Знайсці
17.10.2020 / 19:15РусŁacБел

50 польскіх антраполагаў падпісалі ліст салідарнасці з арыштаваным беларускім калегам Уладзімірам Шыпілам

Сядзячы пратэст навукоўцаў на прыступках прэзыдыюму Акадэміі навук, Уладзімер Шыпіла (у цэнтры)

Сярод аўтараў ліста салідарнасьці — акадэмікі Польскай акадэміі навук, дырэктары інстытутаў і музэяў, старшыня і прэзыдыюм Камітэту этналягічных навук ПАН, кіраўніцтва Польскага этналягічнага таварыства, піша «Радыё Свабода».

Польскія антраполягі напісалі ліст беларускаму навукоўцу-антраполягу Ўладзімеру Шыпілу, якога затрымалі 13 кастрычніка пасьля сядзячага пратэсту супрацоўнікаў Акадэміі навук Беларусі. Пазьней Шыпілу засудзілі на 7 дзён арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту.

Падчас акцыі Ўладзімер Шыпіла трымаў у руках плякат з цытатай з артыкула старшыні прэзыдыюму НАН Беларусі У. Гусакова і члена-карэспандэнта Акадэміі А. Кавалені «Белорусско-русское двуязычие — исторически сложившаяся духовно-культурная ценность народа».

Ліст малодшаму навуковаму супрацоўніку аддзелу антрапалёгіі Інстытуту гісторыі НАНБ Уладзімеру Шыпілу падпісаны 17 кастрычніка 2020 году 50 навукоўцамі з розных гарадоў Польшчы: Гданьск, Кракаў, Лодзь, Познань, Жэшаў, Торунь, Варшава, Уроцлаў. У ім выказваецца салідарнасьць і з арыштаваным навукоўцам, і зь іншымі ахвярамі рэпрэсій, і зь беларускім народам, які змагаецца за свабоду і дэмакратыю.

«Шаноўны спадар магістар, дарагі калега, — пішуць польскія антраполягі.— Мы ўзрушаныя арыштам Вас як удзельніка мірнай акцыі пратэсту перад будынкам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — і самім фактам, і тым, як гэта было ўчынена.

Вы разам зь іншымі вучонымі з Акадэміі пратэставалі супраць жорсткага гвалту на беларускіх вуліцах, крывавыя сцэны якога мы з болем назіраем ужо больш за два месяцы. У той жа час Вы публічна выказаліся супраць прапагандысцкага тэксту аўтарства акадэмікаў У. Гусакова і А. Кавалені, якія пад выглядам навуковага артыкула пра білінгвізм выклалі антыбеларускую апалёгію расейскай мовы, якая заслугоўвае зьмястоўнага і маральнага асуджэньня. Мы лічым, што менавіта красамоўная цытата з гэтага тэксту, дэманстраваная Вамі падчас пратэсту, стала прычынай Вашага затрыманьня і арышту ў аўторак, 13 кастрычніка.

Як грамадзяне Польшчы і Эўропы, якім блізкія дэмакратычныя каштоўнасьці і правы чалавека, а таксама як сябры антрапалягічнай супольнасьці, якія ў навуковай працы кіруюцца імкненьнем да праўды, мы выказваем Вам і Вашым паплечнікам сваю падтрымку і салідарнасьць. Мы ўважліва сочым за ходам падзеяў у Беларусі. Мы надзвычай высока цэнім мужнасьць і настойлівасьць беларусак і беларусаў, якія дамагаюцца павагі да іхнай волі і годнасьці як выбарнікаў і грамадзян, і захапляемся імі.

Мы салідарныя з пратэстамі беларускіх навукоўцаў і студэнтаў, падзяляючы як іхныя патрабаваньні праўды і прыстойнасьці ў грамадзкім жыцьці, так і супраціў палітычнаму кантролю над навуковым жыцьцём.

Хлусьня і каньюнктурныя маніпуляцыі ў навуцы маюць кароткае жыцьцё, бо навука — гэта прастора свабоднай і крытычнай думкі. Мы верым, што свабода ўва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця неўзабаве стане, сярод іншага, дзякуючы пазыцыі такіх людзей, як Вы, усеагульным набыткам як беларускіх навукоўцаў, так і ўсіх грамадзян, а вінаватыя ў фізычным і сымбалічным гвалце будуць прыцягнутыя да адказнасьці».

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера