Знайсці
05.11.2020 / 13:25РусŁacБел

Першыя адмовы. Работніка МНС з Лагойска збілі дубінкамі пасля выбараў — заводзіць крымінальную справу не сталі

Днямі заканчваюцца тэрміны праверкі па заявах ад пацярпелых у першыя дні пасля выбараў. Праз тры месяцы следчыя павінны або распачаць крымінальную справу, або адмовіць у ёй. І ўжо вядома пра першыя адмовы.

Юрый Крывашэй быў затрыманы 11 жніўня ў Лагойску. Разам з жонкай і маленькім дзіцем ён ехаў у краму на машыне, калі іх спыніла ДАІ. Інспектар папрасіў выйсці з аўто і паказаць дакументы. Пакуль ішла праверка, побач нечакана спыніўся бусік, адкуль выскачылі людзі ў чорным з дубінкамі. Юрыя запхалі ў машыну і павезлі ў аддзяленне міліцыі.

Фота з архіва Юрыя

У бусіку мужчыну збівалі дубінкамі. У РАУС яму скруцілі рукі і адвялі ў падвал. Каля трох гадзін Юрый праляжаў на плітцы з рукамі за спінай. У той жа вечар, па словах мужчыны, яго прымусілі падпісаць рапарт аб звальненні — Крывашэй тады працаваў у МНС.

У пратаколе напісалі, што Юрый адмовіўся паказаць дакументы ДАІ і праехаць у аддзяленне міліцыі для вызначэння асобы. Па артыкуле 23.4 (Непадпарадкаванне службовым асобам) яму далі 10 сутак арышту.

У Лагойскім ІЧУ мужчыну ўжо не збівалі.

«Сказалі нават: прабачце за нашы ўмовы. Я раней фотакарэспандэнтам быў, супрацоўнічаў з газетай і амаль усіх у ізалятары ведаў у твар. Можа, ім таму няёмка стала», — успамінае Юрый.

Выпусцілі яго праз пяць сутак — пасля таго як жыхары раёна ўзбунтаваліся і патрабавалі ад начальніка лагойскай міліцыі Сяргея Лосіча вызваліць затрыманых за палітыку. Пазней у абласным судзе Юрый абскардзіў сваё затрыманне — тэрмін арышту яму скасілі да тых самых пяці сутак.

17 жніўня Крывашэй пайшоў у мясцовы Следчы камітэт, напісаў заяву і атрымаў накіраванне на судэкспертызу. 18-га зняў пабоі. У мужчыны былі гематомы на спіне, на руках і нагах. Адзін з удараў прыйшоўся па костцы — толькі два тыдні таму нага перастала балець.

«Але большай была псіхалагічная траўма, — прызнаецца Юрый. — Бо я не чакаў, што мяне затрымаюць, нават не было ніякіх падстаў, я проста ехаў у машыне».

Магчыма, прычынай павышанай увагі да яго было тое, што мужчына вядзе навіновы рэсурс «Плещеницы.by».

Тыдзень таму жонку Юрыя выклікалі ў Следчы камітэт у якасці сведкі.

«Напачатку, канечне, была надзея на справядлівае разбіральніцтва. Але калі я цяпер атрымаў ліст, нават не адкрыўшы яго, ведаў, што там будзе напісана», — кажа Юрый.

Распачаць крымінальную справу адмовілі «за адсутнасцю ў дзеянні складу злачынства» (п. 2 ч. 1 арт. 29 УПК). Такі адказ прыйшоў ад следчай Лагойскага раёна Ірыны Караткевіч.

З копіяй пастановы Юрый яшчэ не паспеў азнаёміцца.

«Напэўна, буду абскарджваць рашэнне. Але не веру, што атрымаецца», — каментуе ён.

Пасля сыходу з МНС мужчына працуе бізнэс-аналітыкам. За месяц да здарэння ён запісаўся на ІТ-курсы — тады ён яшчэ не ведаў, што новыя веды могуць спатрэбіцца так хутка.

НЛ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера