Знайсці
16.11.2020 / 15:19РусŁacБел

«Цела пакуль не аддаюць». Сям'я Рамана Бандарэнкі распавяла, што адбываецца

vk.com

Трагічнай гібеллю 31-гадовага Рамана Бандарэнкі зараз займаецца Генеральная пракуратура. Раніцай сям'я паехала ў ведамства, каб атрымаць дазвол на выдачу цела, але на прыём не змагла трапіць. З мамай Рамана таксама ніхто не звязваўся, піша Tut.by.

— Мама Рамана сёння двойчы прыязджала ў Генеральную пракуратуру. А 9-й раніцы дзяжурны сказаў прыязджаць аб 11.00, потым сказалі чакаць адказу і звяртацца пазней, — распавядае Вольга Кучарэнка, стрыечная сястра Рамана Бандарэнкі.

Увечары 12 лістапада збіты малады чалавек памёр у бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Дактары напярэдадні сказалі родным: у Рамана шанец выжыць адзін з тысячы.

31-гадовы Раман Бандарэнка 11 лістапада выйшаў на Плошчу Перамен», каб спытаць у людзей у цывільным і масках, навошта яны здымаюць бел-чырвона-белыя стужкі. Як распавядалі відавочцы, на Рамана накінуліся невядомыя, сталі біць, а потым «прафесійна затрымалі» і аднеслі ў мікрааўтобус. Праз паўтары гадзіны ён быў дастаўлены з Цэнтральнага РУУС Менска ў бальніцу. Аперацыя доўжылася некалькі гадзін, жыццё маладога чалавека выратаваць не ўдалося.

Праверку па факце смерці пачаў праводзіць Следчы камітэт, а 13 лістапада Аляксандр Лукашэнка даручыў Генпракуратуры ўзяць пад кантроль расследаванне гібелі рамана Бандарэнкі.

— Яшчэ ў пятніцу былі ў Следчым камітэце, там адказалі, справа ўжо ў Генпракуратуры, звяртацца варта туды. Мы так і зрабілі, адказ не атрымалі. Нам казалі, што менавіта следчы павінен даць дазвол на выдачу цела, — распавядае Вольга. — Мы не ведаем нічога: зрабілі экспертызу ці не, цела Рамана нам пакуль не аддалі, з намі ніхто не звязваўся. Трэба ж планаваць пахаванне… пайшоў чацвёрты дзень.

Блізкія Рамана распавядаюць, што адзін з рытуальных залаў прапанаваў ім свае паслугі, а потым сказаў: «Мы вымушаныя вам адмовіць». Канкрэтных прычын не патлумачылі.

Кацярына Барысевіч, Tut.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера