Знайсці
13.11.2020 / 23:53РусŁacБел

«Забралі проста з аперацыі». Анестэзіёлаг «Новага зроку» расказаў пра сваё дзіўнае затрыманне за акцыю, у якой не ўдзельнічаў

Анестэзіёлага Дзмітрыя Каўко, які працуе ў клініцы «Новы зрок» і РНПЦ дзіцячай хірургіі, затрымалі ў чацвер, 12 лістапада, непасрэдна на працы. Ноч доктар правёў на Акрэсціна. Сёння яго адпусцілі, а справу адправілі на дапрацоўку. 

Дзмітрыя забралі ў міліцыю проста з аперацыі.

«Паступіла інфармацыя, што на рэсэпшэне чакаюць тры чалавекі ў цывільным, таму я вымушаны быў спусціцца. У гэты час у аперацыйнай праходзіла агульная анестэзія. На аперацыю я ўжо не вярнуўся, паведаміў кіраўніцтву і пачаў збіраць рэчы. На аперацыі застаўся напарнік, ён рабіў падвойную працу — гэта нашмат складаней, больш рызыкі для пацыента», — распавёў доктар «Нашай Ніве».

Дзмітрыя абвінавачвалі ва ўдзеле ў акцыі медыкаў 7 лістапада. У тую суботу ён сапраўды быў побач, працаваў у РНПЦ, але на марш не хадзіў. З унутранага дворыка толькі зняў, як калег пакуюць у аўтазак.

Ён мяркуе, што яго вылічылі па наладках тэлефона і забралі апытаць найперш у рамках крымінальнай справы, па якой у Дзмітрыя дома праходзіў ператрус 1 кастрычніка. Пасля таго ператрусу доктар пісаў ліст у РУУС, каб яму вярнулі рэчы. А калі там адказалі, што іх перадалі ў Следчы камітэт, напісаў туды.

«Калі ўчора па мяне прыйшлі, першае пытанне міліцыянта было: «Вы пісалі нам ліст у РУУС?» Кажу: пісаў. «Ну тады праедземце з намі ўдакладніць усе абставіны». Допыт пераважна праводзіўся па крымінальнай справе і тым ператрусе, які ў мяне быў. А напрыканцы ўжо навесілі артыкул 23.34, таму што ўбачылі два здымкі ў тэлефоне», — падзяліўся Дзмітрый.

У пятніцу быў суд. Пасяджэнне вяла суддзя Савецкага раёна Алена Жуковіч. Справу ў выніку адправілі на дапрацоўку: на камерах назірання РНПЦ бачна, што анестэзіёлаг у той час знаходзіўся ва ўнутраным дворыку, а не каля праезнай часткі, як сцвярджаў сведка з міліцыі.

Суд на доктарам. Суддзя Алена Жуковіч вырашыла праводзіць працэс у сваім кабінеце, таму некалькі дзясяткаў чалавек, якія прыйшлі падтрымаць медыка, пакінулі на калідоры. Людзі спрабуюць пачуць хоць нешта праз дзверы

У якім статусе доктар праходзіць па крымінальнай справе, ён дагэтуль не ведае.

«Чаму з ператрусам прыходзілі, для мяне самога пытанне. Можа, гэта па нейкай страйкбольнай тэме, бо ў мяне забралі прылады для гульні ў страйкбол». 

Заўтра Дзмітрыю на пост.

«Такі серыял: як пабываць за кратамі і патрапіць на працу без спазнення», — пажартаваў доктар.

НЛ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера