Даслаць навіну
Знайсці
14.10.2020 / 10:26 2

Легендарная фітнэс-трэнерка Наталля Наважылава расказала, як расчаравалася ў Лукашэнку і прайграла Васілевіч на дэпутацкіх выбарах

«Мне цяпер столькі людзей тэлефануе, каб запісацца», — дзеліцца вядомая фітнэс-дзіва Наталля Наважылава. Пасля таго, як яна пусціла да сябе трэніравацца гандбалістаў «Віцязь-Леон», якіх пазбавілі залы, яе клуб аказаўся ў цэнтры ўвагі.

Наважылава расказала, як расчаравалася ў Лукашэнку, чаму на выбарах была даверанай асобай Дзмітрыева і ці не баіцца праверак.

Павялічыць

Фота Надзеі Бужан

«Прыйшла да Краўчанкі па яблычкі і пачула пра гандбалістаў»

«Наша Ніва»: Гандбалісты самі да вас папрасіліся ці вы ім прапанавалі залу?

Наталля Наважылава: Я прапанавала. У мяне Андрэй Краўчанка, срэбраны прызёр алімпійскіх гульняў, — сусед па лецішчы. Я зайшла да яго ў госці па яблычкі, сок ціснуць, а там сябры з супольнасці SOS.by былі і якраз пра гэту сітуацыю распавялі. Кажу: зала пустая, прыходзьце. Нават буду рада, а то ў нас бабскае царства (усміхаецца).

Павялічыць

Фота з фэйсбука клуба «Віцязь-Леон»

Праз каранавірус клуб практычна пуставаў. Я зрабіла для іх асаблівыя ўмовы. Так атрымалася, што як толькі з’явіліся прыгожыя спартыўныя хлопцы-асілкі, адразу шмат дзяўчат у трэнажорнай залі стала.

Але клубу ўсё яшчэ патрэбна гульнявая зала, шукаюць варыянты.

«Наша Ніва»: Вы ж разумееце, што пасля такой салідарнасці да вас могуць прыйсці з праверкамі?

Наталля Наважылава: А калі гандбалісты пойдуць у лазню папарыцца, туды таксама прыйдуць з праверкамі? Людзей што, нельга пускаць? Я ў клуб запрашаю абсалютна ўсіх. І замежнікі займаюцца, у тым ліку кітайцы, хоць вясной казалі: кітайцаў не клічце, яны тут каранавірус распаўсюджваюць.

Стаўленне да клуба «Віцязь-Леон» у мяне асаблівае, бо гэта людзі, якія незаслужана былі пазбаўлены месца трэніроўкі. Так не робяць. Я бачу, што да астатніх спартоўцаў такое ж стаўленне. Такія паводзіны кіраўнікоў — парушэнне спартовага братэрства.

«Наша Ніва»: Як вы ўспрымаеце, што на спартоўцаў ціснуць за іх палітычную пазіцыю?

Наталля Наважылава: У мяне такая ж пазіцыя — я супраць гвалту. Я добра ведаю фрыстайлістаў — з Казекам і Дашчынскім мы наогул у адной зале калісьці на батуце займаліся. Гэта людзі, якія прыносілі залатыя медалі, з гонарам насілі дзяржаўны сцяг. Чалавек мае права выказаць сваю пазіцыю, гэта запісана ў Канстытуцыі.

Спартоўцы такога ўзроўню, як Раманоўская і Краўчанка, не павінны выкідацца як непатрэбнае смецце. Хто будзе прадстаўляць Беларусь на спаборніцтвах? Дзякуючы спартоўцам свет больш даведаўся пра нашу краіну.

Я не разумею такое стаўленне кіраўніцтва: як можна рабіць спартоўцаў разменнай манетай? Гэта наш залаты фонд.

«Я расчаравалася ў празрыстасці сістэмы, калі балатавалася ў дэпутаты»

«Наша Ніва»: На гэтых выбарах вы сталі даверанай асобай Андрэя Дзмітрыева. Чаму?

Наталля Наважылава: Я ў «Гавары праўду». Наша жаночае сяброўства з Таццянай Караткевіч перарасло ў цікавасць да гэтага руху. Мне падабалася іх пазіцыя, іх план, перадвыбарчая кампанія Андрэя Дзмітрыева. І тое, што зараз праходзяць сустрэчы ў дварах — гэта якраз тое самакіраванне, за якое мы столькі ў «Гавары праўду» змагаліся. А тут яно само арганізавалася.

Павялічыць

«Наша Ніва»: Вам Таццяна Караткевіч не прапаноўвала ісці ў прэзідэнты ад руху?

Наталля Наважылава: У мяне быў вопыт восенню з балатаваннем у дэпутаты. І я абсалютна расчаравалася ў празрыстасці нашай сістэмы. Я сама асабіста сабрала ўсе подпісы, падчас гэтага сустракала блогера Маслоўскага, яшчэ нейкіх людзей.

Але ад нашай прыгажуні Марыі (Марыя Васілевіч была праўладнай суперніцай па Кальварыйскай акрузе — «НН») не бачыла нікога. А прыходзячы ў кватэры да настаўнікаў, чула: мы не можам вас падтрымаць, нас у школе сабралі, каб мы падпісаліся за Марыю.

Я, канечне, была шакаваная, лічыла, што ёсць нейкая сумленнасць у адносінах да людзей хаця б на такім узроўні. Але я памылялася. Для мяне гэта быў вялікі вопыт.

Я чалавек спартыўны, ніколі не ведала, што такое ціск, а пасля месяца хаджэння па сваёй акрузе мяне двойчы забірала хуткая. Я занадта блізка ўсё да сэрца прымаю.

А прэзідэнцкая пасада… Гэта ж не гульні. Туды мусіць ісці чалавек, які хоча працаваць у гэтым кірунку, разумее, як працуе дзяржава, які ведае дзве-тры мовы, з добрай біяграфіяй, бэкграўндам на міжнародным узроўні, сям’ёй моцнай.

Пасля ўсяго я ўпэўнена, што прэзідэнтам краіны мусіць стаць жанчына. Я б за жанчыну галасавала. Мне здаецца, што мужчыны пастаянна ваююць. І цяпер зноў супраць нашых пацаноў гвалт учынілі. Жанчына сваіх дзяцей біць не будзе і на вайну не адправіць. 

«Наша Ніва»: На месцы Дзмітрыева вы б на выбарах аб’ядналіся з Ціханоўскай?

Наталля Наважылава: У «Гавары праўду» была іншая пазіцыя да гэтай сітуацыі. Дзмітрыеў не раз адказваў на гэтыя пытанні.

«Наша Ніва»: А што думаеце пра маўчанне дэпутатаў? Практычна ніхто з іх не асудзіў гвалт у жніўні.

Наталля Наважылава: Мне здаецца, яны баяцца. Людзі атрымліваюць заробак і не хочуць страціць месца. І ў чыноўнікаў страх. Дзяржава загнала людзей так, што яны баяцца слова сказаць.

«Маім бацькам па 90 і яны ходзяць на маршы пенсіянераў»

«Наша Ніва»: Вы раней часам хвалілі Лукашэнку: маўляў, навёў парадак пасля 90-х, сапраўдны мужчына. Чым ён вам падабаўся?

Наталля Наважылава: Я дакладна не памятаю. Магчыма, тым, што ён спорту ўвагу надаваў. Мне гэта блізка, таму і зачапіла. Ён стаў і на лыжах ездзіць, і ў хакей гуляць.

Былі нейкія надзеі, бо чалавек абяцаў сітуацыю палепшыць. Але прайшоў час, і атрымалася, што не толькі ў мяне ёсць пытанні, расчараванне.

«Наша Ніва»: Што змянілася?

Наталля Наважылава: Магчыма, ён стаміўся. Ён не чуе народ. На маршы ходзяць архітэктары, інжынеры, пісьменнікі, дактары. Не алкаголікі, не прастытуткі, не нармаканы — адукаваныя людзі. Ну не можа такая колькасць памыляцца.

Усе пытанні праз выбары. Ведаю, што і на нашым участку былі парушэнні. Я вельмі была здзіўлена, калі не запрасілі назіральнікаў з-за мяжы: калі ўсе за цябе, то пакажы, што ўсё ў парадку, усё адкрыта. А тут мы сядзелі як птушкі на лавачцы і яўку фіксавалі — ну гэта ж ненармальна.

«Наша Ніва»: У вашым акружэнні засталіся людзі, якія падтрымліваюць Лукашэнку?

Наталля Наважылава: Не.

Ну калі маім бацькам па 90 і яны ходзяць на маршы пенсіянераў, пра што казаць?

У маім акружэнні ёсць людзі, якія займаюць нейтральную пазіцыю — я іх таксама разумею. У іх, магчыма, ёсць, што губляць. 

Павялічыць

Наогул, калі ў мяне на працы нешта не ідзе, то не супрацоўнікі вінаватыя, а я няправільна арганізавала працэс. Калі народ абураецца і хоча перамен, значыць, нешта ў каралеўстве не зусім нармальна — трэба ісці і размаўляць. А ўжо два месяцы напружаная абстаноўка ў Беларусі, ніхто не можа працаваць спакойна. І гэта ні да чаго добрага не вядзе, апроч таго, што сыплецца краіна.

«Наша Ніва»: Што адчуваеце, гледзячы на маршы?

Наталля Наважылава: Радасна, што народ наш саспеў. Гэта як цяжкія роды. Грамадства раззлавалася, але хоча вырашаць пытанні мірным шляхам. Беларусы ж упартыя: калі нам трэба апрацаваць зямлю да заходу сонца, то мы зробім гэта. Я бачу рашучых людзей і іх жаданне не спыняцца. 

Гэта ўжо як праца — гуляць па нядзелях. Людзі адно адно падтрымліваюць, я сама часам старыкоў дадому падводжу.

«Наша Ніва»: А страх быць затрыманай ёсць у вас?

Наталля Наважылава: Абсалютна не. Я ж вырасла на фільмах «Добраахвотнікі», «Маладая гвардыя». Калі ты ўпэўнены, што маеш рацыю, то развярнуцца немагчыма.

«Наша Ніва»: Нястрашна нават пасля заявы МУС пра гатоўнасць ужываць баявую зброю?

Наталля Наважылава: Ну вось гэта я яшчэ асэнсоўваю. У мяне такое адчуванне, што нам аб’явілі вайну. Па пенсіянерах будуць страляць? Па сваіх маці і бабулях? Вось гэта страшна. Я калі пачула — у мяне мурашкі па целе. Спадзяюся на разважлівасць кіраўніцтва краіны. Хацелася б сказаць, каб не дапусцілі памылкі.

Наталля Лубнеўская

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

3
пилот / адказаць
14.10.2020 / 11:18
Досточтимая Наталья слово в слово подтвердила высказывание Паоло Куэльо: - "Вот это и есть свобода - чувствовать то, чего желает сердце не заботясь о чужом мнении."
2
Фёдор. / адказаць
14.10.2020 / 12:23
Вот что должна была сказать Домрачева!!!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2019 2020 2021
верасень кастрычнік лістапад
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30 31