Знайсці
07.11.2020 / 13:50РусŁacБел

Шрайбман: Прэзідэнт нам не патрэбны

Фота Надзеі Бужан

У новым выпуску дэбатаў «ДысКУТ», прысвечанаму абмеркаванню пытання, ці патрэбны Беларусі прэзідэнт, палітычны аналітык Арцём Шрайбман патлумачыў, чаму не. 

«Я думаю, што прэзідэнт нам не патрэбны. Такая фігура, як сёння, і ў прынцыпе хоць колькі-небудзь значная. Было б ідэальна мець сістэму парламенцкай рэспублікі, у якой калі фармальна пост прэзідэнта і існуе, то гэта штосьці абсалютна цырыманіяльнае. Чалавек, які прымае даверчыя граматы, пераразае стужкі на новых станцыях метро, ездзіць на Алімпіяду і, напэўна, на гэтым усё», — кажа Шрайбман. 

Ён бачыць дзве важкія прычыны, чаму для Беларусі так будзе лепш.

«Першая — з пункту гледжання транзіту ад сённяшняй сістэмы. Так ці інакш, калі мы не хочам нейкай крывавай рэвалюцыі, украінскага, кыргызстанскага ці іншага сцэнара, то выхадам будзе нейкі кампраміс са старой уладай.

Каб гэты кампраміс стаў устойлівым, стаў магчымым, сыходзячай уладзе трэба прапанаваць варыянт захавання твару. Варыянт, пры якім Аляксандр Лукашэнка застаецца першым і апошнім прэзідэнтам Беларусі. Гэта, напэўна, самы лепшы спосаб зрабіць так, каб другі бок не адчуваў сябе ў пройгрышы. Каб ён не адчуваў, што хтосьці прыйдзе і ў нічога ператворыць спадчыну Лукашэнкі. Так ім будзе прасцей вырашыцца на транзіт, рана ці позна.

Другая прычына, чаму нам не патрэбны прэзідэнт: вельмі важна будучую дэмакратычную Беларусь мець максімальна бесканфліктнай, каб не дыскрэдытаваць дэмакратыю ў вачах масавага выбарца.

Калі я кажу бесканфліктную, я маю на ўвазе сітуацыю, якая была паміж 1994 і 1996-м гадамі, калі дзве галіны ўлады перацягвалі коўдру. Гэта нездаровая сітуацыя ў не зусім развітых дэмакратыях пастаяннай вайны галін улады паміж сабой. Было б ідэальна, калі б канфлікты былі сканцэнтраваныя ўнутры парламента, унутры аднаго інстытута. І ўрад выяўляў волю гэтага парламента. Адпаведна прэм’ер-міністр быў бы стаўленікам кіруючай партыі, кааліцыі, чалавек, з яе выбраны. Калі мы дадаём сюды фігуру ўплывовага прэзідэнта, то акрамя гэтых канфліктаў у парламенце, якія будуць адназначна, у нас яшчэ будзе другі ўзровень канфліктаў паміж галінамі ўлады. Вялікая імавернасць, што людзі проста хутка расчаруюцца ў гэтым, падумаюць, што прыйшлі ў сітуацыю Украіны, дзе заўсёдны хаос, бойкі і бардак».

Але палітолаг Андрэй Казакевіч лічыць, што палітычныя сілы ў Беларусі папросту псіхалагічна не гатовыя адмовіцца ад пасады прэзідэнта.

«Пасада прэзідэнта мусіць мець зусім іншае палітычнае значэнне. Улада прэзідэнта мусіць быць моцна абмежаваная. Аслаблены прэзідэнт, у параўнанні з тым, што мы маем цяпер, гэта ўсё ж такі можа быць пэўнай гарантыяй, прынамсі на перыяд пасля Лукашэнкі, пакуль ні партыйныя традыцыі, ні дэмакратычныя традыцыі, ні традыцыі выбараў яшчэ не будуць усталяваныя ў Беларусі», — адзначае Казакевіч.

Глядзіце поўныя дэбаты на ютуб-канале дэбатаў «ДысКУТ»:

03:35 — дзве прычыны, чаму нам не патрэбны прэзідэнт,

06:28 — рызыкі адмовы ад прэзідэнцкай улады,

10:18 — якія паўнамоцтвы застануцца ў прэзідэнта,

12:30 — канфлікт галін улады: вяртанне ў 1994 год і адсутнасць палітычнай культуры,

17:46 — а што, калі ў парламенце не будзе ўстойлівай кааліцыі,

22:41 — колькі павінна быць прэзідэнта,

24:55 — дэцэнтралізацыя паўнамоцтваў,

28:02 — як пазбегнуць персаналісцкай улады прэзідэнта,

32:44 — як навучыць палітычныя кадры для новай Беларусі,

36:26 — палітычная пісьменнасць людзей,

39:55 — абсалютная ўлада разбэшчвае больш,

46:50 — моцная прэзідэнцкая ўлада і паспяховыя рэформы,

51:39 — Blockchain Republic,

56:21 — паўтарэнне ўкраінскага сцэнара і ўзмацненне ўплыву алігархаў,

58:35 — што можа аб'яднаць грамадства,

01:02:19 — з каго фарміраваць першае скліканне парламента.

Глядзіце таксама: Чаму беларускі пратэст стаў «культурным» і ці магчыма акультурыць АМАП

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера