Знайсці
10.11.2020 / 14:53РусŁacБел

«Не было часу казаць, чаму затрымліваем». Пачаўся суд над дзяўчынай, якая ўкусіла амапаўца

Апошнія два месяцы Наталля Раентава знаходзіцца ў следчым ізалятары. Яе затрымалі пасля жаночага маршу 29 жніўня. Відэа, дзе людзі ў чорным выцягваюць з тралейбуса брата і сястру, абляцела сацыяльныя сеткі.

Наталля і яе брат Аляксандр ужо адсядзелі суткі за ўдзел у акцыі, цяпер дзяўчыну вінавацяць па крымінальным артыкуле — за гвалт у дачыненні да амапаўца, які яе затрымліваў.

Як адзначыў пракурор, Раентава ўкусіла супрацоўніка за левае сцягно. Дзяўчына кажа, што зрабіла гэта, бо спалохалася. Пацярпеламу бальнічны не давалі, ён адразу ж вярнуўся на службу.

Справу ў судзе Цэнтральнага раёна разглядае суддзя Таццяна Акавітая. Паводле абвінавачвання, Наталля Раентава вечарам 29 жніўня разам з братам узяла ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. У той дзень праходзіў жаночы марш. Калі сілавікі пачалі адсякаць калону, брат з сястрой пабеглі ў бок прыпынку, дзе заскочылі ў тралейбус. За імі — яшчэ з дзясятак пасажырак. Гэтым Раентавы і прыцягнулі да сябе ўвагу. Як пасля будзе адзначана ў пратаколе аб адміністратыўным правапарушэнні, яны кіравалі ўдзельнікамі пратэсту, рукой паказвалі ім кірунак. У выніку суд даў Наталлі і Аляксандру адміністратыўны арышт.

На свабоду Наталля ўжо не выйшла, яе ўзялі пад варту па абвінавачванні ў злачынстве (прымяненне гвалту ў дачыненні да супрацоўніка праваахоўных органаў, арт. 364 КК — караецца або арыштам, або абмежаваннем свабоды да пяці год, або пазбаўленнем свабоды да шасці год). Па версіі следства, дзяўчына падчас затрымання хапалася за адзенне амапаўца, укусіла яго за левае сцягно. 

Наталля адмовілася даваць паказанні ў судзе і адказаць, ці прызнае сябе вінаватай. Тады суддзя зачытала паказанні, якія яна дала следству. Там адзначана, што Наталля прызнае, што ўкусіла амапаўца, кажа, што зрабіла гэта, бо спалохалася, адзначае, што людзі ў чорным адзенні не прадставіліся і не паведамілі, за што яе затрымліваюць. Пацярпелым па справе праходзіць Андрэй Хоміч, камандзір аператыўнай роты АМАП. 29 жніўня разам з калегамі ён працаваў на акцыі, перасоўваліся на мікрааўтобусе без нумароў, высочвалі найбольш актыўных удзельнікаў.

Раентавы прыцягнулі ўвагу, бо рукамі паказвалі жанчынам заходзіць у тралейбус, калі заўважылі бусік з амапаўцамі. На наступным прыпынку сілавікі іх дагналі, зайшлі ў салон і паспрабавалі затрымаць, найперш, Аляксандра («задача мужчын затрымліваць найперш»), тут жа стаяла Наталля, якая ўхапілася рукамі за поручні, гучна крычала, не давала затрымаць ні сябе, ні брата. Па згадках Хоміча, крык стаяў такі, што размаўляць было немагчыма, хоць пацярпелы настойвае, што нехта з яго калег усё ж прадставіўся, двое з чатырох супрацоўнікаў былі ў чорнай форме, з шаўронам «АМАП».

Ухіляючыся, Наталля апынулася фактычна на падлозе, Хоміч адчуў боль ад укусу. Прычыну затрымання, не хавае міліцыянер, брату і сястры сказалі ўжо ў мікрааўтобусе, куды іх занеслі на руках. У тралейбусе, па яго словах, не было часу тлумачыць Раентавым, чаму іх затрымліваюць.

Пасля афармлення Раентавых у Маскоўскім РАУС Хоміч звярнуўся па медыцынскую дапамогу ў шпіталь МУС, дзе, па яго словах, яму апрацавалі рану. Пры гэтым адзенне ад укусу пашкоджана не было. Бальнічны яму не выпісвалі, хутка амапавец вярнуўся на службу.

Сёння ў судзе Андрэй Хоміч заявіў, што ацэньвае маральныя пакуты ў 2 тысячы рублёў. Па яго словах, пасля той сітуацыі яго імя з’явілася ў «спісе карнікаў», яго родным пісалі і званілі. Суддзя звярнула ўвагу, што Раентаву абвінавачваюць у іншым. Сама Наталля падкрэсліла, што была пад вартай і не мела ніякай магчымасці распаўсюджваць інфармацыю ў інтэрнэце.

Тады Хоміч сказаў, што маральны боль яму быў нанесены ў выніку фізічнага ўкусу. На пытанне адваката, ці не перабольшаная гэта сума, амапавец адказаў, што так не лічыць.

Nashaniva.by, фота Дар'і Буракінай

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера