Знайсці
14.11.2020 / 11:10РусŁacБел

Апальнаму акадэміку Мрочаку падпалілі дачу, пакінулі запіску з пагрозамі і акрываўленую ляльку

У акадэміка Аляксандра Мрочака, былога дырэктара РНПЦ «Кардыялогія», на лецішчы здарыўся пажар. Згарэлі частка дома, склеп, лазня і альтанка. На вуліцы падпальшчыкі пакінулі ляльку са скрываўленымі вачыма, прыбітую да крэсла скальпелем, і запіску з пагрозамі. ТUT.BY пагаварыў з прафесарам пра абставіны здарэння. 

Фота: перададзена ў рэдакцыю TUT.BY сям'ёй Мрочак

Фота: перададзена ў рэдакцыю TUT.BY сям'ёй Мрочак

Дача акадэміка знаходзіцца ў вёсцы Узбор'е каля Раўбічаў.

— Мне патэлефанаваў сусед, які ўбачыў пажар. Я быў у Віцебскай вобласці на рыбалцы, мы адразу селі ў машыну — гэта была 4-я гадзіна раніцы, — прыехалі, пажарныя ўжо працавалі. Нешта ўдалося захаваць, нешта незваротна страчана. Згарэлі альтанка, частка дома, склеп, ён быў адкрыты, мы яго не зачынілі на замок. У падвале была невялікая лазня — яна цалкам выгарэла. Прасцей кажучы, тры незалежныя адзін ад аднаго асяродкі ўзгарання. Пажарныя лічаць, што гэта падпал. Мала таго, стаяла крэсла на вуліцы, на крэсле — лялька са скрываўленымі вачыма, прыбітая скальпелем. І пагрозлівая запіска, што я павінен пакаяцца, што «прадаваў нейкія стымулятары, былыя ва ўжыванні», — гэта поўнае трызненне! І напісана ў канцы, што гэта толькі пачатак.

Фота: перададзена ў рэдакцыю TUT.BY сям'ёй Мрочак

Аляксандр Мрочак сказаў, што цяпер на дачы працуюць следчыя.

— Мне ніхто адкрыта не пагражаў. Я ўжо некалькі месяцаў не працую, я звольнены. Вось, упершыню такая пагроза ў запісцы. Мне за ўсё жыццё ніхто асабліва не пагражаў.

Мінскі РАСК па факце падпалу лецішча доктара Мрочака завёў крымінальную справу па ч. 2 артыкула 218 КК РБ «Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці, здзейсненае агульнанебяспечным спосабам».

Аляксандр Мрочак — кардыёлаг, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар медыцынскіх навук, прафесар Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. РНПЦ «Кардыялогія» кіраваў з 2008 па 2020 год. Аўтар больш чым 500 навуковых прац, уключаючы 8 манаграфій, 45 патэнтаў і аўтарскіх пасведчанняў на вынаходствы. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, міждзяржаўнай прэміяй «Зоркі Садружнасці».

У жніўні Міністэрства аховы здароўя звольніла Аляксандра Мрочака з пасады дырэктара РНПЦ «Кардыялогія». В. а. міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч сказаў, што «задачы, якія цяпер стаяць перад Міністэрствам аховы здароўя, патрабуюць асаблівых кіраўнікоў», таму кадры і мяняюць. Аднак самі ж супрацоўнікі РНПЦ звязвалі звальненне з тым, што Мрочак не ціснуў на іх і не забараняў у непрацоўны час выказваць сваю пазіцыю.

Nashaniva.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера