Даслаць навіну
Знайсці
16.10.2020 / 09:31 29

З крыжам, сцягам і з вусамі. Расказваем, што за тройца ўзначальвае лукашэнкаўскія шэсці

Кожныя пару тыдняў у Мінску і рэгіёнах праходзяць дэманстрацыі ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі ці, як іх называюць самі ўдзельнікі, акцыі «За Беларусь!». На гэтых акцыях добра заўважная нязменная тройца мужчынаў, якія ўзначальваюць калону. Адзін з іх заўсёды нясе ў руках чырвона-зялёны сцяг, другі — вялікае ўкрыжаванне, трэці не нясе нічога, але вылучаецца каларытнымі вусамі.

Павялічыць

«Наша Ніва» расказвае, што гэта за персанажы.

Спецназавец са сцягам

Пралукашэнкаўскія шэсці пачынаюцца і скончваюцца малітвай. Перад пачаткам руху людзям тлумачаць, што трэба спяваць дзяржаўны гімн і патрыятычныя песні кшталту «День победы». Кіруе працэсам высокі барадач: ён праводзіць інструктаж перад шэсцем, раздае кветкі, нагадвае, што не трэба адказваць на агрэсію з боку мінакоў, калі яна раптам будзе. І пасля заўсёды ідзе ў галаве калоны.

Павялічыць

Мужчыну завуць Сяргей Пазняк. Яму 38 гадоў, ён родам з Баранавіч. Жанаты, гадуе трох дачок.

Пра сябе Пазняк звычайна кажа коратка: былы афіцэр.

Ён і праўда былы вайсковец. Раней Сяргей Пазняк праходзіў ваенную службу на розных пасадах у сілах спецыяльных аперацый, у 2009 годзе атрымаў нагрудны знак «Доблесць і майстэрства». Даслужыўся да падпалкоўніка, быў камандзірам 91-га асобнага батальёна аховы і абслугоўвання камандавання сіл спецыяльных аперацый Узброеных сіл.

Цяпер ён з войска ўжо сышоў. Сваякі кажуць, што цяпер Пазняк працуе ў Свята-Елісавецінскім манастыры. Да манастыра Сяргей заўсёды быў блізкі, яшчэ падчас службы ў войску ён увёў традыцыю ездзіць батальёнам сюды на Вадохрышча і акунацца ў купель.

«Каб працаваць ў манастыры, неабавязкова быць манахам. Ёсць шэраг сацыльнях праектаў, напрыклад дапамога былым крымінальнікам, алкаголікам, наркаманам. Манастыр дапамагае таксама дзецям-інвалідам, — распавёў «Нашай Ніве» блізкі да манастыра суразмоўца. — Раней Сяргей працаваў на падвор’і «Лысая гара», арганізоўваў працу і дапамогу былым асуджаным. 

Што тычыцца мітынгаў, то ён гэта робіць абсалютна шчыра, не з падачы кагосьці, не за грошы. А таму што шчыра верыць і так лічыць правільным».

Павялічыць

«Наша Ніва» звязалася з Сяргеям Пазняком. Ён паведаміў, што сышоў з войска праз стан здароўя: пашкодзіў нагу, хрыбетнік. Цяпер сапраўды зарабляе на жыццё працай у манастыры, ну і плюс вайсковая пенсія. Праўда, кім канкрэтна ён працуе, Сяргей не сказаў — маўляў, без бласлаўлення бацюшкі пра манастырскія справы расказваць не варта.

Распавёў ён і пра свае погляды на падзеі апошніх месяцаў.

«Задача пратэстоўцаў была зладзіць пераварот, як ва Украіне ці Кіргізіі. Але людзям не паказалі відэа, дзе гэтыя пратэстоўцы канкрэтна збівалі АМАП. А пасля гэтага АМАП дае адказ, і гэта ўжо паказваюць людзям: вось, глядзіце, што робіцца!»

А што ж тады са стрэлам у журналістку «Нашай Нівы» Наталлю Лубнеўскую, якой у нагу сярод белага дня стрэліў сілавік? Без усякіх прычын. Гэта быў адказ на што?

«Ды не бярыце вы адзінкавыя выпадкі. Рубяць дрэвы — шчэпкі лятуць», — адказаў Пазняк. 

Ён працягнуў свае развагі: пераварот не атрымаўся, і тут усё пайшло па тэхналогіі як ва Украіне.

«Жанчыны з кветкамі, пасля школьнікі і студэнты, затым цяжарныя, затым бабулі. А пасля ідуць радыкалы. І ў кожным мірным шэсці правакатары-радыкалы правакуюць міліцыю, а затым накіроўваюць натоўп на АМАП, — паведаміў Сяргей. — Іх задача — паказаць пасля на відэа, што б'юць усе пласты насельніцтва. 

Цяпер радыкалы выходзяць, бо ім трэба кроў, ім трэба, каб па іх пачалі страляць з баявой зброі. Бо тады аўтаматычна паўстане ўся краіна. І тады пераможа рэвалюцыя». 

Распавёў ён і пра сцягі. 

«Для пратэстоўцаў прэзідэнт, сілавікі — ворагі. Людзі, якія не хочуць рэвалюцыі, — ворагі. Ну і такія актывісты, як мы. 

Людзей жа апрацоўвалі два гады, збіралі ў чаты па інтарэсах, каму што не падабаецца. І перад выбарамі пайшлі заклікі, што трэба мяняць краіну, што «ёсць ворагі, з імі трэба змагацца». І тут выплыў сцяг, які мусіць быць звязаны з гісторыяй. А рэвалюцыянерам — большасць з іх моладзь — гісторыя па барабане. Ім гэта не цікава. І сцяг выкарыстоўваюць як пазнаку, каб раздзяляць людзей на свой-чужы». 

Ці верыць Пазняк, што за Лукашэнку прагаласавалі тыя 80%, ён адказваць не стаў. «Я веру ў Бога», — сказаў ён.

Але падзяліўся прагнозам на будучыню (ці зместам сваёй галавы):

«Калі дасць Бог, думаю, нашы сілавікі адстаяць і не дадуць радыкалам дамагчыся таго, чаго тыя хочуць. Вы ж чулі словы прэзідэнта: рэферэндум, Канстытуцыя. Будзем рухацца наперад.

Але я гляджу сёння на гэтых людзей, якія былі кандыдатамі… Гэта раскольнікі! Той жа Ціханоўскі заклікае, што трэба забіваць тых, хто падтрымлівае Лукашэнку. У Савецкім саюзе ён бы і рот не паспеў адкрыць!»

Праўда, адказаць, дзе і калі канкрэтна Ціханоўскі заклікаў да забойстваў, Пазняк не змог згадаць. Паабяцаў знайсці спасылку і даслаць пазней. Але паўтарыў: «Кандыдаты нас раскалолі, бо калі раскол, то лягчэй правесці рэвалюцыю. А мы выступаем супраць раскола!»

Нядаўна ў тэлеграм-каналах з'явілася відэа, на якім Сяргей нібыта раздае штосьці сваім паплечнікам.

Пазняк пракаментаваў запіс.

«У мяне ў руках проста аркуш паперы. Мне людзі скідваюць інфармацыю, хто з намі едзе, я размяркоўваю людзей па машынах. Гэта проста арганізацыйны момант, — патлумачыў Пазняк. — Удзельнікам паездкі мы не плацім. А я б плаціў з задавальненнем усім, хто хоча паездзіць з намі па рэгіёнах, але не мае грошай на гэта. Мне б сорамна не было, я б рабіў тое адкрыта. На жаль, я не маю такой магчымасці. Мы ж яшчэ з сябрамі за свае грошы набываем гваздзікі, раздаём людзям, плюс дарога, плюс усякія дробязі… На сямейны бюджэт нагрузка трохі кладзецца. Але робім добрую справу».

Айцішнік з крыжам

Побач з Пазняком на кожным пралукашэнкаўскім мітынгу крочыць сціплы мужчына з крыжам. Гэта айцішнік Сяргей Каўрыгін.

Павялічыць

«У 2005 годзе скончыў БДУІР. 15 гадоў працую ў ІТ-сферы. Крыху больш за год удалося папрацаваць у ЗША — удзельнічаў у праграме рэлакацыі. <…> Там працаваў у вельмі сур'ёзнай фінансавай структуры — нельга было працаваць па-за [за межамі ЗША] па меркаваннях бяспекі, — казаў пра сябе сам Каўрыгін.

Мяркуючы па профілі ў LinkedIn, Каўрыгін больш за 10 гадоў працаваў у EPAM. Спачатку распрацоўшчыкам, потым цімлідам, сыйшоў у 2017 годзе. Пасля гэтага займаў пасаду Delivery Director ў канадскай кампаніі беларускага паходжання Axamit, прыводзіў дэталі біяграфіі Каўрыгіна партал dev.by.

Чым сёння займаецца Каўрыгін, незразумела. Цікава, што дзяржаўныя раёнкі, асвятляючы прадзяржаўныя маршы, называюць і Пазняка, і Каўрыгіна «сталічнымі блогерамі». Парачка сапраўды завяла ютуб-канал «Сохраним мирную Беларусь!», дзе выкладвае стрымы з шэсцяў і свае думкі. На канал падпісана каля 5000 чалавек.

Павялічыць

Dev.by не змог звязацца з Каўрыгіным, але прывёў яго цытаты з ютуба.

Каўрыгін распавядаў, што не галасаваў на выбарах 9 жніўня. Але акцыі пратэсту, якія прайшлі пасля, прымусілі яго захвалявацца:

«Калі ўсё гэта адбылося, я прааналізаваў сітуацыю. Зразумеў, што трэба дзейнічаць. Па закліку сэрца пайшоў. Хоць я і быў падлеткам у 90-я, але я памятаю бабуліны хваляванні, маёй мамы: алей па талонах, хлеба няма, каўбаса — дэфіцыт. Дзякуй, праходзілі. Я бачу ўсё гэта ў роднай Украіне. Тыя ж 90-я гады, бандытызм, разруха, прадпрыемствы стаяць.

Гэта ўзнікла праз тыдзень пасля падзей 9-10 жніўня. Тыдзень шчыльна сачыў за ўсім і разважаў: як так атрымалася? Чаму некаторыя мае калегі з ІТ і не толькі сталі на бок пратэсных мас? Я не разумеў, чаму людзі не бачаць відавочнага: што гэта рэвалюцыйны сцэнар, які разыграны заходнімі лялькаводамі. Яны спрабуюць з нашых людзей зрабіць марыянетак і выкарыстоўваць, як гарматнае мяса».

Тлумачыў ён і тое, чаму на шэсцях носіць крыж:

«Я з'яўляюся праваслаўным хрысціянінам. Па праўдзе вайна ідзе духоўная. Стрэлы ліхадзея (цёмныя сілы, каб было зразумела) спрабуюць навязаць людзям гэтую ўсю пошласць, сорам, які ўжо пануе ў Паўночнай Амерыцы і Заходняй Еўропе. Гэтыя ЛГБТ-рухі, гэтыя аднаполыя шлюбы, гэтая педафілія».

І выказаў словы падтрымкі Лукашэнку і сілавікам:

«Нашым праваахоўным органам скажу дзякуй за тое, што ім удалося падтрымаць парадак і пагасіць пратэсныя масы, якія як грыбы пасля дажджу ў нас павырасталі ў жніўні.

Дзякуй ім за захаванне парадку, які ў нас быў да 9 жніўня. Ужо мінула паўтара месяца, і бачу, што мы зноў сыходзім у мірнае рэчышча, якое панавала да жніўня».

«Артыст» з вусамі

Малады вусач, які часта суправаджае калону лукашэнкаўцаў — гэта нехта Цімур Прахін.

Павялічыць

Прахіну 35 гадоў, ён бацька двух дзяцей. Скончыў прыватны інстытут сучасных ведаў імя Шырокава. Пасля спрабаваў займацца музыкай.

«Цімур Прахін — аўтар і выканаўца сучаснай патрыятычна-маральнай песні. Яго творы падораць Вам эмацыянальнае цяпло, ўнутраную сілу і энергію. Уся творчасць артыста напоўнена святлом і ўсвядомленай радасцю, прыгажосцю і любоўю да жыцця», — паведамляла суполка спевака (цяпер яна выдаленая).

Павялічыць

Хлопец нават спрабаваў трапіць на Еўрабачанне з вострасацыяльнай песняй пад назвай «Еўрапейская ліберальная».

Пасля выбараў Прахін аднавіў свой закінуты ютуб-канал і замест «патрыятычна-маральных песен» пачаў выпускаць ролікі, прысвечаныя пратэстам. Ён падтрымлівае дзеянні сілавікоў і Лукашэнкі, пра што і расказвае ў відэа. Пакуль што блогер назбіраў менш за 1000 падпісчыкаў.

Вось прыклад творчасці Прахіна-блогера

Цімур распавёў «Нашай Ніве» пра сябе наступнае:

«Я беларускі артыст. Займаюся апошнім часам спектаклямі і шоу для дзяцей, з імі гастралюем па краіне. Апошняе шоу, дарэчы, хацелі рабіць на беларускай мове і паводле беларускага фальклору — называлася б «Дамавікі». Праўда, «карона» зламала ўсе планы, і цяпер у мяне ў кватэры ляжаць 36 квадратных метраў дэкарацый для таго шоу.

Выступаю яшчэ як аўтар і выканаўца песень. Гэтым і зарабляю — гастролямі. Неўзабаве выходзіць мой «дарослы» альбом.

Цяпер вярнуўся вось да ютуб-канала, да працы на карысць радзімы, іншае ўсё пакуль закінуў. Сітуацыя ў краіне патрабуе такіх заяваў».

У сваёй працы «на карысць радзіме» Прахін паказвае міліцэйскія відэа, дзе затрыманыя пратэстоўцы прызнаюцца ў злачынствах. Відэа, дзе сілавікі б'юць бяззбройных людзей, страляюць без прычыны ў журналістаў, хапаюць выпадковых мінакоў, у яго канале не знойдзеш.

«Але я кажу ў сваіх роліках, што жорстка працуе наша міліцыя, і калі ёсць перавышэнні — іх трэба расследаваць, — тлумачыць Прахін. — Расследаваць і прадастаўляць доказы. Бо ў апазіцыйных тэлеграм-каналах выдавалася шмат навінаў, якія аказваліся фэйкамі! Іх пасля абвяргалі.

Павялічыць

Таму я тут падыходжу так: да ўсяго трэба ставіцца спакойна. І калі браць разгоны, то ёсць жа закон аб масавых мерапрыемствах».

Мы нагадалі і Прахіну пра стрэл у журналістку «Нашай Нівы». Што гэта, таксама «фэйк»?

«Яшчэ раз кажу: калі разганяюць масавыя беспарадкі, то непазбежна могуць пацярпець і тыя, хто не мае дачынення да беспарадкаў. Таму трэба думаць, дзе ты знаходзішся, — амаль паўтарыў словы свайго паплечніка Прахін. —

Гэта жудасна, але трэба разумець і думаць галавой, што калі ідзеш у месца правядзення масавых беспарадкаў, то непазбежна пацерпіш. Гэта рызыка. Шмат у якіх краінах журналісты церпяць на пратэстах, у Францыі на «жоўтых камізэльках», напрыклад». 

Цімур не хавае: на выбарах галасаваў за Лукашэнку. Таму, на яго думку, калі і былі парушэнні, то трэба іх апратэстоўваць у адпаведным парадку, а не крычаць на плошчы.

«Але я бачу, што ў выніках выбараў апазіцыя не была зацікаўленая, яна загадзя рыхтавалася да акцый пратэсту. Пратэст быў непазбежны», — кажа Прахін.

На шэсці ў падтрымку дзеючай улады ён прыйшоў сам — убачыў недзе ў сеціве пра іх і далучыўся. Ён паўтарае папулярны тэзіс: у маленькіх населеных пунктах усе выключна за Лукашэнку, бо інтэрнэты чытаюць не ўсе, а тэлебачанне вяшчае ў кожны дом.

Народу на акцыях за Лукашэнку сёння не шмат. Прахін тлумачыць, чаму так: 

«Але раней іх было вельмі многа, проста іх ігнаравалі СМІ. А сённяшнія шэсці арганізуе не ўлада, мы проста ходзім як актывісты. Хто можа далучыцца да нас пасля працы — той далучаецца. За ўдзел мы не плацім».

Цікава, што Цімур сам згадаў тое відэа з Сяргеям Пазняком. Па словах Прахіна, на ім удзельнікі акцыі ці то разменьваюць грошы, ці то скідваюцца на бензін.

Апошняе пытанне да Прахіна было пра тое, ці падтрымлівае яго сям'я. 

«У мяне мама падтрымлівае, так. Усе сваякі патрыятычна настроеныя. А вось з жонкай мы апынуліся па розныя бакі барыкад. Жывём цяпер асобна — былі і асабістыя праблемы, а палітыка стала апошняй кропляй».

Улад Швядовіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

6
хамса / адказаць
17.10.2020 / 11:17
а мне вось (як і ўсякай дзяўчыне)) знешнасць найперш за ўсё не падабаецца… асабліва гэтага… першага… так званага пазняка. ну яўна ж не беларус па продках
6
ЮрийЛ / адказаць
18.10.2020 / 02:35
Печальное зрелище, когда люди с крестами и иконами идут за ту власть, которая непрестанно лжет и проявляет неоправданное насилие. Христос сказал, что всякая ложь от лукавого, он лжец и отец лжи. Прежде чем говорить о цветных революциях, надо вспомнить, что причиной выхода людей на улицы стало маниакальное желание одного человека остаться у власти, ради чего была использована чудовищная ложь о 80%, а затем такое же насилие. Как такое можно защищать верующему человеку? Хотя бы ходили без крестов и икон, а то святыни в этом шествии выглядят лишь декорацией, а кто-то и Имя Божие будет ругать из за такой ревности не по разуму.
1
Василиса / адказаць
20.10.2020 / 06:47
хамса, а Лукашэнка што , беларус? Няма там беларусау ...Караиты ды крымчаки и розны винегрэт з усходних цюркау .А тут раптам рускими стали.Ци дегестанцами.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2019 2020 2021
верасень кастрычнік лістапад
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30 31