Знайсці
06.10.2020 / 14:003РусŁacБел

Жонка: Павел Севярынец моцна застудзіў ногі, калі яго пакінулі ў камеры без абутку

Жонка палітвязня Паўла Севярынца распавяла «Народнай Волі» апошнія навіны пра мужа, якога не так даўно наведала адвакат.

— Ясная справа, што ў Паўла асаблівых навін няма, ён толькі пытаецца, што ў нас адбываецца, —гаворыць Вольга Севярынец. — Адвакат наведвае яго раз на два-тры тыдні, каб распавесці яму пра апошнія падзеі на волі.

Тыдзень таму мне званіла новая следчая, шукала нумар Пашынай адвакаткі. Спачатку ягоную крымінальную справу вёў мужчына, а цяпер патэлефанавала жанчына, прадставілася следчай, прозвішча назвала, але я не запомніла. Толькі запыталася: відаць, рыхтуецца новы допыт Паўла? Яна адказала, што так. Але адвакату ніхто пакуль не паведамляў пра новыя следчыя дзеянні.

— Лісты ад Паўла даходзяць?

— Так, просіць мяне «Беларусалімам» займацца, кнігі прадаваць. У лістах больш просьбаў ад яго, пра сябе і пра ўмовы ўтрымання ён ніводнага сказа не піша! Ведаю, што ў камеры ён да нядаўняга часу быў з мужчынам, які чакае дэпартацыі. У адным з лістоў пісаў, што яны нават лячыліся разам, бо Паша моцна застудзіў суставы, калі яго пакінулі без абутку, які недзе згубіўся. І, як я зразумела, лекаванне не асабліва дапамагае, бо ён ужо, здаецца, больш за месяц лечыцца, а боль у каленях не знікае.

Прасіў кавы яму перадаць, але, як я зразумела, не для сябе, бо ён такі тып кавы не п’е. І канвертаў для замежжа яшчэ прасіў, бо з-за мяжы яму нават пішуць. Увогуле, яму перадалі каля 40 лістоў напрыканцы верасня, ён на кожны адказвае. І я ведаю, што прынамсі да нашых сяброў гэтыя лісты даходзяць.

Яшчэ піша, што наша расстанне з ім будзе не надта доўгім, але і не кароткім. Ён мяркуе, што пасядзець яму прыйдзецца. Піша, што рыхтуецца да горшага, каб потым жыццё было прыемным сюрпрызам. Ну а як яно будзе — ніхто не ведае.

— А пад заклад не спрабавалі яго вызваліць?

— Трэба будзе паразмаўляць з адвакатам. Але сумняваюся, што гэта спрацуе.

Дарэчы, Павел просіць, каб да яго пусцілі святара. Але пакуль адмаўляюць — маўляў, каранавірус. Але ж адвакат да яго ходзіць, чаму святар тады не можа наведваць зняволеных, прадпрыняўшы адпаведныя меры бяспекі? Магчыма, сітуацыя зменіцца…

Адвакат гаворыць, што Павел выглядае бадзёра, жартуе, а яшчэ як можа беларусізуе тых, хто працуе ў следчым ізалятары. Калі раней ён быў лысы, бо пагаліўся, то цяпер і валасы ўжо адраслі…

— Ведаю, што вы з сынам вярнуліся ў Мінск літаральна за дзень да таго, як даведаліся, што вашы бацькі захварэлі на каранавірус…

— Так, гэта праўда. Калі хто хоча ехаць на Нарач у санаторый, то не рэкамендую.

— Вашы бацькі не ў шпіталі?

— Пакуль не, і іх нават на КТ да нядаўняга часу не маглі адправіць. Выслалі ім пульсаксіметр, каб за кіслародам сачылі. Але я ведаю, што на Нарачы былі выпадкі, калі людзі быццам бы папраўляліся і адчувалі сябе адносна нармальна, і тэмпературы ў іх не было, але КТ паказвала пнеўманію. Таму трэба берагчыся!

Марына Коктыш, Народная воля

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера