Знайсці
29.10.2020 / 21:086РусŁacБел

«Нічога скандальнага мы не ўбачылі», — сусветную прэм’еру «Купалы» ладзяць у Маскве

Першы паказ доўгачаканай стужкі «Купала» нацыянальнай кінастудыі пройдзе на пляцоўцы міжнароднага фестывалю кіно краін Садружнасці «Маскоўская прэм’ера». Сёлета ён адбудзецца другі раз. Публіцы карціну прадставяць рэжысёр Уладзімір Янкоўскі і члены здымачнай групы. 

Фота Сяргея Гудзіліна.

Нагадаем, першы паказ «Купалы» меў адбыцца яшчэ ў снежні мінулага года ў Беларусі, але з-за пэўных недасканаласцяў яго ў апошні момант адмянілі. Зрэшты, паказу не адбылося і пазней: «Беларусьфільм» разлічваў на сусветную прэм’еру стужкі на прэстыжным фестывалі. Потым у сеціва трапіла чарнавая версія «Купалы», меркаваны паказ на мінскім «Лістападзе» не пацвердзіўся, а сёння з’явілася інфармацыя аб сусветнай прэм’еры ў Маскве.

«Наўрад ці вы зможаце назваць вялікую колькасць фестываляў, якія ў гэтым годзе нармальна адбыліся, — каментуе дырэктар «Беларусьфільма» Уладзімір Карачэўскі. — Многія альбо адмяніліся, альбо перамясціліся ў анлайн, таму стратэгію прасоўвання «Купалы» нам не ўдалося рэалізаваць так, як мы планавалі. Як вы бачылі, год аказаўся не найлепшым для гучных прэм’ер. Мы адпраўлялі заяўкі на вядучыя фестывалі — недзе яны пераносіліся, недзе нам адмаўлялі, недзе мы не траплялі ў фармат, таму пры ўсім нашым жаданні вялікая фестывальная гісторыя ў «Купалы» сёлета не атрымалася. Урэшце мы абмеркавалі запрашэнне «Маскоўскай прэм’еры» з шэрагам спецыялістаў сферы кіно, і яны сказалі, што фестываль хоць і малады, мае нядрэнны якасны ўзровень».

На «Маскоўскай прэм’еры» карціна будзе паказана як спецпадзея — сеанс прызначаны на 14 лістапада ў Траццякоўскай галерэі. «Фільм пра жыццё выбітнага беларускага пісьменніка добра падыходзіць да самай класічнай пляцоўкі Расіі. Тое, што мы арганізуем паказ стужкі, для нас вялікі гонар, тым больш гэта яе сусветная прэм’ера», — кажа дырэктар фестывалю Максім Царкоў.

Паводле спадара Максіма, фестываль зацікавіўся фільмам, бо той выклікаў шмат шуму ў беларускіх СМІ: «Я прапанаваў нашаму мастацкаму кіраўніку зрабіць паказ у Маскве, калі ў дадзенай палітычнай сітуацыі ён немагчымы ў Мінску. Камісія паглядзела карціну — яна аказалася добрай, бачна, што ў яе ўкладзена шмат грошай, дарэчы, нічога скандальнага мы ў ёй не знайшлі. Мы звярнуліся да дырэктара «Беларусьфільма», і ён папрасіў некалькі дзён, каб параіцца з Міністэрствам культуры, пры падтрымцы якога «Купала» створаны. Думаю, калі ў нас атрымалася дамовіцца з кінастудыяй і міністэрствам культуры, то і самі беларусы могуць знайсці спосаб паказаць карціну ў Беларусі, нават у дадзеных абставінах».

Уладзімір Карачэўскі мяркуе, што ў Беларусі «Купала» будзе паказаны да лета, што, у тым ліку, будзе залежаць ад эпідэміялагічнай сітуацыі.

ІК

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930