Знайсці
22.10.2020 / 08:394РусŁacБел

Жанчына ў Віцебску атрымала штраф за мітынгі ў два разы большы, чым яе заробак

Суд Кастрычніцкага раёна Віцебска 21 кастрычніка пакараў штрафам у 24 базавыя велічыні (648 рублёў) Наталлю Перунову. Яе прызналі вінаватай ва ўдзеле «ў несанкцыянаваных вулічных шэсцях» 6 і 23 верасня. Жанчына працуе на прадпрыемстве «Віцебскаблсаюздрук», прадае газеты ў шапіку, яе заробак у два разы меншы за прысуджаны штраф, піша «Віцебская вясна».

Справу Наталлі Перуновай разглядаў суддзя Уладзімір Царыкаў. Жанчына не прызнала сваёй віны ў абодвух эпізодах. На судзе заявіла, што сярод пратэстоўцаў 23 верасня яе наогул не было.

На другое па ліку пасяджэнне ў якасці сведкі быў выкліканы супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС Віталь Праліч, які складаў на віцяблянку пратакол. Міліцыянт меўся давесці, што жанчына, якая фігуруе на аператыўных відэаздымках, і ёсць абвінавачаная Наталля Перунова. У якасці дадатковага доказу Праліч прынёс у суд відэазапіс камеры назірання, усталяванай у Кастрычніцкім РАУС. Патлумачыў, што Наталля на відэа ў той жа майцы, у якой была на акцыі 23 верасня.

Пасля прагляду суддзя Уладзімір Царыкаў прыйшоў да высновы, што на абодвух відэа фігуруе адна і тая ж асоба. Ён прызнаў Наталлю Перунову вінаватай у правапарушэнні паводле арт. 23.34 КаАП і пастанавіў пакараць яе штрафам у памеры 24 базавыя велічыні (648 рублёў).

Па словах Наталлі Перуновай сума прысуджанага ёй штрафу ўдвая большая за ейны заробак. Жанчына працуе ў шапіку «Віцебскаблсаюздрука», яе заробак, у лепшым разе, складае 350 рублёў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера