Знайсці
03.11.2020 / 14:46РусŁacБел

Выкладчыкі МДЛУ падрыхтавалі зварот да рэктара. Пад дакументам — ужо 79 подпісаў

Ужо 79 выкладчыкаў МДЛУ падпісаліся пад адкрытым лістом да рэктара ВНУ Наталлі Лапцевай з просьбай аднавіць адлічаных студэнтаў (іх 14 і адна магістрантка), а таксама вярнуць на працу звольненых калег — Наталлю Дуліну, Ганну Аблову і Ксенію Каткову. Сканы арыгіналаў звароту і подпісаў ёсць у рэдакцыі Tut.by.

Выкладчыкі МДЛУ заклікалі ў сваім лісце спыніць звальненні супрацоўнікаў і адлічэнні студэнтаў універсітэта, спыніць усялякі ціск на прафесарска-выкладчыцкі склад і студэнтаў, а таксама перастаць перашкаджаць у правядзенні мірных сходаў. Дадзенае права, заўважана ў лісце, гарантуецца арт. 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Акрамя гэтага, падпісанты запатрабавалі аднавіць на пасадзе дацэнта кафедры італьянскай мовы Наталлю Дуліну, выкладчыка кафедры тэорыі і практыкі англійскай мовы Ганну Аблову і выкладчыка кафедры тэорыі і практыкі перакладу № 2 Ксенію Каткову, а таксама «старанна разабрацца ў наяўнасці аб'ектыўных прычын для звальнення дадзеных выкладчыкаў».

У калектыўным звароце адзначана таксама, што адлічаныя студэнты і магістрантка зарэкамендавалі сябе як добрасумленныя і дысцыплінаваныя студэнты. З навучальным планам спраўляліся, сярэдні бал акадэмічнай паспяховасці — вышэй сярэдняга, запазычанасцяў па дысцыплінах не мелі, цяжкасцяў з вучобай не адчувалі.

Пад зваротам свае подпісы паставілі ў тым ліку прафесары кафедры замежнай літаратуры Марына Рагачоўская і Вольга Судлянкова, загадчык кафедры замежнай літаратуры Юрый Стулаў, загадчык кафедры гісторыі, сусветнай культуры і турызму Сяргей Новікаў (член рады МДЛУ), кандыдат філалагічных навук і дацэнт кафедры лексікалогіі англійскай мовы Міхаіл Драздоў, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры агульнага мовазнаўства Вольга Горыцкая і іншыя.

Выкладчыкі ўжо аддалі наяўныя подпісы і ліст у канцылярыю рэктара:

— Рэгістраваць іх не сталі: маўляў, гэта ўнутраны дакумент, з імі так рабіць нельга. На просьбу паставіць на нашым экзэмпляры хаця б адзнаку аб прыёме, сказалі проста напісаць дату і час — паведаміла Дар'я Карповіч, выкладчыца кафедры другой замежнай мовы.

Далей у планах выкладчыкаў давесці колькасць подпісаў да 200, а таксама — падаць такі ж зварот у Міністэрства адукацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930