Знайсці
07.10.2020 / 07:5811РусŁacБел

Сацыёлаг Коршунаў: Мы не рэжым зрынаем — мы сцвярджаем сябе і перасцвярджаем дзяржаву

Фота Надзеі Бужан

«Адразу ўлада і расейцы спрабавалі аплікаваць на Беларусь украінскія метадычкі. Потым многія спрабавалі правесці для Беларусі грузінскія, армянскія, чэшскія, румынскія і ўсякія іншыя паралелі. Цяпер вось многія выказваюць захапленне кіргізскімі падзеямі…

Ад лукавага такія метадычкі, паралелі, алюзіі, — піша Генадзь Коршунаў у сваім фб. —

Калі не ленавацца і напружыць мозг (гэта складана, але для большасці — рэальна), то стане відавочна некалькі простых рэчаў:

— сёлетнія беларускія пратэсты — гэта вынік назапашвання пратэснага патэнцыялу за апошнія два дзясяткі гадоў. Іншыя былыя рэспублікі гэты «постсавецкі» вопыт прапрацоўвалі ў некалькіх «рэвалюцыйных цыклах», марнавалі пратэсны патэнцыял ужо неаднаразова (за выключэннем Расіі). Мы — не. Менавіта таму нашы пратэсты такія маштабныя. І гэта добра;

— беларускія пратэсты вельмі адрасныя і канкрэтныя — яны маюць салідарную антылукашэнкаўскую арыентацыю і гранічна прававы, кансерватыўны характар. Людзі пратэстуюць супраць беззаконня, людзі хочуць вяршэнства Закона.

Нашы пратэсты маюць кантаўскі характар, яны іманентна маральныя, этычныя і таму «ўнутрана законныя». І гэта правільна;

— беларускія пратэсты канстытуцыйныя — і па ўнутраным перакананні людзей у тым, што яны паступаюць «па праве», і (што значна важнейшнае) па канструктыўнай інтэнцыі, па памкненні канстытуяваць нармальныя падставы сацыяльнага быцця. І гэта стратэгічна;

— аб'ядноўваючы тры вышэйпаказаныя пазіцыі (назапашаны пратэст, узаемная павага і імкненне да вяршэнства закона, а таксама не разбуральны, а сцвярджальна-канстытуцыйны характар «пратэсных» мерапрыемстваў), я бачу беспрэцэдэнтнасць і стратэгічнасць таго, што цяпер разгортваецца ў Беларусі.

Беспрэцэдэнтнасць — гэта значыць, што так, як у нас цяпер, не было ні ў каго. Таму няма чаго шукаць адкатаных рэцэптаў вырашэння сітуацыі. Нам не патрэбны ні «раскол эліт» (таму што эліт у нас няма), ні дапамога Усходу/Захаду (таму што гэта бескарысна), ні раптоўнага «адрачэння ад трона» (таму што гэта зробім не мы, а яны), як бы ўсяго гэтага ні хацелася.

Стратэгічнасць — гэта пра тэктоніку працэсаў, якая трансфармуе-перакадоўвае базавыя падставы беларускай нацыі, грамадства і дзяржавы. Так, не больш за тое, але і не менш.

Менавіта цяпер фармуецца досвед, які інтэгруе нацыю,

менавіта цяпер сцвярджаецца новая нацыянальная ідэнтычнасць,

менавіта цяпер мы доследным шляхам творым сваю нацыянальную ідэю,

менавіта цяпер мы анталагізуем сваю сістэму каштоўнасцяў,

менавіта цяпер мы самым натуральным чынам праходзім шлях нацыянальна-грамадзянскага самасцвярджэння…

Цяпер мы не рэвалюцыю робім і не рэжым зрынаем — мы сцвярджаем сябе і перасцвярджаем дзяржаву. І я рады, што ў нас ёсць для гэтага час, што мы робім гэта мірна і разумна, што мы не ідзём на повадзе ў дарадцаў і правакатараў.

Мы ўтоптваем пляцоўку пад фундамент, выбіраем шматтонныя валуны пад куты і стогадовыя бярвёны пад сцены вялікага будынка — нацыі і дзяржавы», — піша Коршунаў.

Генадзь Коршунаў — экс-дырэктар Інстытута сацыялогіі Акадэміі Навук, звольнены «па пагадненні бакоў» пасля таго, як ён пацвердзіў, што рэйтынг даверу Лукашэнкі ў Мінску складаў 24%, а рэйтынг даверу ЦВК — 11%.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера