Знайсці
07.11.2020 / 16:10РусŁacБел

Якая станцыя самая душэўная, а на якой робяць найбольш фота? Пракаціліся на новай лініі метро і расказваем, чаго чакаць ФОТА

Станцыя «Вакзальная»

Трэцюю лінію метро, якая ў будучым мусіць звязаць з цэнтрам Зялены Луг і Курасоўшчыну, будавалі шэсць гадоў. Спачатку адкрыццё планавалася на 3 Ліпеня, пасля — да выбараў. У выніку абралі Дзень кастрычніцкай рэвалюцыі: чым не знакавае свята?

Пракаціцца ў новенькім метро прыйшлі гарадскія хіпстары, пенсіянеры, бацькі з дзецьмі і самі работнікі метрапалітэна. Дзясяткі ног гуляюць па начышчанай плітцы, дзясяткі тэлефонаў здымаюць падземныя інтэр’еры. Асабліва цікава паглядзець на галоўную фішку — дзверы на платформе, з якімі метро стане больш бяспечным. Яны адчыняюцца толькі пасля таго, яе спынецца цягнік. На трэцяй лініі пускаюць адны ціхія «штадлеры».

«Выхад у горад — па эскалатары», — кіруе патокамі разгубленых пасажыраў супрацоўнік метро.

Пару практычна выведзеных лічбаў:

— 44 секунды — столькі спускаецца эскалатар на станцыю «Юбілейная». Яна самая глыбокая ў мінскай падземцы — каля 30 метраў. Хаця пасля кіеўскай «Арсенальнай» — дробязі, канечне.

— 6 хвілін — столькі часу патрэбна, каб праехаць усе «зялёныя» станцыі і дабрацца ад універсама «Чкалаўскі» да кінатэатра «Беларусь».

Больш за ўсіх фота збірае «Плошча Францішка Багушэвіча». Нібы ў літаратурным музеі, гараджане затрымліваюцца каля пано з цытатамі паэта. Побач са станцыяй знаходзіцца Сендайскі сквер і Акадэмічны музычны тэатр.

«Кавальская слабада» — самая душэўная. З каванымі выцінанкамі на столі (праца скульптараў Паўла Вайніцкага і Марыі Тарлецкай) і выявамі прыроды ў мармуры. Адзіная станцыя трэцяй лініі без калон.

На шырачэзнай платформе «Вакзальнай» заўважаю Альгерда Бахарэвіча і здымачную групу тэлеканала — паасобку.

«О, СТБ! Давай ім перашкодзім», — з усмешкай рэагуюць падлеткі на карэспандэнтку Ксенію Худалей і яе калегу.

У пераходах і на саміх станцыях стаяць інфатэрміналы. Тут можна вывучыць схему метро і расклад наземнага транспарту, пачытаць пра Мінск. І так, у меню ёсць беларуская мова. А яшчэ кітайская і англійская.

На перасадачных станцыях усталявалі травалатары. Адразу ўспамінаецца аэрапорт і прыемнае чаканне падарожжаў, якія праз каранавірус і выбары амаль зніклі з нашага жыцця.

«Вакзальная»

Напаліраваны граніт, футурыстычныя турнікеты, мноства камер назірання… Ідэальны парадак і атмасферу свята ў першы дзень працы трэцяй лініі парушаюць толькі зламаныя эскалатары — на дзвюх з чатырох станцый. Праязныя, на жаль, ніхто не дорыць — хай бы і на 20 паездак.

Станцыя «Юбилейная»

Я, прызнацца, аматар метро — не люблю мёрзнуць на прыпынках. Усё дзяцінства чакала, пакуль ветку працягнуць да маіх Шабаноў. У выніку скончыла школу, універсітэт, а метро да дому так і не дайшло. Нават са схем гэта праектаваная станцыя перыядычна знікае.

Паглядзім, як хутка падземкі пад вокнамі дачакаюцца жыхары Курасоўшчыны.

Тэкст і фота Наталлі Лубнеўскай

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930