Знайсці
01.11.2020 / 13:19РусŁacБел

У аўторак на Усходніх могілках перапахаваюць парэшткі Змітрака Бядулі. Перад ім — развітанне на Рабкораўскай

3 лістапада 1941 года на станцыі Уральск з цягніка, на якім ехалі эвакуяваныя з Беларусі, вынеслі нябожчыка… Гэта быў вядомы беларускі пісьменнік Змітрок Бядуля, ён жа — Самуіл Яфімавіч Плаўнік, піша «Звязда».

Брат другога пісьменніка, Віталя Вольскага, Гаральд, які ехаў у тым жа цягніку, успамінаў, як на станцыі Семіглавы Арол, што ў 12 кіламетрах ад Уральска, пасажыры выскачылі, каб абмяняць рэчы на хоць якую ежу: «Абмен ужо заканчваўся, калі цягнік даў гудок. Змітрок Бядуля захваляўваўся, што цягнік паездзе без яго, і пабег. Мы за ім. Паспелі. А Бядуля любіў пальцамі скручваць махорку… Бядуля скруціў яе, зацягнуўся некалькі разоў — і яму стала дрэнна».

Сэрца не вытрымала… Пахавалі класіка беларускай літаратуры там жа, ва Уральску. Сын пісьменніка Яфім Плаўнік, якому тады было сем год, распавядаў, што многія сем’і беларускіх пісьменнікаў у той дзень выгрузіліся з цягніка і засталіся ва Уральску, хаця мусілі ехаць у Алма-Ату. Бядулю хаваў тэатр БДТ-2 з Віцебска, які там гастраляваў. «Абсталявалі развітанне па-тэатральнаму, труна — на чырвоным узвышэнні. Акцёры чыталі творы бацькі. Мяне падштурхнулі, каб я развітаўся… Раптам зрабілася вельмі холадна, хаця восень была цёплая».

Сваякі Бядулі шэсць разоў спрабавалі здзейсніць перапахаванне яго парэшткаў з Уральску (які цяпер знаходзіцца ў Казахстане) на Беларусь. І ўсё не атрымлівалася…

І вось 26 лютага гэтага года прах Змітрака Бядулі быў нарэшце перавезены на Радзіму. Тады ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, які садзейнічаў рэалізацыі праекта, адбылася прэс-канферэнцыя, на якой журналістам распавялі падрабязнасці. Але, дзе і калі адбудзецца перапахаванне, засталося таямніцай.

— Ну, гэта не было таямніцай, проста разглядалася некалькі месцаў, і трэба было ўдакладніць, які варыянт найбольш рэальны, — распавядае дырэктар музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаіл Рыбакоў. — У якасці апошняга прытулку аўтара «Салаўя» разглядаліся Вайсковыя могілкі, дзе пахаванні Якуба Коласа і Янкі Купалы, альбо Усходнія, дзе пахаваны Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў ды іншыя класікі. Высветлілася, што на Вайсковых могілках новае пахаванне зрабіць складана, яны невялікія, і там проста не аказалася годнага месца. Таму пачалі пільней разглядаць варыянт з Усходнімі могілкамі. І вось маем пацверджанне, што выдзелена месца на 26-м участку, гэта якраз злева ад цэнтральнага ўваходу, дзе магілы выбітных асоб. Збіраемся з Яфімам Самуілавічам Плаўнікам паехаць туды, каб агледзець.

— У які дзень і як менавіта адбудзецца цырымонія?

— Нядаўна была праведзеная нарада ў Міністэрстве інфармацыі пад кіраўніцтвам міністра Уладзіміра Луцкага, дзе выбралі найбольш зручную дату для пахавання.

Гэта 3 лістапада — менавіта ў гэты дзень памёр Змітрок Бядуля. Будзе вельмі сімвалічна, калі б ён быў перапахаваны на радзіме менавіта ў той самы дзень. Перад пахаваннем адбудзецца цырымонія развітання. Мы плануем правесці яе ў філіяле нашага музея па вуліцы Рабкораўскай, 19 — у Беларускай хатцы, дзе Змітрок Бядуля жыў.

І гэта таксама сімвалічна: чалавек, які жыў у тым доме, з гэтага дому і выправіцца ў апошні шлях. Як быццам пачынаецца новы круг прысутнасці пісьменніка на радзіме, дзе адраджаецца яго памяць, дзе пра яго выходзяць кнігі, а напісанае ім вывучаюць у школах. У Беларускай хатцы ёсць экспазіцыя пра Змітрака Бядулю, з якой падчас цырымоніі развітання можна азнаёміцца. Там выставім і абломкі надмагільнай пліты з Уральска, якую разам з парэшткамі прывезлі з Казахстана — гэта ўжо экспанат нашага музея. Будзе магчымасць і пасядзець на лаўцы з імем Змітрака Бядулі на Сцяжынцы пісьменнікаў, якая прысвечаная славутым асобам, якія жылі ў гэтым доме. Сцяжынка карыстаецца вялікай папулярнасцю, мы рады, што зноў жыццё віхурыць вакол Беларускай хаткі, як гэта было ў часы, калі там жыў Бядуля. У цырымоніі развітання прымуць удзел тыя самыя асобы, што займаліся праектам вяртання парэшткаў класіка на радзіму. Гэта прадстаўнікі Фонду Марыі-Магдаліны Радзівіл, які ўзначальвае Аляксандр Сапега. На жаль, сам Сапега з-за пандэміі прыехаць не зможа. Партнёрам Фонду з’яўляецца і наш музей, які ўдзельнічае ў праекце ад самага пачатку. Вядома, возьме ўдзел у цырымоніі сын пісьменніка Яфім Плаўнік. Будуць прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі, якое па даручэнні Савета міністраў займаецца праектам, з удзелам Міністэрства культуры, Мінскага гарвыканкама. Напэўна, далучацца грамадскія, творчыя, навуковыя арганізацыі.

— А ў які час можна жадаючым далучыцца да цырымоніі?

— Парэшткі з бласлаўлення мітрапаліта знаходзяцца ў Ільінскай царкве ў Бабруйску. Плануецца, што яны ў суправаджэнні протаіерэя храма будуць прывезеныя ў Мінск 3 лістапада. З 11:00 да 13:00 мы плануем адкрыць Беларускую хатку для ўсіх, хто захоча аддаць даніну памяці беларускаму пісьменніку. У 14:00 — пахаванне на Усходніх могілках. Там выступяць усе асноўныя ўдзельнікі. Пакуль што на магіле ўсталююць крыж. Потым будзе аб’яўлены конкурс на помнік.

Людміла Рублеўская, Звязда

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930