Знайсці
13.10.2020 / 16:1113РусŁacБел

«Дачка крычала: «Мама, мне балюча!» Чаму 12-гадовая дзяўчынка ў Пінску напала з нажом на аднакласніц

Цяпер шасцікласніца Аліна знаходзіцца ў рэанімацыі. Напярэдадні дактары прааперавалі дзяўчынку. Як кажа мама пацярпелай, нож наскрозь прайшоў праз печань, яе прыйшлося зашываць, акрамя таго закранутыя два рэбры. У бальніцы і іншая школьніца, тая, што напала на аднакласніц з нажом. З ёй працуюць псіхолагі, піша Tut.by.

Фота Дзмітрыя Брушко, Tut.by

— Вось толькі вяртаюся з бальніцы. Аліна ў рэанімацыі, выйшла з цяжкага стану, трохі адышла і ўжо размаўляе з дактарамі, яны проста малайцы, — распавядае Вольга, мама пацярпелай дзяўчынкі.

Тое, што адбылося ў школьнай распранальні ў Пінску ў панядзелак раніцай, спрабуюць зразумець і бацькі, і дактары, і настаўнікі. Шасцікласніца адной з пінскіх школ Айнура (усе імёны зменены па этычных меркаваннях) з нажом накінулася на Аліну і Аню. Нібыта тыя знаходзіліся ў яе ў чорным спісе.

— Аліна сама мне патэлефанавала, калі ўсё адбылося, крычала: «Мама, мне балюча, Айнура разрэзала нажом жывот. Мама, хачу да цябе», — кажа Вольга, ногі падкасіліся, яна не магла знайсці ў тэлефоне ніводнага патрэбнага нумара, на дапамогу кінуліся калегі. — Датэлефанавалася настаўніцы, яна таксама заікаецца, у шоку. У школу я забягала разам з міліцыяй і хуткай. Думала, можа, там драпінка. А потым дасталі насілкі, выносіць Аліну дапамагала міліцыя. Яна плакала, трымалася за мяне, я прасіла яе толькі не засынаць: «Я з табой!» Давезлі да рэанімацыі — і ўсё, экстранная аперацыя. Розумам ледзь не кранулася, пакуль чакала. Аліне наскрозь пракалолі печань, закранутыя два рэбры. Дактары зашылі, спынілі крывацёк. Пакуль мяне да дачкі не пускаюць, калі яе перавядуць у аддзяленне хірургіі, змагу ўбачыць Аліну.

Пацярпела і Аня, яшчэ адна вучаніца 6-га класа, яе пасля медыцынскага агляду вырашылі не шпіталізаваць.

Як лічыць мама Айнуры, у яе дачкі здарыўся нервовы зрыў з-за булінгу. Пакуль мы гаворым, яна некалькі разоў паўтарае: «Нічога не прадвяшчала гэтага».

— Гэта ўсё ідзе з першага класа, канфлікт быў і летась, і пазалетась. Абмяркоўвалі гэта з настаўнікам, з дзяўчынкамі, каб неяк урэгуляваць. Цяпер сталі казаць, што Айнура тоўстая, хоць яна проста ўкормленая дзяўчынка, казалі пра нацыянальнасць. Абзывалі кыргызкай, японкай з-за вачэй (бацькі дзяўчынкі родам з Азербайджана), — распавядае Зара, мама Айнуры. — Дачка шмат чаго не распавядала, але казала, што не хоча хадзіць у школу. Ніхто не звяртаў на гэта ўвагу: большасць дзяцей не хочуць. Айнура — спакойнае дзіця, яе хваляць у музычнай школе. Нават не ведаю, што яе падштурхнула на гэта, нічога ж не прадвяшчала.

Па словах жанчыны, пытанне пераходу ў іншую школу не разглядалася.

— Я сама вучылася ў гэтай школе, мяне таксама абзывалі, былі канфлікты. Школа не можа быць без гэтага. Я прайшла гэты этап, і нармальна ўсё, не зламалася, — адзначае Зара. — У верасні дачка расказвала, што з ёй не размаўляюць усе дзяўчынкі ў класе, я раіла знайсці агульныя інтарэсы, імкнуцца быць разам, не адлучацца. Потым Айнура казала, што ўсё ўжо добра, праўда гэта ці не — не ведаю. Мне не падабалася, што яе саджалі адну за парту.

Зара ўспамінае, як добра прайшлі выходныя ў сям'і, усё было спакойна. Што здарылася потым — незразумела.

— Гэта цяпер Айнура кажа, што яе кожны дзень прыніжалі. У тую раніцу аднакласніцы сказалі, што ў яе непрыгожая і нямодная фізкультурная форма, хоць яна звычайная. Мы не бедная сям'я, да верасня закупілі новую адзежу. Яшчэ дачцэ казалі, што яна тоўстая, непрыгожая, чурка. Калі мне патэлефанавалі і ўсё распавялі, была ў шоку. Цяпер Айнура ў бальніцы, з ёй працуюць псіхолагі, яна не памятае, як яна гэта ўсё зрабіла, толькі сказала дзяўчынкам, што яны ў яе ў чорным спісе. Нам сказалі сёлета перайсці на хатняе навучанне, можа, потым памяняем школу. А лекары параілі пераехаць на радзіму ў Азербайджан, раптам Айнуры там будзе лепш, — кажа Зара.

Жанчына мяркуе, што дзяўчынка ўзяла дома кухонны нож на ўрок працы. Але ў гэтай версіі сумняваецца Вольга, мама пацярпелай школьніцы. Кажа, у панядзелак сапраўды павінна быць праца, дзеці збіраліся гатаваць макароны з падліўкай, бацькі ім далі прадукты, але пра нажы гаворка не ішла.

Што ж тычыцца булінгу, Вольга каментуе гэта так:

— У Аліны і Айнуры не было канфлікту, Айнура як бы сама па сабе.

Следчы камітэт разбіраецца ў тым, што адбылося ў школьнай распранальні.

Кацярына Барысевіч, Tut.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930