Знайсці
10.11.2020 / 21:50РусŁacБел

«Могуць выйсці толькі жанчыны! Усе мужчыны застаюцца ўнутры!» Здавалася, амапавец з мегафонам паўторыць тэкст па-нямецку

Мінчук Міхаіл Дулько 8 лістапада аказаўся адным з тысячы затрыманых падчас акцыі пратэсту. На наступны дзень яго адпусцілі, прызначыўшы пакаранне ў выглядзе штрафу ў 15 базавых велічынь. Вось, што піша ён пра сваё затрыманне.

Фота Аляксандры Піліповіч-Сушчыц

З улікам таго, што маршаў было ўжо 13, і гэта рана ці позна павінна было адбыцца — гэта адбылося. Мяне загрэблі ў нядзелю 8 лістапада.

Тым, хто любіць чытаць навіны сцісла, паведамляю — у мяне ўсё ў парадку. Для мяне ўся гісторыя прайшла лайтова, праз суткі мяне выпусцілі з турмы Жодзіна са штрафам у 15 базавых.

Цяпер, 10 лістапада, сяджу ў машыне пад гэтай жа ўстановай — турма ў Жодзіне — і чакаю выхаду свайго сябра. Ён быў у нядзелю са мной, але яго чамусьці не асудзілі да гэтага часу. Напэўна, таму што ў спісах затрыманых на раніцу 10 лістапада па Жодзіне значылі 700 чалавек. А суддзяў учора нібыта працавала толькі двое.

Рабіць тут, у Жодзіне, пад турмой асабліва няма чаго, таму для тых, хто любіць у падрабязнасцях, распавядаю падрабязнасці прыгод.

Восьмага ў нядзелю рушылі да ратушы.

— Тут ужо ўсіх разагналі, трэба ісці да Стэлы, — гэта хтосьці падказаў з нашых або тых, хто спачувае.

Ад сабора на Свіслач адкрываўся панарамны выгляд: па газонах уздоўж аднаго берага ракі карнікі лавілі пратэстоўцаў. Тут і там на зямлі прэсавалі людзей. Круціліся бусікі, у якія цягнулі і пакавалі затрыманых. Асноўная маса «нашых» была адціснутая на далёкі для нас бераг. Людзей уздоўж ракі стаяла не больш за 1000 чалавек. Але было відаць, што перайсці масты да Палаца спорту мянты не даюць — пакуюць.

І мы рушылі да Стэлы. Па тым, як вакол пакавалі ў бусы, па тым, колькі было АМАПа навокал (ідзеш такі сабе, бачком праціскаешся — «прабачце», «дазвольце», «дайце прайсці»…) было ўжо зразумела, што сёння імавернасць заначаваць не дома гранічна высокая.

На Стэле людзей сабралася некалькі тысяч. Да праезнай часткі народ стараўся блізка не падыходзіць, ціснуліся да «Планеты».

З боку ад «Планеты» працуе кавярня «на вынас». Па каву мы і адправіліся.

Вось так, са шкляначкай у руках, адсёрбваючы капучына, я і назіраў, як з усіх шчылін, з усіх падваротняў, з ніадкуль пасыпаліся касманаўты ў чорным. Сыпаліся вельмі хутка. І выдатна разумелі, што рабіць кожнаму байцу. Зачынілі кожны выхад, кожныя дзверы, кожны люк. Тады яшчэ з-пад кавярні не было відаць маштабаў аперацыі, але потым я ацаніў: думаю, яны закрылі ўсе падыходы да Стэлы менш, чым за 2 хвіліны. Гэта значыць, да таго моманту, калі мы дапілі каву і вырашылі, што час сыходзіць — адыходзіць было няма куды ў прынцыпе. Мы стаялі ў цэнтры падзей — народ хвалямі шугаўся, шукаючы выхад з пасткі. Паміж гэтымі хвалямі бегалі карнікі самых розных масцяў і экіпіроўкі. Людзей затрымлівалі, па якім прынцыпе выбіралі каго затрымаць — было незразумела.

Пажылая жанчына плакала і лаялася са старэйшым:

— Чаму я не магу тут выйсці?! Мне тут бліжэй да дома! У мяне хворае сэрца. Пусціце мяне!

Ён яе так і не пусціў.

— Выхад там, — махнуў у бок «Юбілейкі».

Ну раз «там», то ўсе, хто чуў размову, уключаючы нас, рушылі да гасцініцы. Ля гасцініцы канчаткова стаў зразумелы маштаб п*****а [катастрофы — Рэд.] — выхадаў не было, гэта была сапраўдная пастка, як на звяроў — закрыта ўсё. І гэта «закрытае ўсё» было чорнае ад шлемагаловых. Іх не проста расставілі, дзе трэба. Іх намазалі на мясцовасць тоўстым пластом. Колькі дазваляў ландшафт, як на батальнай сцэне па карце мясцовасці перамяшчаліся скрынкі карнікаў, пабудаваныя як рымскія легіёны, шчыты толькі дадавалі падабенства. Кожны праход і выхад ад Стэлы перакрылі не менш, чым у дзве-тры шарэнгі. Унутры перыметра без прыпынку працягваліся затрыманні. З боку вуліцы Мельнікайце быў расцягнуты калючы дрот. За ім, у шэрагу карнікаў, стаяў амапавец і ў гучнагаварыцель вяшчаў:

— Могуць выйсці толькі жанчыны! Усе мужчыны застаюцца ўнутры! Мужчыны, нават не спрабуйце выходзіць!

Здавалася, што амапавец з мегафонам прамовіць тэкст па-руску і паўторыць яго па-нямецку.

Тонкі ручаёк панурых, з паднятымі плячыма жанчын, сачыўся праз арганізаваны праход. Зразумела, што мы ручайком скарысталіся, выштурхнуўшы вонкі знаёмую. Папярэдне я скінуў ёй свой мабільнік і ключы ад машыны.

Было атмасферна: жанчыны, што рыдалі за калючым дротам; мужыкі, што развітваюцца з баявымі сяброўкамі і якія даюць апошнія навучанні; мая знаёмая, што раве наўзрыд: «Я застануся з табой!»; крыкі і стогны, якія затрымліваюцца ўнутры перыметра; шарэнгі салдат, што сціскаюць прастору; амапавец з мегафонам.

Курбакоў можа ганарыцца — правёў бліскуча спланаваную міліцэйскую аперацыю. Будзе, чым пахваліцца сябрам, сваякам, усім, хто ацэніць «наша служба и опасна, и трудна».

А мы пайшлі займаць месцы ў найбліжэйшы аўтазак. Праз хвіліну нас падхапілі пад рукі і спакавалі. Проста амапавец сказаў: «Прайдземце з намі». Не білі.

Тыя, хто да гэтага часу не ведае, як выглядае аўтазак — унутры маленькія аддзялення, на манер шафы для вопраткі справа-злева, а ў жопцы аўтазака — аддзяленне пабольш, за рашэцістымі дзвярыма.

Нас пасадзілі ў «жопку», і практычна адразу аўтазак крануўся з месца. Мабыць, чакалі толькі нас.

— Мужыкі, пералічыце сябе, — скамандаваў канваір.

Мы разлічыліся: у «жопцы» было сямёра, усяго ў аўтазаку, здаецца, 25.

Аднаму чалавеку было дрэнна: — У мяне хворае сэрца, задыхаюся.

Яго выпусцілі з камеры, і далей ён ехаў, седзячы побач з канваірам.

А тым часам ужо 4-я гадзіна вечара. Валанцёры кажуць, што выйшла пакуль зусім няшмат затрыманых і просяць не тоўпіцца перад выхадам. Чакаю…

Міхаіл Дулько, facebook.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930