Знайсці
21.10.2020 / 11:277РусŁacБел

«Што ў мяне забіраюць палову пенсіі, ён не сказаў». Ніна Багінская адказала на словы Лукашэнкі пра яе

Фота Надзеі Бужан

Актывістка Ніна Багінская адказала на ўчорашнія словы Аляксандра Лукашэнкі, быццам яна «працавала ў ахове Зянона Пазьняка», піша Радыё Свабода.

«У Пазьняка ніколі не было аховы, былі сябры, якія зь ім сустракаліся, часам ішлі побач. Я была сябрам тагачаснай партыі БНФ, але калі ў ёй адбыўся раскол, дык адразу папярэдзіла аднадумцаў, што ня буду прыхільніцай толькі пазыцыі Пазьняка, а буду падтрымліваць усіх, хто змагаецца за дэмакратыю, мову і нашы сымбалі. Вось гэта і раблю як магу», — сказала Ніна Багінская.

«Ён [Лукашэнка] нібыта мяне пахваліў за адданасьць поглядам. Але не сказаў, што ў мяне палову пэнсіі ўжо каторы год забіраюць (для аплаты шматлікіх штрафаў). Хіба гэта не рэпрэсіі? Ужо каторы год я не плачу за транспарт, але цяпер простыя пасажыры пазнаюць, вітаюць, выказваюць падтрымку, дык і кантралёрам сорамна мяне чапаць».

Яна назвала «двудушшам» распараджэньне Лукашэнкі «не забіраць Багінскую з плошчаў».

«Ён добра ведае мой узрост, што за 70 гадоў, і тое, што ў мяне хранічная хвароба, у мяне бываюць прыступы, вось нядаўна перад маршам выклікалі хуткую. Дык гэта міліцыянты грошы берагуць, калі не чапаюць мяне на плошчах, бо потым ад праблем не ацярэбісься, толькі і ўсяго».

Паводле Ніны Багінскай, сымбалем пратэстаў яе зрабілі журналісты і самі пратэстоўцы, найперш моладзь, а Лукашэнка, як мяркуе актывістка, зайздросьціць людзям, якія маюць сапраўдную, а не фальшывую папулярнасьць.

«Хай ня хваліць Багінскую, гэта народ супраць яго падняўся. Наша цудоўная моладзь пачала аднаўляць нашы нацыянальныя сымбалі, сьцяг і Пагоню, нарабіла сьцягоў ва ўсіх раёнах, нарабіла сувэніраў, паўсюль вывешвае бел-чырвона-белыя сьцягі. Гэта значыць, што вернецца і беларуская мова, безь якой ня будзе незалежнасьці і ўлады народу. Таму — Жыве Беларусь!», — сказала Ніна Багінская ў камэнтары для Радыё Свабода.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера