Знайсці
11.11.2020 / 16:18РусŁacБел

На Маршы ў нядзелю затрымалі кубінца — яму пагражае дэпартацыя

На Маршы 8 лістапада ў Мінску затрымалі 55-гадовага кубінца Рабэрта Вальдэса Касануэву. Раніцай 11 лістапада ён усё яшчэ чакае суда ў мінскім ІЧУ на Акрэсціна. А пасля суда міліцыя можа падняць пытанне аб яго дэпартацыі.

— У Рабэрта скончыўся від на жыхарства. Яго павінны дэпартаваць з Беларусі, — распавядае Еўрарадыё Ірына, калега Рабэрта.

Амаль 30 гадоў Касануэва пражыў у нашай краіне. Ён працуе тут графічным дызайнерам, свабодна гаворыць па-руску і актыўна выказвае сваю грамадзянскую пазіцыю: выступае супраць фальсіфікацый на беларускіх выбарах і гвалту з боку сілавікоў. Са слоў калегаў, Рабэрта выходзіў на пратэстныя маршы кожную нядзелю. 8 лістапада аказалася фатальным.

— Сябры, мяне дэпартуюць з краіны. Улады адмовіліся падаўжаць мой від на жыхарства праз маю палітычную пазіцыю, — пісаў Касануэва ў сярэдзіне верасня. — Я аддаў гэтай краіне амаль 30 гадоў, шмат працаваў. У мяне тут застаюцца трое дзяцей: Клаўдыя, Крысціян і Альберта (непаўнагадовы).

Я зрабіў тут усё, што мог, вельмі спадзяюся і мару ў хуткім часе ўбачыць Беларусь з чыстым небам над галавой без Лукашэнкі. Ні пра што не шкадую адносна маёй пазіцыі, і калі спатрэбілася б рабіць гэта яшчэ раз, то рабіў бы яшчэ больш.

Раніцай 11 лістапада сябры Рабэрта прыехалі да ІЧУ на Акрэсціна, каб даведацца, калі адбудзецца суд і колькі яшчэ яго плануюць тут трымаць. Пакуль што ім не паведамілі ніякай падрабязнай інфармацыі. 

Згодна з беларускім заканадаўствам, чалавек, у дачыненні да якога ўжытая дэпартацыя або высылка, можа быць затрыманы на тэрмін, неабходны для выканання пастановы аб дэпартацыі або высылкі. Былі выпадкі, калі замежнікі ў чаканні выдварэння з Беларусі праводзілі ў ІЧУ па паўгода — без сувязі з роднымі, без перадач, а значыць, без неабходнага адзення і сродкаў гігіены. 

Змяшчэнне замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў ІЧУ праваабаронцы расцэньваюць як жорсткае абыходжанне, якое прыніжае чалавечую годнасць. Бо ізалятары непрыдатныя для ўтрымання людзей працяглы тэрмін.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера