Знайсці
02.10.2020 / 15:2522РусŁacБел

Акрываўлены мужчына кажа міліцыі: «Я памыліўся палітычнымі поглядамі». Што пра яго вядома?

«У Мінскім раёне пяцёра мужчын пашкодзілі аўто жонкі міліцыянера», — паведаміла міліцыя 29 верасня. Апублікавалі і відэасюжэт: мужчыны пакінулі свае машыны ў лесе, прыйшлі пехатою да дома міліцыянера. Тое аўто аблілі фарбай, пазалівалі дзверы мантажнай пенай, прабілі колы.

На відэа запісалі і словы аднаго з затрыманых, адразу пасля таго, як ён трапіў у рукі міліцыі. Збіты мужчына ў крыві кажа: «Памыліўся палітычнымі поглядамі».

Называе ён і сваё імя: Антон Быкоўскі, 38 гадоў.

Антон з жонкай Дар’яй жывуць за горадам, маюць вялікую гаспадарку. Вырошчваюць дурніцы, гадуюць на продаж сабак экзатычнай пароды Сіба-іну, Антон яшчэ займаецца рэптыліямі, мае свой невялікі серпентарый. Акрамя таго, ён працуе дзіцячым трэнерам па дзюдо. Жонка Дар’я — праграміст-фрылансер. Пара гадуе дваіх дзяцей Дар’і ад папярэдняга шлюбу.

Антон і Дар'я

«Позна ўвечары 28 верасня Антон кудысьці паехаў. Сказаў, што па працы, ёсць неякія справы. Я захвалявалася, папрасіла, можа, не варта ехаць, але ён апошнім часам мяне не асабліва слухаў. Больш Антона я не бачыла», — распавядае «Нашай Ніве» Дар’я.

У той вечара Антона і яшчэ чатырох мужчын і затрымалі ля машыны жонкі міліцыянта. На наступны дзень у дом Антона і Дар’і прыйшлі з вобшукам.

«Прыйшлі недзе каля 6-7 вечара. Тады я і даведалася, што здарылася. Нашу хату і гаспадарку ўсю перавярнулі падчас ператрусу. Пакінулі толькі мой мабільнік, усю астатнюю тэхніку забралі, усе камп’ютары і тэлефоны, нават камп’ютары і тэлефоны дзяцей. Забралі і мой ноўтбук, цяпер я не магу працаваць, — кажа Дар’я. — Знайшлі 500 еўра — іх таксама забралі. Сказалі: радуйся, што не забіраем цябе».

Відэа са збітым Антонам, якое апублікавала міліцыя, Дар’я ўбачыла ўжо позна ўвечары пасля ператрусу.

«Я не ўяўляю, з кім ён быў. Можа, у тэлеграм-каналах штосьці прачытаў, я не ведаю. Падчас пратакола гучалі нейкія імёны тых мужчын, якія былі з Антонам, але я іх упершыню чула. Гэта не нейкія блізкія сябры», — мяркуе Дар’я.

Падчас затрымання Быкоўскага моцна збілі.

«Мне перадалі яго словы. Даслоўна: «Мяне п***дзілі як толькі маглі і атрымлівалі ад гэтага асалоду». Антон расказаў, што спачатку спрабаваў збегчы, пасля зразумеў, што не атрымаецца і сам стаў на калені і падняў рукі. Супраціву не аказваў. Але, кажа, яго пачалі біць шокерам, ударылі нагой у галаву. У твар распылілі газ — вылілі цэлы балон», — расказвае Дар’я.

Антон пасля затрымання

Цяпер Антон у бальніцы, у яго праблемы з ціскам і з вачыма пасля газу. Ляжыць у неўралогіі. Каля яго палаты канвой, чатыры чалавекі».

Цяпер Антону Быкоўскаму пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі за хуліганства, якое здзейсніла група асоб.

«Раней у яго не было праблем з законам, хіба толькі аднойчы затрымалі на мітынгу, далі штраф 28 базавых. Яго, праўда, мы пакуль не сплацілі, бо грошай няма, — тлумачыць Дар’я. — Антон — прыстойны чалавек, добры трэнер, яго любяць дзеці і паважаюць дарослыя. Чаму ён пайшоў туды ў той вечар, я не ведаю. Можа, яго хтосьці падбіў ці яшчэ што…»

Цяпер, кажа Дар’я, да яе звяртаецца шмат людзей, прапануюць дапамогу.

«Але мне ўсё роўна страшна, — кажа жанчына. — Страшна за сваю бяспеку, страшна, што будзе далей. Ды і банальна страшна знаходзіцца ва ўласным доме: а раптам да нас зноў прыйдуць?»

Улад Швядовіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930