Даслаць навіну
Знайсці
17.11.2020 / 19:00

«За намі сачылі з лесу, а ў СІЗА прыехалі з аддзела кадраў, каб звольніць»: як турыстычная паездка скончылася затрыманнем паўсотні чалавек

Больш за паўсотню сябраў стачкама «Беларуськалія» 13 лістапада выправіліся ў турыстычную паездку ў Івацэвіцкі раён. У выніку ўсіх іх затрымалі, кагосьці асудзілі на суткі, а камусьці далі штрафы.

Ігар Гарбацэвіч працаваў горным майстрам на чацвёртым рудніку «Беларуськалія», часам выконваў абавязкі намесніка начальніка ўчастка. Яму прапаноўвалі павышэнне, але 26 кастрычніка Ігар сышоў у забастоўку. Ён быў адным з тых, хто на турыстычным аўтобусе выправіўся на радзіму Тадэвуша Касцюшкі.

Павялічыць

«Спачатку ў Мілавідах сфоткаліся з помнікам паўстанцам Каліноўскага, а потым вырашылі ўшанаваць хвілінай маўчання памяць Рамана Бандарэнкі, сталі ўздоўж дарогі і сфатаграфаваліся, — расказвае Ігар. — Пасля гэтага выправіліся ў Косава. Там была замоўлена экскурсія, адна частка пайшла аглядаць палац, а другая — дом Тадэвуша Касцюшкі. Потым памяняліся.

Калі мая група выходзіла з палацу, то пад’ехаў міліцэйскі УАЗік. Потым прыехалі яшчэ ДАІшнікі і адна цывільная машына, як я зразумеў, з начальнікам Івацэвіцкай міліцыі. Агулам міліцыянераў было чалавек сем, а таксама некалькі ДАІшнікаў, амапаўцаў не было. У нас пыталіся, што мы тут робім, патлумачыць усё прапанавалі ў пастарунку. Калі нас затрымлівалі, то ніякай сімволікі не было і блізка.

Прывезлі ў міліцыю, дзе праводзілі апытанні, змясцілі ў актавы зал. Казалі, што маюць нейкія фота і відэаздымкі. Там нас і вырашылі затрымаць. Было вырашана, што размесцяць у ІЧУ ў гэтым самым будынку. Нас прывялі ў камеру на трох чалавек, дзе ўжо было чацвёра плюс васьмёра нас, агулам дванаццаць чалавек. Там не тое, што сядзець не было дзе, але нават стаяць. Неяк правялі ноч.

Ранкам прыехалі аўтазакі, каб завезці нас у Баранавічы. Вельмі доўга ўсіх афармлялі, апісвалі рэчы. Тыя, хто першымі зайшоў у аўтазакі, прачакалі там каля трох гадзін, пакуль зайшлі апошнія. Лаўкі там ледзяныя былі, вельмі холадна. Каля сямі гадзін у нас не было магчымасці схадзіць у прыбіральню, нідзе не пускалі. Для людзей, як я, якія ўпершыню сутыкаюцца з затрыманнямі, гэта быў сапраўдны шок. Жанчын пасадзілі ў мікрааўтобус, а не ў аўтазакі.

У Баранавічах умовы спартанскія. Нас спачатку, больш за трыццаць чалавек, змясцілі ў камеру на 14 ложкаў, але матрацы былі толькі ў дзевяці, астатнія — кладзіся на металічныя палоскі. Потым раздзялілі нас на дзве камеры, але месца ўсім не хапала ўсё адно. У каго з курткі не даставаліся шнуркі, тыя ўвогуле без куртак былі, а пад ранак станавілася вельмі холадна. Не аддавалі ежу, калі нават была з сабой, кніжкі, хоць усё гэта можна.

Потым мы зразумелі, што за намі сачылі з Салігорска. Прыехалі адтуль следчыя, якія дэманстравалі фатаграфіі і відэа. Яны здымалі нас з лесу, а мы нават не здагадваліся пра гэта. У СІЗА з Салігорска таксама прыехалі тры жанчыны з аддзелу кадраў «Беларуськалія», якія спрабавалі азнаёміць, у тым ліку і мяне, з загадам аб звальненні. Мы адмаўляліся гэта зрабіць у Салігорску, то яны прыехалі проста ў СІЗА. Наколькі я ведаю, 7-10 чалавек вадзілі на такія размовы.

Сядзяць гэтыя жанчыны, а міліцыянер здымае ўсё на камеру. Я адмовіўся знаёміцца з загадам на звальненне, але гэта зафіксавалі пры двух сведках. Таму, хутчэй за ўсё, мяне ўжо звольнілі.

Сам суд доўжыўся, можа, хвілін пятнаццаць. І тое толькі таму, што я папрасіў паказаць відэаздымку, каб суддзя паказаў мяне, ён доўга не мог гэтага зрабіць. Ніякіх паказанняў сведкаў не было. Адзін суддзя даваў усім суткі, іншы — штрафы. Я трапіў да другога, вынік — 10 базавых велічынь».

Агулам на суткі было асуджана 19 сябраў стачкама «Беларуськалія», суддзя даваў розныя тэрміны — ад 5 да 15 сутак. Пакаранне яны будуць адбываць у Баранавічах. Астатнія атрымалі штрафы.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2019 2020 2021
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30