Знайсці
12.11.2020 / 16:27РусŁacБел

Суд за сарваную з сілавіка маску не пачаўся. Дзяўчыну абвясцілі ў вышук

Сёння, 12 лістапада, у судзе Ленінскага раёна Мінска меўся пачацца разгляд крымінальнай справы паводле арт. 364 КК (Гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі) у дачыненні да Юліі Лушчэўскай. 11 верасня яна сарвала маску з супрацоўніка АМАПа каля будынка Мінаблсуда. Аднак суд прыйшлося перанесці на нявызначаны час: месцазнаходжанне Юліі Лушчаўскай невядомае. Верагодна, дзяўчына з'ехала з Беларусі. Суд абвясціў мінчанку ў вышук, паведамляюць праваабаронцы.

11 верасня Юлія разам з іншымі людзьмі прыйшла да будынка суда падтрымаць прадстаўнікоў страйкама «Беларуськалія». Кіраўніцтва прадпрыемства патрабавала прызнаць страйк незаконным. Прыехалі сілавікі і пачалі затрымліваць людзей проста перад судом. Пры затрыманні Юлія сарвала з сілавіка маску. Інцыдэнт трапіў на відэа.

Суддзя Ленінскага суда Марына Запаснік аштрафавала Юлію за гэты выпадак па двух артыкулах КаАП: 23.34 (Парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў) і 23.4 (Непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы) на 50 базавых велічынь (1350 рублёў).

Аднак на дзяўчыну распачалі яшчэ і крымінальную справу па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса — гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі. Юліі Лушчэўскай абралі меру стрымання — падпіска аб нявыездзе.

12 лістапада дзяўчына ў суд не з'явілася. Як паведамляе праваабаронца Аляксей Лойка, які ажыццяўляў маніторынг судовага працэсу, у судзе прымалася рашэнне аб магчымасці разгляду крымінальнай справы ў адсутнасць Лушчэўскай. Дзяржабвінаваўца Аляксандр Рамановіч заявіў, што суд неабходна адкласці да высвятлення месца знаходжання абвінавачанай.

Суддзя Таццяна Шоцік пастанавіла абвясціць Юлію Лушчаўскую ў вышук.

Таксама яна прыняла рашэнне змяніць меру стрымання з падпіскі аб нявыездзе на ўтрыманне пад вартай. Гэта значыць, што пры затрыманні Лушчэўскую павінны адразу змясціць у СІЗА-1 і апавясціць суд.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера