Знайсці
14.10.2020 / 11:072РусŁacБел

«Набіраў ваду з рэчкі і піў». Два актывісты сцвярджаюць, што нелегальна перайшлі мяжу, каб пазбегнуць рэпрэсій

У лагеры для ўцекачоў у адной з заходніх краін ужо больш за тыдзень жывуць два беларусы, Мікалай і Аляксей*. Яны звязаліся з «Нашай Нівай», каб распавесці гісторыю свайго знікнення з краіны. Пра тое, як гэта — пералазіць цераз плот, у некалькі разоў вышэйшы за цябе, перажываючы, што памежнікі пачнуць страляць, і піць ваду з рэчкі са знойдзенай проста там бутэлькі — у іх расповедзе.

*краіна, у якую збеглі хлопцы, як і іх імёны, не называюцца па іх жа просьбе ў мэтах бяспекі.

І Мікалай, і Аляксей называюць сябе патрыётамі і кажуць, што ніколі не хацелі з’язджаць з Беларусі.

Мікалай даўно быў палітычным актывістам, браў удзел у акцыях супраць інтэграцыі з Расіяй, не раз сядзеў на сутках па адміністрацыйных артыкулах 23.34 і 23.4.

— Мне пачалі пагражаць крымінальнай справай, і калі да мяне чарговы раз прыйшлі міліцыянеры, я вырашыў не рызыкаваць свабодай і збегчы праз акно, — расказвае Мікалай. — Мае ўцёкі ў той сітуацыі былі вымушанай мерай.

Нармальна падрыхтавацца да перасячэння мяжы ў такіх умовах часу не было: у Мікалая не аказалася з сабой ні заплечніка, ні цёплага адзення, ні хоць якога мінімальнага набору для такога экстрэмальнага паходу: «У мяне нават не было вады. Толькі пашпарт, ключы, крыху грошай. Калі блукаў, знайшоў каля рэчкі пустую бутэльку, набраў яе там жа і піў гэта».

Аўтаспынам ён дабраўся пад Валожын, кіламетраў 15 ішоў пешкі, але ў выніку зразумеў, што фізічна не здолее далей хавацца і тым больш пералезці высокі плот на мяжы.

«Але я вырашыў не адступаць. Сцежкамі, якія выкарыстоўваюць для кантрабанды цыгарэт, дайшоў да КПП і «здаўся» еўрасаюзаўскім памежнікам, папрасіўшы палітычны прытулак. Візы ў мяне, дарэчы, таксама не было. Упершыню за двое сутак мяне пакармілі ўжо на тэрыторыі ЕС», — расказвае Мікалай.

У Аляксея ж атрымаўся план «А».

Хлопец паходзіць з аднаго рэгіёна Брэсцкай вобласці. Упершыню ў гэтым годзе ён уключыўся ў выбарчую кампанію, стаў удзельнічаць у пратэстах супраць вынікаў выбараў, праз што таксама прайшоў праз суткі і некалькі ператрусаў дома.

Аляксей упэўнены: застаўся б на радзіме — яму пагражала б турма.

Нейкі час ён спецыяльна не з’яўляўся па сваім адрасе. Накінуў план, скантактаваўся са знаёмымі ў Еўропе, якія абяцалі дапамагчы. Раздрукаваў мапы, узброіўся компасам, невялікім заплечнікам, куды кінуў запалкі, адзенне, ваду і два снікерсы. Спецыяльна для сваёй авантуры выбраў рэльефную мясцовасць: каб постаць, якая рухаецца, было складаней заўважыць на камерах назірання.

«Ноччу дайшоў да блізкай з памежжам вёскі і далей змог пералезці цераз плот, не зачапіўшы калючы дрот. Мая фізічная форма мне неяк гэта дазволіла. Самым страшным, канечне, была рызыка, што пачнуць страляць. Але ўсё атрымалася. Я нават паспеў зайсці на запраўку, памыць там боты, і ўжо пасля мяне спынілі памежнікі з таго боку», — згадвае ён.

Той самы компас

Лагер, дзе цяпер на каранціне знаходзяцца хлопцы, па іх аповедах, нагадвае студэнцкі інтэрнат з аховай. Іх кормяць тры разы на дзень. З харчаваннем і сродкамі гігіены дапамагаюць валанцёры. Акрамя беларусаў, там ёсць уцекачы з афрыканскіх краін, Інгушэціі, Чачні, Украіны.

«Канечне, невядома, што будзе далей. Я ведаю ангельскую мову і хацеў бы працаваць у Еўропе, але пакуль мы на гэта не маем права без афіцыйнага статусу палітуцекачоў. У любым выпадку нават такая няўпэўненасць лепшая і прыемнейшая за тую, калі ты не ведаеш, затрымаюць цябе заўтра ці не. Тут няма бусікаў з АМАПам, рызыкі рэзка стаць несвабодным, і гэта найвялікшае шчасце», — кажа Мікалай.

У лагеры

Пры добрым раскладзе хлопцы збіраюцца вучыцца і спрабаваць знайсці працу ў Еўропе, асвойвацца ў новай краіне, папярэдне звярнуўшыся па дапамогу ў фонды салідарнасці.

У Беларусь вяртацца не плануюць.

КК

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930