Знайсці
16.10.2020 / 23:031РусŁacБел

У Гродне судзілі дырэктарку дзіцячага хоспіса. Ёй далі вялікі штраф за ўдзел у акцыі пратэсту

Вольгу Вялічка, дырэктарку гродзенскага дзіцячага хоспіса, затрымалі ўвечары 16 кастрычніка падчас дабрачыннай сустрэчы з жыхарамі Альшанкі. Як высветлілася пазней — за ўдзел у акцыі пратэсту 6 верасня. Ноч і паўдня Вольга правяла ў ІЧУ. 17 кастрычніка адбыўся суд, дзе яе прызналі вінаватай і аштрафавалі на 405 рублёў. Пратакола затрымання не было, а пратакол аб парушэнні склалі без удзелу Вольгі Вялічкі, піша Hrodna.life.

Пасяджэнне адбылося ў 16:20, хоць яго чакалі яшчэ ранкам. Сведкам выступаў супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС. Вольгу ён запомніў, калі яна падыходзіла да міліцыянтаў разам з іншымі жанчынамі, ужо пасля сутыкненняў людзей з АМАПам. Яе дзеянні на акцыі ён апісаў як «падышла», а ўдзелам назваў знаходжанне ў канкрэтны час у канкрэтным месцы.

Вольгу Вялічку абвінавачвалі ў тым, што на акцыі яна была з двума плакатамі «АМАП, спыніся». На пасяджэнні прадэманстравалі відэазапіс. На ім было бачна, як АМАП жорстка затрымліваў людзей, крычалі жанчыны. Сярод удзельнікаў была жанчына з двума плакатамі, у цёмных акулярах.

Адвакат затрыманай адзначыла, што дакладна невядома, з якога менавіта мітынгу гэта відэа: у Гродне былі і дазволеныя. Таксама ў справе адсутнічаў пратакол затрымання, гэта пацвердзіў і сам суддзя Дзмітрый Кедаль. Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні склалі без удзелу Вольгі. Яна адмовілася яго чытаць і падпісваць без адваката, але яго не сталі чакаць. Адвакатка прапанавала спыніць справу па артыкуле 9.6 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (Абставіны, якія выключаюць адміністрацыйны працэс).

Суддзя вынес прысуд, прызнаўшы Вольгу Вялічку вінаватай па частцы 1 артыкула 23.34 (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Ён прысудзіў ёй штраф у 15 базавых велічынь (405 рублёў). Сама Вольга пасля адзначыла, што гэта больш за палову яе месячнай зарплаты. Ці будзе яна абскарджваць рашэнне, яна яшчэ не вырашыла.

У Вольгі двое дзяцей, 9 і 14 гадоў. Муж Вольгі, Сяргей Вялічка, расказаў, што паводле інфармацыі адваката, на яго таксама падрыхтавана адміністрацыйная справа.

Вольгу затрымалі на дабрачынным мерапрыемстве хоспіса на вачах у жыхароў Альшанкі. На сустрэчы было каля 50 чалавек. Яна распавядала ім аб працы хоспіса і пра тое, як можна дапамагчы цяжкахворым дзецям. Для такіх мерапрыемстваў не патрэбны дазвол гарвыканкама, усе неабходныя дакументы былі з сабой.

Спачатку прыехала міліцыя і прапанавала ўсім разысціся, пасля з’явіўся АМАП. Вольгу затрымалі і адвезлі ў РАУС. У 21:36 яе змясцілі ў ІЧУ на вуліцы Гая. Толькі пазней ад адваката стала вядома, што яе абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 6 верасня на вуліцы Гарнавых.

Суда чакалі яшчэ раніцай, а 10. Знаёмыя, журналісты і родныя Вольгі прачакалі каля будынка Кастрычніцкага раённага суда больш за гадзіну. Падтрымаць яе прыйшло блізу 20 чалавек.

Ноч і паўдня да суда Вольга правяла ў ізалятары. За гэты час яна нічога не ела, а санітарныя нормы пазней назвала жудаснымі.

«Гэта было больш-менш прымальна, мяне ніхто не біў, не абражаў, — удакладніла яна. — Калі казаць пра змены, якія павінны адбыцца, — павінны гаварыць аб зменах у пенітэнцыярнай сістэме, утрыманні людзей. Ежа — невыносная. Я цэлую ноч не спала і думала пра Марыю Калеснікаву і іншых незаконна затрыманых людзей: а як яны? Думала пра Ларысу Геніюш — якім чынам яна вытрымала?»

Сваё затрыманне Вольга звязала з тым, што адкрыта выказвае сваю грамадзянскую пазіцыю. «Нам гэта дазволена Канстытуцыяй. Гэта нармальна — мець розныя пункты гледжання. Ненармальна, калі ў хоспіса застаюцца грошы на адміністрацыйныя выдаткі на два месяцы. Ненармальна, калі я праводжу дабрачыннае мерапрыемства, каб сабраць грошы. Трэба, каб улада размежавала і не рабіла забароны на ўсе мерапрыемствы, якія ёсць, бо сярод іх ёсць і крытычна важныя, напрыклад, для хоспіса».

Надзея Вішнеўская, Hrodna.life

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930