Знайсці
17.11.2020 / 14:44РусŁacБел

Фатографа затрымалі ў нумары гатэля, але асудзілі за ўдзел у маршы. «Сведкам» быў зашыфраваны міліцыянер

Фатографа агенцтва БелаПАН Андрэя Шаўлюгу затрымалі падчас асвятлення падзей 15 лістапада ў гатэлі «Арбіта», што над метро «Пушкінская», але абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. «Сведкам» быў зашыфраваны супрацоўнік міліцыі. Суддзя Малашэнка дала яму 15 сутак, паведамляе радыё «Свабода».

Адвакат прадставіў у распараджэнне суддзі копію дамовы з гатэлем «Арбіта», рэдакцыйныя заданне і пасведчанне ад агенцтва БелаПАН, фотаздымкі, апублікаваныя агенцтвам БелаПАН, зробленыя Андрэем Шаўлюга да затрымання.

Сведкамі заяўленыя журналістка БелаПАН Юлія Коцкая і дырэктар БелаПАН Дзмітрый Наважылаў.

Паводле пратаколу, Шаўлюга прыняў удзел у пікетаванні па праспекце Пушкіна, 39, з мэтай выказвання нязгоды з дзеючай уладай. Шаўлюга віны не прызнаў.

Ён заявіў, што яго затрымалі ў нумары гатэля «Арбіта», дзе ён пражываў з 14 лістапада. З гэтага нумара ён вёў фота- і відэафіксацыю таго, што адбывалася на вуліцы, выконваючы свае абавязкі журналіста. З ім знаходзіліся калегі Юлія Коцкая і Андрэй Рабчык.

У 12.30 у нумар зайшлі 3 чалавекі ў спартовых касцюмах і масках, назваліся міліцыяй. Раней Шаўлюга меркаваў, што гэта супрацоўнікі ГУБАЗіК. Загадалі скласці ўсю тэхніку на ложак, абшукалі. Далей супрацоўнікі АМАП суправадзілі Коцкую, Шаўлюгу і Рабчыка ў РУУС Маскоўскага раёна.

Там Шаўлюга ўказаў, што нязгодны са складзеным на яго пратаколам.

Шаўлюга таксама распавёў, што да моманту яго затрымання масавых мерапрыемстваў на праспекце Пушкіна не было.

Шаўлюга заяўляе патрабаванне, каб былі агучаныя дадзеныя сведкі абвінавачання. Ён кажа, што ў ЦІП «папрысутнічаў» на васьмі судовых пасяджэннях, і на ўсіх «сведкам» быў адзін і той жа «зашыфраваны» супрацоўнік міліцыі. Падсудныя ў ЦІП знаходзяцца ў адным памяшканні і могуць чуць, што адбываецца ў іншых пасяджэннях.

Суддзя Малашэнка адмовіла, спаслаўшыся на тое, што сама вызначыць асобу сведкі. Шаўлюга настойліва пратэстуе супраць удзелу сведкі, кажа, што той ажыццяўляе тэхнічнае забеспячэнне працэсу і прысутнічаў на пасяджэнні раней. Суддзя Малашэнка адмаўляе і працягвае апытанне сведкі. Той паўтарае звесткі абвінавачання з пратакола.

Сведка, журналістка БелаПАН Юлія Коцкая, пацвярджае, што была затрыманая ў нумары гатэля «Арбіта» разам з калегамі Андрэем Шаўлюгам і Андрэем Рабчыкам 15 лістапада падчас выканання журналісцкіх абавязкаў. Быў заслуханы дырэктар ЗАТ БелаПАН Дзмітрый Наважылаў, які пацвердзіў выдачу Шаўлюгу рэдакцыйнага задання і атрыманне ад яго фотаздымкаў ранкам 15 лістапада.

Адвакат хадайнічае пра запатрабаванне запісаў камер відэаназірання з гатэля «Арбіта». Суддзя Малашэнка адхіляе хадайніцтва — «не лічыць неабходным».

Адвакат просіць спыніць судовы пераслед.

Рашэнне суддзі Малашэнка — 15 сутак.

Паводле радыё «Свабода»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера