, 9 жніўня, каля паловы на дзявятую Качанава, кажа, сама ехала па праспекце Пераможцаў і назірала, з яе слоў, такую карціну:

— Ужо бег раз'юшаны натоўп малойчыкаў, па-іншаму не назаву, і крычаў «Жыве Беларусь!». Яны ўжо несліся! Ні вынікаў выбараў яшчэ не было, ні інфармацыі, хто перамог, ні лічбаў. Нікому гэтыя вынікі не былі патрэбныя, бо раз'юшаны натоўп у Мінску ўжо быў з заточкамі, з арматурай. Яны ўжо прыйшлі ладзіць пераварот. Зразумела, там задзейнічалі масы — лялькаводы, якія сёння гэтым лялькаводзяць. І калі б у тую ноч ўлада дрогнула, то невядома, што сёння было б у краіне. І Euronews паказваў абсалютную праўду: стаяць тры амапаўцы, а гэтыя раз'юшаныя [дэманстранты] здымаюць кашулі і кідаюцца на іх з бітамі. Але не атрымаўся, не атрымаўся [пераварот].

Аб ахвярах гвалту

— Потым [людзі] пачалі выходзіць на мірныя акцыі. [З'явіліся] пабітыя, збітыя, пачалі прыдумляць фэйкі. У гэты перыяд усе асалапелі. Я часам заплюшчвала вочы і не магла паверыць, што я — у Беларусі, у сваёй краіне. Я не магла гэтага ўявіць! Я сустракалася з людзьмі, але нідзе мне ніхто не сказаў: трэба ўладу мяняць. Ці хаця б запісачку [пра гэта] напісаў. І калі гэта пачалося — збітыя, згвалтаваныя, я тэлефаную Караніку (былы міністр аховы здароўя, цяпер губернатар Гарадзеншчыны Уладзімір Каранік). «Уладзімір Сцяпанавіч, ёсць згвалтаваныя?» — «Ні аднаго выпадку». Няма гэтых фактаў, няма! Ну, вядома, па задніцы хтосьці атрымаў, гэта зразумела. Але потым, калі Следчы камітэт пачаў разбірацца — там фэйкаў больш, чым трэба. Там прыдумана проста. Гэта ўсё робяць інтэрнэт-рэсурсы, телеграм-каналы. Такая хлусня, проста адкрытая хлусня льецца.

Аб мірных маршах

— Пачалі выходзіць на мірныя акцыі — з кветачкамі. А хто выходзіць? Вашыя дзеці выходзяць, таварышы. У прамым і пераносным сэнсе. Здаецца, мірная акцыя. Але ў гэтай мірнай акцыі заўсёды знойдзецца правакатар. Выходзіць моладзь. Усе такія паспяховыя, добрыя. Але нешта ім не падабаецца ў нашай краіне! Потым [сталі выходзіць] пенсіянеры, потым — ветэраны. Усякую лухту прыдумлялі. А нармальныя законапаслухмяныя людзі сядзелі і сядзяць дома і думаюць: «Госпадзе, што адбываецца?».

Пратэстныя настроі ў мінскіх мікрараёнах, па назіраннях Качанавай, найбольш моцныя там, «дзе самае элітнае жыллё, дзе вельмі вялікі камерцыйны кошт».

— Там ні я, ні вы тым больш ніколі не пабудуеце сабе кватэру, - заявіла Наталля Качанава полацкім і наваполацкім чыноўнікам.

Пра Рамана Бандарэнку

— Цяпер наступіла радыкалізацыя [пратэстаў]. Цяпер яны проста настолькі нахабнымі сталі, што ўжо не проста перамычкі на рэйкі кладуць, а нейкі экран перакрылі, які робіць перавод рэек, гэта значыць каб цягнік з іх сышоў.

Гэты выпадак з гэтым Бандарэнкам. Сам выскачыў [у двор]. Тое, што ён быў п'яны — сто працэнтаў. Цяпер разбіраюцца, і ўжо высветлілі, што ў Інтэрнэт выкінулі ілжывую інфармацыю, што ён быў цвярозы. Але далей следства разбярэцца. Але вы бачылі, як яго [Бандарэнку] паднялі? Мемарыял! А колькі п'яных [у цэлым у краіне] б'юцца? Кожны дзень такія гінуць. А яны [пратэстоўцы] ладзяць паніхіды. Правільна прэзідэнт сказаў: зачысціць горад! Вывезлі ўсё [кветкі, свечкі, лампады] спакойна, паставілі на могілках. Прывязуць яго [Рамана Бандарэнку], пахаваюць — калі ласка, кветачкі, якія [у яго памяць] прынеслі. Але каб вы разумелі, на працягу гадзіны там [12 лістапада ў двары на плошчы Перамен] ужо было каля тысячы чалавек. І ўсе ўжо з кветкамі і лампадкамі! Як такое можа быць? Вось памёр чалавек, думаеш, дзе кветачку купіць — для гэтага трэба час. А тут — вельмі хутка [у двары сабраліся]! Сцэнары распрацоўваюць цудоўныя!

Пра амапаўцаў

— Вось гэтая радыкалізацыя. Вы што думаеце, можна амапаўцу ў твар пляваць, можна яго абзываць? А ён таксама нечае дзіця, сын, муж. Ён па абавязку службы там [на акцыях пратэсту], а цябе якая бура туды гоніць? Ты хочаш выказаць сваё меркаванне — ідзі на дыялогавую пляцоўку. Сёння, дарэчы сказаць, у АМАП — чарга дзяцей. Вось малайцы! Я проста перад імі схіляюся. І сышлі адтуль адзінкі. І амапаўцы яшчэ больш згуртаваліся, таму што сталі іх зневажаць.

Аб сітуацыі ў краіне цяпер

— Мы адышлі ад прорвы, але не сышлі ад той сітуацыі, якая можа нас дагнаць. Грамадзянская вайна можа быць немінучая. У гэтым вы можаце не сумнявацца. Я не магу маўчаць. Хай мяне заб'юць, але я ніколі не буду здраднікам тым людзям, якія абаранілі свабоду і незалежнасць 75 гадоў таму, якія пабудавалі нашу Беларусь. А цяпер усім дрэнна. Ну як так? Мы ўсе, вы ўсе, СМІ павінны казаць людзям, павінны сустракацца [з людзьмі]. У адваротным выпадку разарвуць краіну.

Сітуацыя няпростая, але кіраваная. Бо, паверце, нас большасць. А гэта купка [пратэстоўцаў] — мы не можам з імі ніяк дамовіцца. Сталі адлічваць студэнтаў. І правільна, што сталі адлічваць. Хтосьці [на акцыі пратэсту] па дурасці трапіў. Але другі ж пачынае ўздзейнічаць на першакурснікаў!

Парады чыноўнікам, як працаваць далей

— Будзьце ўважлівыя, акуратныя, працуйце з людзьмі — і перамога будзе за намі! Мы ў гэтым ніколькі не сумняваемся, бо нам не сорамна перад людзьмі. Улада нічога не зрабіла, каб ёй саромецца і баяцца народа. І ўкусіць ім нас няма за што. Вядома, яны [пратэстоўцы] разлічвалі на бліцкрыг — і ўсё, адразу ўсё зменшылася. Не атрымалася, таму цяпер яны радыкалізаваліся. Яны пачынаюць лезці, і лезці сур'ёзна. Іх засталося не так шмат, але яны ёсць. Таму трэба быць вельмі ўважлівымі. Трэба працаваць на сваіх прадпрыемствах, установах і арганізацыях і рабіць усё, каб не даваць ім падставы дыскрэдытаваць нашу ўладу. Абавязкова працаваць і на тэлебачанні, і ў газетах. Трэба, каб новыя асобы з'яўляліся, каб людзі бачылі [працу ўлады].

Я зараз хачу дагрукацца да кожнага, сказаць: «Людзі, спыніцеся!». Інакш будзе вайна. Яна немінучая, калі мы сёння не прымірым нашых людзей, якіх выстаўляюць як гарматнае мяса. Вось іх [апанентаў улады] прапановы — спыніць прадпрыемствы, зняць уклады. Гэта нармальныя людзі? Давайце спынім «Нафтан». І дзе будуць людзі працаваць?

«Будучы інжынерам у «Водаканале», я была самым шчаслівым чалавекам»

На сустрэчы з землякамі Наталля Качанава згадала і некаторыя моманты ў сваёй працоўнай біяграфіі:

— Будучы інжынерам у «Водаканале», я была самым шчаслівым чалавекам. Нават нягледзячы на тое, што я майткі дзяліла па талонах, будучы старшынёй прафсаюзнага камітэта.

Качанава прызналася, што ў чыноўнікаў і ў яе самой таксама — вялікая загрузка на працы.

— Што, сёння ў вертыкалі працаваць лёгка? Ці нам? У мяне няма жыцця. Але я не пайду, пакуль мне не скажа прэзідэнт, што ты свабодная. І буду з ім да канца. Кажу гэта ўсюды. Хоць сёння многія саромеюцца. А я не саромеюся. Мне не сорамна ні за адзін дзень свайго жыцця: колькі працавала — столькі працавала для людзей.

Я вам перадаю падзяку Аляксандра Рыгоравіча — вертыкаль і сілавікі выстаялі. Вы проста малайцы!

Качанава кажа, што блізкія яе падтрымліваюць:

— Я дзякую Богу, што ў мяне ў сям'і ўсе са мной [ідэйна]. А ёсць жа і такія [сем'і], якія і на гэтай глебе разышліся.

Наталля Качанава таксама расказала землякам, што ў яе быў каранавірус:

— Я перахварэла на гэтую хваробу. І ў мяне дома перахварэлі. Я ведаю, як яна працякае. І я глыбока ў тэме, бо працягваю курыраваць лячэнне гэтай хваробы.

Tut.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера